кружы́ць, кружу, кружыш, кружыць; незак.
1. каго-што. Прыводзіць у кругавы рух, застаўляць рухацца па кругу; круціць, вярцець. [Кавалеры] хвацка кружылі сваіх дам. Колас. Кружыць лісце вецер, Рве салому з хаты. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і кружыцца (у 2 знач.). Высока ў паднябессі, сумна і адзінока, кружыць коршак — няўжо адтуль выглядае сабе здабычу? Сачанка.
3. Ісці, зварочваючы ў бакі, часта мяняючы напрамак руху; блукаць. Пятнаццаць дзён мы кружылі бясконцымі дарогамі па пярэстых і залатых лясах, па карчэўю балот, па зжатых і сумных палях, дзе на іржэўніку завівалася павуціна і пражэрліва крычала вараннё. Каваль. Лявонка пабег на голас. Доўга кружыў па сцяжынках, прабіраўся праз густы бярэзнік. Шуцько.
4. Узнімаць снег, пыл, месці (пра мяцеліцу, завіруху і пад.). На двары кружыла мяцеліца. Галавач.
•••
Кружыць галаву — а) выклікаць галавакружэнне. Кружылі мядовым водарам галаву ліпы. Васілевіч; б) перан. пазбаўляць магчымасці разважаць, аб’ектыўна адносіцца да навакольнага. Поспех кружыць галаву.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; незак., каго-што.
1. Мерна рухаць зверху ўніз або з боку ў бок; гайдаць, хістаць. Ветрык паволі калыхаў у руцэ лісток пісьма. Алешка. Там, у бяскрайняй вышыні, вецер калыхаў сцягі. Шамякін. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі.
2. чым. Рабіць чым‑н. мерныя павольныя рухі; ківаць. Калыхаць нагою.
3. Гайдаючы калыску, спяваючы калыханку, усыпляць (дзіця). За.. пераборкаю батрачка Матруна калыша дзіця маладой пары. Гарэцкі. // Навяваць сон (пра гукі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.
4. перан. Парушаць, абуджаць (цішыню, спакой). Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Не салоўка голасам пявучым Над ракой калыша ціхі гай. З нар. // Парушаць душэўны спакой, хваляваць. Сцёпка доўга стаяў, любуючыся горадам, і нейкае новае адчуванне калыхала яго, прыцягвала да гэтага горада і ў той жа час палохала і непакоіла. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. заеў, ‑ела; зак., каго-што.
1. Кусаючы, грызучы, давесці да смерці; загрызці. Воўк заеў каня. // Даняць, замучыць укусамі (пра насякомых). Камары чуць не заелі.
2. чым. З’есці што‑н., каб заглушыць непрыемны смак ад з’едзенага ці выпітага раней. Заесці лякарства цукрам. □ У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Замучыць, дапячы папрокамі, прыдзіркамі і пад. — А не паступлю [у інстытут], дык цяпер паеду! Каб вы мяне тут не заелі да смерці! Мехаў. // перан. Аказаць згубны ўплыў на каго‑н. Нуда заела. □ — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Колас.
4. безас. Зашчаміць, перакасіць, перашкаджаючы руху. Руль заела. □ У кулямёце, відаць, нешта заела, партызан злосна стукаў кулаком па дыску. Жычка.
5. безас. Разм. Балюча крануць, глыбока ўсхваляваць. Яшчэ Валодзьку заела, што Надзя за два дні столькі грошай растранжырыш. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.
2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.
3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́рань, ‑рня, м.
1. Разумова абмежаваны, тупы чалавек. [Паўлінка:] Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе! Купала. Выйшаў дурань з лесу і забыўся, па што яго браты паслалі. Якімовіч. Дурню агню ў рукі не давай. З нар. // Ужываецца як лаянкавае слова. — Тфу, дурань! — аблаяў сам сябе Сцёпка і дадому пайшоў. Колас. // Уст. Юродзівы.
2. (толькі з адмоўем: не дурань); у знач. вык., з інф. Разм. Майстар на што‑н., ахвотнік да чаго‑н. Не дурань паспаць. Не дурань паесці.
3. Адзін з відаў гульні ў карты. Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.
•••
Застацца ў дурнях гл. застацца.
Знайшоў (знайшлі) дурня гл. знайсці.
Набіты дурань — пра вельмі тупога, абмежаванага чалавека, няздольнага разважаць, думаць.
Няма дурняў гл. няма.
Пакінуць у дурнях гл. пакінуць.
Пашыцца ў дурні гл. пашыцца.
Строіць дурня гл. строіць.
Шукаць дурняў гл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.
1. каго-што. Прысунуць блізка да каго‑, чаго‑н. [Палагея] наблізіла твар да самай шыбы. Шамякін. // Зрабіць больш блізкім у прасторавых адносінах, змясціць блізка або бліжэй да чаго‑н. Наблізіць вытворчасць да крыніц сыравіны. □ [Грушэўскі:] — Горад трэба наблізіць больш да прыроды. Мурашка.
2. перан., што. Зрабіць такім, які адпавядае інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н. Уся работа з’езда [пісьменнікаў Беларусі] была прасякнута імкненнем наблізіць літаратуру да надзённых задач сучаснасці. Гіст. бел. сав. літ.
3. што. Зрабіць больш блізкім па часу, паскорыць надыход чаго‑н. Сваімі баявымі справамі партызаны і падпольшчыкі намнога наблізілі час вызвалення Беларусі. «Маладосць».
4. каго. Дапусціць да больш блізкіх адносін з кім‑, чым‑н. Здарэнне з Максімам не аддаліла ад яго Веру, а наадварот, наблізіла. Машара.
5. каго-што. Зрабіць падобным на каго‑, што‑н., блізкім да каго‑, чаго‑н. Наблізіць пераклад да арыгінала. □ Каб наблізіць сваю ролю да ролі прамоўцы на сходзе, Пракоп кашлянуў, устаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падасла́ць 1, ‑дашлю, ‑дашлеш, ‑дашле; ‑дашлём, ‑дашляце; зак., каго-што.
1. Паслаць, накіраваць спецыяльна, з якой‑н. тайнай мэтай. Я ўжо не сумняваўся, што Сцяпана падаслалі, каб выведаць, што я ведаю пра іх справы. Асіпенка. Можа гэта.. [Люба] падаслала сваю маці, каб тая і Шуру адгаварыла ехаць [у вёску]. Арабей.
2. Прыслаць, даставіць дадаткова. Падаслаць рабочых на будаўніцтва. Падаслаць яшчэ адну фурманку. Падаслаць грошай да стыпендыі.
3. Разм. Своечасова, к пэўнаму моманту, прыслаць. [Кастусь:] — Ты, брат, як ведаў, што я да цябе збіраюся: падводу падаслаў. Якімовіч.
падасла́ць 2, падсцялю, падсцелеш, падсцеле; зак., што і чаго.
Паслаць што‑н. пад каго‑, што‑н. Падаслаць кажух пад бок. Падаслаць пярыну. □ — Эх, — уздыхнуў Лабановіч, — каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Колас. // каму, каго і без дап. Пакідаць подсцілу пад ногі жывёле. Падаслаць карове. Падаслаць гусей. □ Раз у тыдзень, а можа і радзей, браў.. [Сымон] жытнюю салому, каб падаслаць у хлявах. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; заг. падзень; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).
Разм.
1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. [Тамаш:] — Дзе ж ты, сынку, запалкі падзеў? Чорны. // Схаваць, некуды звесці. [Дзеці:] — Куды нашых настаўнікаў падзелі? Сабаленка.
2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца сховішча, прытулак і пад. Юзя не ведала, дзе падзець драбавік. Бажко. — Вось забралі цябе ў палон, душылі голадам — і маўчаў. Уцёк і ўсё тваё ўцякло з табой. А я куды ўцяку? Дзе іх падзену? — бацька паказаў на прыціхлых дзяцей, якія ўважліва слухалі гаворку дарослых. Навуменка. // Зрасходаваць, патраціць; выкарыстаць. [Чарняхоўскі] не ведаў, куды падзець энергію, якая бурліла ў ім. Мележ. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Колас.
•••
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы падзець гл. ведаць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі падзець гл. ведаць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе падзець гл. ведаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы ўсіх, многіх або ўсё, многае. [Рыль:] — Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Пазбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу паставіць ды даць ім добрага камандзіра. Колас.
2. Падабраць, падняць усё тое, што ўпала, рассыпалася і пад. [Фаня:] — Трэба гэты гарох пазбіраць, а то тут можна ўпасці. Чорны. // Падабраўшы, скласці ў адно месца ўсё, многае. [Маці] схадзіла на гарод, пазбірала ў адну кучу альховыя тычкі, якімі падпірала ўлетку фасолю. Чыгрынаў. І калі хлопцы пазбіралі ды спалілі ўсё бліжэйшае галлё, тады толькі яны наваліліся на зямлю і паснулі. Маўр.
3. Скласці, саставіць з розных частак многа чаго‑н. Пазбіраць станкі.
4. Размясціць у выглядзе складак, зборак што‑н. або ўсё, многае. Пазбіраць складкі на сукенцы.
5. і чаго. Збіраць што‑н. на працягу нейкага часу. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня, пазбіраць грыбоў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастая́ць, ‑стаю́, ‑стаі́ш, ‑стаі́ць; зак.
1. Стаяць некаторы час. Кравец пастаяў хвілін з пяць і пачаў чагосьці шукаць у прырэчным чароце. Чорны. — З тыдзень яшчэ восень пастаіць. Якімовіч. Пастаяў [Макарчык] у парозе і раптам пасунуўся да мяне. Адамчык.
2. за каго-што. Абараніць, засцерагчы ад чаго‑н.; ахаваць каго‑, што‑н. Пастаяць за волю. □ — А ты не клапаціся, мы то ўжо адзін за аднаго пастаім. Лынькоў. Селянін Багушэвіча — пакутнік, пакутуе і селянін Купалы, але ў той жа час ён гатовы пастаяць за сябе, нават пайсці на смерць дзеля сваёй свабоды. Навуменка.
3. заг. пасто́й(це). Ужываецца ў значэнні: пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся). — Пастойце! — гукнуў Панця і рушыў следам. Кулакоўскі. — Гэй, ты, пастой! — настойліва паклікаў Отта Штрайх сівога чалавека. Лынькоў. // Ужываецца для перадачы нязгоды. — Ты нездаволены, як бачу, Але пастой, Міхал, даслухай, Тагды ты ўжо глуздом парухай. Колас.
•••
Пастаяць галавой за каго‑, што‑н. — абараніць каго‑, што‑н., не шкадуючы свайго жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)