ЭСКАРЫЯ́Л,

помнік іспанскай архітэктуры 16—18 ст. у г. Эскарыял (гіст. вобласць Новая Кастылія), каля падножжа горнага хрыбта Сьера-дэ-Гвадарама. Ансамбль кляштара-палаца Сан-Ларэнса дэль Эскарыяль (1563—84, арх. Х.Б. дэ Таледа, Х.Б. дэ Эрэра) узведзены як каралеўская рэзідэнцыя Філіпа II у стылі позняга Адраджэння. Уяўляе сабой у плане вял. прамавугольнік (203 × 158 м) з высокімі сценамі, вуглавымі вежамі. Сіметрычна размешчанымі пабудовамі ён падзяляецца на 16 унутр. двароў [цэнтральны — Патыо дэль Рэёс (Двор Каралёў) аздоблены порцікамі з 6 тасканскіх калон, статуямі каралёў]. Уключае купальны сабор св. Лаўрэнція (кампазіцыйны цэнтр ансамбля), палац, семінарыю, кляштарную б-ку, барочны маўзалей-пахавальню («Пантэон каралёў»; завершаны ў 1654, арх. Дж.​Б.​Крэшэнцы). Інтэр’еры будынкаў аздоблены скульптурай і жывапісам (творы Ф. дэ Сурбарана, Эль Грэка, Х.​Рыберы, Д.​Веласкеса, П.​Веранезе, Б.​Чэліні, Рагіра ван дэр Вейдэна і інш.). Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Эскарыял.
Эскарыял. Фрагмент інтэр’ера.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)