род каровіных антылоп атр. парнакапытных. 2 віды: гну белахвосты (C. gnou, захаваўся пераважна ў нац. парках, занесены ў Чырв. кнігу МСАП) і гну блакітны (C. taurinus). Пашыраны ва Усх., Паўд. і Паўд.-Зах. Афрыцы ў травяністых і кустовых стэпах на раўнінах. Трымаюцца статкамі.
Даўж. цела 170—240 см, хваста 80—100 см, выш. ў карку 90—145 см, маса 160—270 кг. Целасклад моцны. Ногі тонкія, шыя кароткая. Галава вялікая, морда шырокая. Вочы маленькія. Рогі ў абодвух полаў, дугападобна загнутыя ўверх. На канцы хваста і пярэдняй ч. цела доўгія валасы. Афарбоўка ад жоўта-бура-шэрай да цёмна-бурай. Нараджаюць 1, радзей 2 дзіцянят. Кормяцца пераважна травяністымі раслінамі. Акліматызаваныя ў запаведніку Асканія-Нова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн.га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТВАЛЬД ((Gottwald) Клемент) (23.11.1896, с. Дзедзіца, Чэхія — 14.3.1953),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, з 1925 чл.ЦК і Палітбюро, з 1929 ген. сакратар ЦК КПЧ. У 1935—43 сакратар Выканкома Камінтэрна. З пач. 2-й сусв. вайны ў СССР. Адзін з кіраўнікоў вызв. барацьбы народаў Чэхаславакіі супраць ням.-фаш. акупацыі і арганізатараў чэхаславацкіх узбр. сіл. Пасля вызвалення ўсх.ч. Чэхаславакіі ўвайшоў у створаны 4.4.1945 у г. Кошыцы ўрад Нац. фронту, нам. старшыні ўрада. З 1945 старшыня ЦК КПЧ. З мая 1946 на чале кааліцыйнага ўрада. У час лют. падзей 1948 адыграў значную ролю ў прыходзе да ўлады КПЧ, узначаліў новы ўрад. 14.6.1948 выбраны прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі. Кіраваў працэсам буд-ва сацыялізму ў краіне паводле тагачаснай сав. мадэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БІН (Натан Барысавіч) (27.3.1893, г. Крамянчуг, Украіна — 17.1.1945),
дырыжор і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Прафесар. Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас кампазіцыі Я.Вітала). У 1925—37 і 1941—45 у т-рах оперы і балета Харкава, Свярдлоўска, Куйбышава, Пярмі, Ташкента. У 1938—41 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Бел. (1940—41) і Ташкенцкай (1941—45) кансерваторыях. Муз. кіраўнік пастановак нац. опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940). З іншых работ на бел. сцэне: «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1938), балет «Лебядзінае возера» (1938) і «Пікавая дама» (1941) П.Чайкоўскага, «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941), «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940). Аўтар камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЧЫК (Марат Казіміравіч) (н. 10.9.1962, в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1985), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас А.Генералава). З 1990 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага, прыгожага тэмбру, роўным ва ўсіх рэгістрах. Выконвае партыі пераважна драм. плана. Сярод лепшых партый: Свеціловіч («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Іешуа, Майстар («Майстар і Маргарыта» Я.Глебавай Ленскі, Вадэмон («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Паміна («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герцаг, Рычард («Рыгалета», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя Глінкі (1991, Алматы), дыпламант міжнар. конкурсу «Новыя імёны» (1991, Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДЗЬКА (Генадзь Браніслававіч) (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.Купалы), Драгун («Парог» А.Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Звон — не малітва» І.Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ КО́СМАСЕ 1967,
міжнароднае пагадненне аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел. Шматбаковы дагавор, у ім удзельнічае больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 27.1.1967. БССР падпісала дагавор 10.2.1967, ратыфікавала яго 23.6.1967. Паводле дагавора, даследаванне і выкарыстанне касм. прасторы павінна ажыццяўляцца ў інтарэсах усіх краін. Касм. прастора не падлягае нац. прысваенню: ёй могуць карыстацца ўсе дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы дагавора абавязваюцца не выводзіць на арбіту вакол Зямлі аб’екты з ядз. зброяй, не размяшчаць такую зброю на нябесных целах і ў касм. прасторы. Месяц і інш. нябесныя целы павінны выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКІ ((Dąbrowski) Ян Генрык) (2 ці 29.8.1755, Пяржовец, каля Кракава, Польшча — 6.6.1818),
польскі ваен. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1815). З 1771 у саксонскай, з 1792 у польск. арміі. Удзельнік паўстання 1794, вызначыўся пры абароне Варшавы ад рас. войск. У 1796—1814 у эміграцыі (з перапынкамі). У 1797 стварыў у Італіі легіёны польскія. У 1806 арганізаваў антыпрускае паўстанне ў Вялікай Польшчы. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў — кампаній 1806—07, 1809, 1812 (гл. ў арт.Бабруйская абарона 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). У кастр. 1813 — сак. 1814 галоўнакаманд. польск. войскамі ў складзе франц. арміі. У Каралеўстве Польскім сенатар-ваявода. Прысвечаная яму песня легіёнаў польскіх «Мазурка Д.» — нац. гімн Польшчы. Аўтар дзённіка (1864).
Літ.:
Pachoński J. General Jan Henryk Dąbrowski 1755—1818. Warszawa, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕЛА́ЙЦІС ((Donelaitis) Крысціёнас) (1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),
літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. —Чатыры пары года. 2 выд.Мн., 1983;
Рус.пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.
Літ.:
Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.