Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст. партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д.к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв.арг-цыяРСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.С.Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.
Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ ЛЮДО́ВА (АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),
узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл.ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс.чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням.акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-гаБел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДКА,
агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.
На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-гатыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш.нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВІ́ЗІЯ,
асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутных узбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш.вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.
У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.
Створаны ў 1992 y Маскве на базе Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр.дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн. спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш.Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр.СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал.ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЕЦ,
калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.
Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст. большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.
На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,
галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.
Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.Боп і дацкі вучоны Р.К.Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.
Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.Шпехт, Ю.Покарны, В.Пізані, Дж.Дэвота, В.Порцыг, В.У.Іванаў і інш.).
Літ.:
Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;
Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),
1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл.Камісарскі суд).
2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.
3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).
4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦКВКП(б).
5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц.ваен. кіравання.
6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́СКІ (Георгій) (у свеце Рыгор; 20.11.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795),
украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.