ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,
баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супрацьням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У пач.крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн.партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.
Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1935—36,
каланіяльная вайна фаш. Італіі супраць Абісініі (Эфіопіі). Ініцыіравана італьян. дыктатарам Б.Мусаліні, які заявіў тэр. прэтэнзіі да Эфіопіі. 3.10.1935 італьян. войскі (усяго 377 тыс.чал., асн. сілы 250 тыс.) уварваліся ў Эфіопію з тэр. Эрытрэі (ч. эфіопскіх зямель, захопленых Італіяй у 1890) і Італьян. Самалі. Ім процістаяла слаба ўзбр. эфіопская армія (10 тыс. гвардзейцаў імператара Хайле Селасіе I і 350—450 тыс.чал. з фарміраванняў мясц. князёў). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне эфіопскай арміі і народа, італьян. войскі (каманд. маршал П.Бадольё) 5.5.1936 занялі сталіцу Адыс-Абебу, да лют. 1937 акупіравалі ўсю краіну. Каб задушыць супраціўленне народа Эфіопіі, італьян. камандаванне шырока выкарыстоўвала атрутныя рэчывы, праводзіла масавы тэрор. За час вайны і акупацыі Эфіопіі загінула 760 тыс. воінаў і жыхароў краіны. Эфіопія вызвалена ад акупантаў у студз.—ліст. 1941 у выніку сумесных дзеянняў эфіопскіх партызан і англ. войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІ ((Konarski) Шыман) (17.3.1808, в. Дабкішкі Аўгустоўскага пав., Польшча — 11.3.1839),
дзеяч нац.вызв. руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У складзе корпуса ген. Хлапоўскага ўдзельнічаў у баях каля Гайнаўкі, Ліды, Вільні. Пасля паражэння паўстання жыў у Прусіі, Францыі. У 1833 удзельнічаў у ваен. экспедыцыі. якую рыхтаваў Ю.Заліўскі. Арыштаваны аўстр. ўладамі ў Кракаве, але адпушчаны. Жыў у Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі. Зблізіўся з Х.Лялевелем. Адзін са стваральнікаў арг-цый «Маладая Польшча» (1834) і «Садружнасць польскага народа» (1835). У 1834 у Парыжы выдаваў двухтыднёвік «Północ» («Поўнач»). У 1835 вярнуўся ў Кракаў, потым нелегальна ў Расію. Дзейнічаў на Украіне, Беларусі і ў Літве, меў на мэце падрыхтоўку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. Стварыў некалькі тайных ячэек арг-цыі «Садружнасць польскага народа», наладзіў сувязь з афіцэрамі і салдатамі царскай арміі ў Вільні, Бабруйску, Брэсце. У маі 1838 арыштаваны, расстраляны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (16.3.1892, в. Галуеўская Кастрамской губ., Расія — 17.9.1938),
расійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1915). У 1917 таварыш міністра харчавання ў Часовым урадзе, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя Ціміразева, дырэктар Кан’юнктурнага ін-та пры Наркамфіне. Прыхільнік т.зв. таварнай мадэлі сацыялізму. Выступаў супраць планаў фарсіраванай індустрыялізацыі, лічыў, што эканам. развіццё краіны вызначаецца магчымасцямі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. распрацаваў канцэпцыю вял. цыклаў кан’юнктуры. якая ўвайшла ў сусв. л-ру пад назвай «цыклы (хвалі) Кандрацьева». У 19.30 арыштаваны як кіраўнік сфабрыкаванай АДПУ «працоўнай сялянскай партыі», у 1932 прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Расстраляны.
Тв.:
Основные проблемы экономической статики и динамики: Предварительный эскиз. М., 1991;
Избр. соч. М., 1993;
Особое мнение: Избр. произв.Кн. 1—2. М., 1993.
Літ.:
Ефимкин А.П. Дважды реабилитированные: Н.Д.Кондратьев. Л.Н.Юровский. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫІ,
часовыя саслоўныя паліт. саюзы ў Рэчы Паспалітай для дасягнення пэўнай мэты. Узніклі ў Польшчы ў 14 ст., у ВКЛ у 16 ст. Былі адна- і шматсаслоўныя. З 16 ст. існавалі пры каралях для падтрымкі іх рашэнняў і К., накіраваныя супраць каралёў. Калі да К. далучаліся ўсе ваяводствы ці большасць іх, яна наз. генеральнай і магла выконваць функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. Кіруючым органам К. была вальная рада, якая адпавядала сейму і выбіралася канфедэрацкімі сеймікамі. Узначальваў К. і вальную раду маршалак. Для ўнутр. бяспекі і захавання цэласнасці дзяржавы К. стваралі каптуровыя суды і канфедэрацкія суды. Генеральныя К. маглі стварацца асобна ў Польшчы і ВКЛ. У 18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічалі Віленская канфедэрацыя 1716, Слуцкая канфедэрацыя 1767, Радамская канфедэрацыя, Барская канфедэрацыя, Таргавіцкая канфедэрацыя. Стварэнне К. забаранялася навечна сеймам 1717, Чатырохгадовым сеймам 1788—92, Канстытуцыяй 3 мая 1791, але яны ўсё ж узнікалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы
(пл. экспазіцыі 396 м²),
каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял.Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супрацьням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц. рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.Розіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі партызанскіх атрадаў М.П.Бумажкова, А.П.Пакуша, У.Ц.Шантыра, Р.І.Краўца, М.Б.Храпко супрацьням.-фаш. захопнікаў у Глускім і Акцябрскім р-нах у жн. 1942 у Вял.Айч. вайну. Аперацыя праведзена паводле рашэння штаба партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. з мэтай разграміць варожы гарнізон у в. Катка, які прыкрываў дарогу на Глуск, рабаваў і знішчаў жыхароў суседніх вёсак. Кіраваў аперацыяй нам. камандзіра партыз. злучэння М.П.Канстанцінаў. 9 жн. 300 варожых салдат з 2 гарматамі выйшлі з в. Катка ў в. Харомцы; раніцай 10 жн. атрады Бумажкова, Пакуша, Краўца і Шантыра раптоўным ударам выбілі праціўніка з в. Харомцы. Потым разам з атрадам Храпко пераправіліся цераз р. Пціч і ў баях з 19 да 22 жн. разбілі гарнізоны ў в. Халопенічы, Слабодка, Бярозаўка, авалодалі в. Катка. Вёску Харомцы партызаны ўтрымлівалі да снеж. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супрацьвял.кн.ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.