спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіхідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАНСКІ (Іван) (паміж 1545—50, г. Судовая Вішня Львоўскай вобл., Украіна — пасля 1620),
украінскі пісьменнік. Прадстаўнік палемічнай літаратуры. У 1570-я г. стаў манахам-пустэльнікам, перасяліўся на Афон (Грэцыя), дзе пачаў літ. дзейнасць. Творы Вышанскага прымеркаваны да канкрэтных падзей тагачаснага жыцця ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Абараняў праваслаўе, асуджаў нац. і сац. прыгнёт. Прапаведаваў сац. утопію «царства божага», заснаванага на брацтве і роўнасці ўсіх перад Богам, ідэал чалавека бачыў у аскетызме. Аўтар пасланняў і палемічных трактатаў (вядома 16), адметных публіцыстычнай вастрынёй, прастатой мовы, эмацыянальнасцю, багаццем фалькл. сродкаў. Пры жыцці надрукаваў толькі адно пасланне ў «Астрожскай кніжыцы» (1598). На яе ўзор склаў «Кніжку», куды ўключыў 10 твораў канца 16 ст. з дзвюма прамовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫ́ЛЫ ((Gigli) Беньяміна) (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],
глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,
прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЛЬЯ́К, Кандыяк (Condillac) Эцьен Бано дэ (30.10.1715, г. Грэнобль, Францыя — 3.8.1780), французскі філосаф-асветнік. Член Франц. акадэміі (1768). Брат Г.Маблі. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Аўтар «Усеагульнай гісторыі чалавека...» (каля 1770—73). Развіў сенсуалістычную тэорыю пазнання Дж.Лока. Усе псіхічныя працэсы. ад успамінаў і да мыслення і праяўлення волі, тлумачыў пераўтварэннямі пачуццёвых успрыманняў, якія ўяўляюць сабой адзіную крыніцу пазнання («Трактат аб адчуваннях», т. 1—2, 1754). Крытычна ставіўся да тэорыі прыроджаных ідэй Р.Дэкарга і манадалогіі Г.Лейбніца. Быў адным з заснавальнікаў асацыятыўнай псіхалогіі. У галіне паліт. эканоміі выступаў з крытыкай фізіякратаў («Аб выгадах свабоднага гандлю», 1776). Логіку разумеў як агульную граматыку ўсіх знакаў, уключаў у яе і матэматыку («Мова злічэнняў», 1798).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́НІЯ (Cladonia),
род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. Больш за 400 відаў. Пашыраны па ўсіх раслінна-кліматычных зонах. На Беларусі 48 відаў. Найб. вядомыя: К. бясформенная (C. deformis), зграбная (C. gracilis), карыёзная (C. cariosa), махрыстая (C. fimbriata) і інш. У Чырв. кнігу занесена К. дзірваністая. Трапляецца на пясчанай і багатай гумусам глебе, на гнілой драўніне. У хваёвых лясах утварае суцэльнае покрыва.
Першасная слаявіна гарыз., з ліставатых лускавінак, часам накіпная, доўга захоўваецца або хутка знікае; другасная — верт. вырасты (падэцыі): цыліндрычныя, простыя ці галінастыя, часам кубкападобныя. Рознакаляровыя апатэцыі ўтвараюцца на верхавінках падэцыяў. Сумкі цыліндрычныя, з 8 спорамі. Споры бясколерныя, пераважна аднаклетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Лек. і кармавыя расліны, індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ІТА́ЛІЯ»
(«Giovine Italia»),
тайная паліт.арг-цыя ў Італіі перыяду Рысарджымента; першая агульнаітальян. рэв.арг-цыя. Засн. ў ліп. 1831 Дж.Мадзіні ў асяроддзі італьян. эмігрантаў у г. Марсель (Францыя). Мела на мэце рэв. шляхам ліквідаваць раздробленасць Італіі і аб’яднаць яе ў адзіную (унітарную) дзяржаву са сталіцай у Рыме. У 1831—33 стварыла свае тайныя ячэйкі ва ўсіх тагачасных італьян. дзяржавах (найб. у Сардзінскім каралеўстве, Ламбардыі, Таскане і Папскай дзяржаве), нелегальна распаўсюджвала сярод італьянцаў час. «La Giovine Italia» («Маладая Італія», друкаваўся з 1831 у Марселі) і інш.рэв.-прапагандысцкія выданні. Пасля няўдалых спроб узняць паўстанні ў Сардзінскім каралеўстве (1833—34) часова спыніла дзейнасць; адноўлена вясной 1840. У сак. 1848 у Парыжы рэарганізавана Мадзіні ў «Італьян.нац. асацыяцыю».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.
Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.