Глухі́ ’глухі’. Агульнаславянскае слова праславянскага характару. Параўн. рус. глухо́й, укр. глухи́й, чэш. hluchý, славац. hluchý, в.-луж. hłuchi, н.-луж. głuchy, польск. głuchy, балг. глух, макед. глув, серб.-харв. глу̑х, славен. gluh, ст.-слав. глоухъ. Прасл. *gluxъ. Асноўнае значэнне слова ’глухі’, але адзначаецца таксама ’пусты’, ’бясплодны і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 146. Аб гэтым слове напісана многа, але, паводле Трубачова (там жа, 146–147), найбольш пераканаўчым трэба лічыць тлумачэнне прасл. *gluxъ як экспрэсіўнай змены першапачатковага і.-е. *k̑lou̯s‑ (якое адносіцца да групы слав. слоў. *sluxъ, *slušati). Такое тлумачэнне даў у свой час Махэк₂ (170), які знайшоў у літ. мове адпаведныя дублетныя формы. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 417; Траўтман, 91; Слаўскі, 1, 295–296; Фрэнкель, 1, 159 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дабы́так ’пажыткі, дабро’. Агульнаславянскае слова. Параўн. ст.-рус. добытъкъ ’маёмасць’, ’здабыча’, ст.-укр. добытокъ ’жывёла’, укр. доби́ток ’рабунак, здабыванне’, добито́к ’буйная рагатая жывёла’, добуто́к ’набытак’, добу́тки ’ягняты, цяляты і да т. п.’, ст.-чэш. dobytek ’свойская жывёла’, ’скаціна, дабро’, чэш. dobytek, славац. dobytok, польск. dobytek ’маёмасць’, ’свойская жывёла’, ’прыбытак, выгада’, балг. доби́тък ’свойская жывёла; скаціна’, макед. добиток ’жывёла’, серб.-харв. доби́так ’прыбытак; выгада’. Прасл. *dobytъkъ — вытворнае з суф. ‑ъkъ ад дзеепрым. прош. ч. *dobytъ (ад дзеяслова *dobyti). Для слоў гэтай групы прымаюць развіццё семантыкі: ’маёмасць’ > ’скаціна’. Падрабязны агляд у Трубачова, Эт. сл., 5, 49. Цікава, што ў рус. мове гэта слова вядома толькі ў старых помніках; у сучаснай мове, паводле Трубачова, няма. Але параўн. у СРНГ, 8, 82: добы́ток ’дзіця’ (кастр.), магчыма, іранічнае.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ну́дзіць ’прымушаць’ (Гарэц.), ’прымушаць; сумаваць; муціць’ (Нас.), ’цягнуць на ваніты, ныць’ (ТС), ’муціць; ныць, балець’ (Сл. ПЗБ), ’муціць, называць на ванітаванне’ (Бяльк.), ’занядбаць цела; цягнуць на ваніты’ (Нік. Очерки), нудзіць ’цягнуць на ваніты’ (Касп., Шат.), ну́дыты ’цягнуць на ваніты; сумаваць, маркоціць’ (Клім.), ну́дзяць ’сумаваць, маркоціцца’ (Чэрн.), укр. ну́дити ’мучыць, таміць; прымушаць; наводзіць сум; цягнуць на ваніты’, рус. нуди́ть ’прымушаць; турбаваць; мучыць; сумаваць; цягнуць на ваніты’, польск. nudzić ’не весяліць; ныць; марудзіць; маркоціць; муціць’, чэш. nuditi ’наводзіць нуду, маркоту’, славац. nudiť ’тс’, славен. nuditi ’прымушаць, прапанаваць, даваць’, серб.-харв. ну̏дити ’прапанаваць; частаваць’, макед. нуди ’тс’, балг. нудя ’прымушаць’. Прасл. *nuditi, паводле Махэка₂ (402), мела першапачатковае значэнне ’рабіць націск, прымушаць, прыгнятаць’; параўн. таксама Фасмер, 3, 88 (*nuditi < *nuda); Бязлай, 2, 229; Слаўскі, SOr, 18, 265; Жураўлёў, Этимология–1967, 112.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кане́ц ’мяжа, ускраіна, край (вёскі, вуліцы, поля і г. д.)’, ’заканчэнне’, ’палавіна хаты’, ’фасад’, ’апошні момант чаго-небудзь’, ’смерць, гібель’, канцы́ ’астаткі нітак асновы’, ’нізка (грыбоў)’ (ТСБМ, Яруш., Яшк., Сцяшк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сержп. Грам.; валож., Жыв. сл.; Ян., Сл. паўн.-зах.). Укр. кінець, рус. конец, польск. koniec, н.-луж. kóńc, в.-луж. kónc, чэш. konec, славац. koniec, славен. kónec, серб.-харв. ко́нац, кона̏ц, макед. конец, балг. конец, конч, ст.-слав. коньць. Прасл. konьць ’канец, пачатак’, ’апошняя кропка’ < konъ (гл. Трубачоў, 11, 5–6; 10, 195–196). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: лат. at‑kan ’зноў’, ст.-інд. kanī́nas ’малады’, kanyā́ ’цнатлівая’, с.-ірд. cinim ’узнікаю, находжу’, ст.-грэч. καινός ’новы’ (агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 310; Слаўскі, 2, 418–419).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кано́плі ’расліна Cannabis sativa L.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.; навагр. Жыв. сл.; гродз., гом. брэст., Кіс.), канапля (Сержп., Грам., Яруш.; віц., маг. Кіс.), кыноплі́, канаплі́ (Бяльк.; Шат.), калопня, калапні ’тс’ (Яруш.; гродз., мін. Кіс.). Укр. конопля, рус. конопля, польск. konopie, каш. ku̯ónopla, н.-луж. konopje, в.-луж. konopje, чэш. konopě, славац. konope, славен. konóplja, серб.-харв. ко̀нопља, макед. коноп, балг. коно́п(ье). Прасл. konopja, konop(j)ь. Да інда-іран. *kana‑ ’насенная’. У якасці еўрапейскага культурнага слова выкарыстана форма *kana‑pus‑ ’мужчынскія каноплі’ (параўн. ст.-інд. púmān ’мужчына, самец’) > ’каноплі ўвогуле’, а для ’мужчынскай каноплі’ ўжывалася словаскладанне *pus‑kana > слав. poskonь (бел. і плоскуні). Больш падрабязна агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 312; Слаўскі, 2, 423–426; Трубачоў, Эт. сл., 10, 188–193).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Капе́ж, капі́ж ’каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх’ (ТСБМ; Некр.; драг. Нар. словаўтв.; ганц., шчуч., ст.-дар. Сл. паўн.-зах.); ’ледзяшы на стрэхах’ (петрык., Шатал.); ’ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.; Сержп. Прымхі, Клім.), ’жолаб каля даху’ (Сцяшк.), ’месца пад страхою, куды сцякае вада або падаюць каплі са страхі’ (Яшк., Клім., Бір. Дзярж.; чэрв., дзярж., гродз., беласт. Сл. паўн.-зах.), ’стрэшка пад франтонам’ (В. В.), ’шчыт страхі’ (Бір. Дзярж.), ’стрэшка ў яме для бульбы’, ’коптар, з коптарам’ (Сцяц., зэльв.). Укр. капеж, капіж ’лядзяш’, рус. сіб. капеж ’капеж’, польск. kapież ’вадасцёк, рына’, серб.-харв. ка̑пеж (зборн.) ’кроплі’. Прасл. kapežъ, утворанае ад kapiti (каўзатыў ад kapati ’капаць’) і суфікса ‑еžь > ‑еж, параўн. бел. гібе́ж ’месца згібу нагі’, вале́ж ’павалены лес’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кату́х ’хлявок, закутак’; ’будка, засек’ (БРС, Касп.), ’куратнік’ (Шат.), ’катух, хлявок; закутак, дзе сыплюць на зіму бульбу’ (Сцяшк., МГ); ’катух, сплецены з саломы вялікі кошык’ (Бяльк.); ’адгароджанае месца ў гаспадарчым будынку; яслі’ (Сл. паўн.-зах., 2), пашырана выключна ва ўсх.-слав. мовах. Параўн. рус. дыял. коту́х ’памяшканне для свойскай жывёлы, хлеў; куратнік; сабачая будка; заканурак’ і г. д., укр. дыял. коту́х ’невялічкая будова для птушак’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 208 (тут і агляд слав. матэрыялу), вытворнае з суф. ‑uxъ ад прасл. *kotъ, вядомага толькі ў некалькіх слав. мовах. Параўн. серб.-харв. дыял. ко̑т ’закутак для свойскіх жывёл, для маладняку’, ст.-чэш. kot, kót ’будка, лаўка’ (гл. у Трубачова, там жа, II). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 354; Трубачоў, там жа, 214–215.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асцень ’шчацінка на коласе злака’ (Нас., Серб.). Укр. остень ’восці’. Форма, утвораная ад остьньць, якое ўтвараецца з субстантываванага остьнъ ’прадмет, што мае вастрыё’ (восці, асцюкі, маладое пер’е ў птушак і г. д.). Остьнъ адлюстравалася ў форме асой (гл.) з выпадзеннем ‑т‑ паміж зычнымі і ў форме асцён ’пуга з вастрыём для падгону валоў’ (Бяльк. Арх.). Праслав. *ostьnъ адлюстравана ў старарускай, старабеларускай (у Скарыны — Булыка, Весці АН БССР, 1970, 4, 124), старапольскай, польскай, палабскай (vistʼăn), чэшскай, славацкай, славенскай, сербскахарвацкай, македонкай, балгарскай мовах. Утворана з суфіксам ‑n‑ ад *ostь (гл. восці). Ад *ostь утвораны таксама зборны назоўнік асцё (параўн. укр. дыял. остє) пры дапамозе суфікса ‑j‑e, асцюк (рус., укр. остюк) з суфіксам ‑ук, асцюлька і г. д. Ад остьнъ і остенчик ’ражон’ (Булг.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блін 1 ’блін’. Рус. блин, укр. блине́ць. Слова ў гэтай форме пераважна ўсх.-слав. Зыходзячы з такіх форм, як ст.-рус. млинъ, укр. млине́ць, балг. млин, серб.-харв. мли̏нац, в.-луж. blinc//mlinc, н.-луж. młync і да т. п., звычайна лічаць, што першапачаткова было mlinъ (да прасл. melti ’малоць’), якое дысімілявалася (m–n > b–n). Так Сольмсен, KZ, 37, 589 і наст.; Міклашыч, 186; Праабражэнскі, 1, 30; Фасмер, 1, 175; Рудніцкі, 146. Ільінскі (РФВ, 61, 239 і наст.) разглядае форму блін асобна (яго рэканструкцыя: *бълинъ, якое быццам роднаснае ням. Beule ’шышка’), але гэта не пераконвае. Не пераконваюць таксама версіі пра запазычанне (аб гэтым Фасмер, 1, 175).
Блін 2 ’млын’ (Сцяц.). Мабыць, дысіміляцыяй (м–н > б–н) з млін (гл. млын).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)