По́лка 1 ’кавалак тканіны’, ’пялёнка’ (Ян.), ’пялёнка’ (Жд. 1), ’крысо’ (Сл. Брэс.), ’адно палотнішча (у дзяружцы, мяшку і інш.)’ (ТС), ’посцілка’ (ЛА, 2). Укр. пілка ’полка’, рус. полка ’кавалак тканіны ва ўсю шырыню’, по́лочка ’пярэдняя частка жаночай вопраткі’, славац. polka ’кавалак палатна спавіваць дзіця’, ’адно палотнішча’, балг. полка ’верхняя жаночая вопратка’, ’блуза’. Памяншальная форма ад прасл. *pola, якое ад *polъ ’палова, бок’ (гл. паў-), параўн. польск. poła ’палова’, славац. pola ’полка; крысо’, балг. пола́ ’ніжняя частка вопраткі’, ’палавінка варот’. Гл. пала́.

По́лка 2 ’палок у лазні’, ’насціл для сушкі гароху і інш.’ (Ян.). Рус. полка ’паліца’, польск. półka ’тс’. Памянш. да пол 2, першапачаткова ’дошка, плашка’; Банькоўскі (2, 689) рэканструюе *polъka ’расколатае напалову бервяно, што служыла паліцай’, што да праслав. *pelti ’раздзіраць на дзве часткі’ з і.-е. *(s)p(h)el‑ ’расколваць’. Ідэнтычнае polъ ’палова; бок, край’, параўн. апо́лак ’крайняя дошка з бервяна’. Гл. паў-, палова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́хва ’жалезны абруч, які наганяецца на драўляную калодку кола’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Нас., Скарбы, Сцяц., Шат.), ры́хва ’тс’ (Нар. словатв.), ’жалезны абруч; шайба, якая закручваецца на канцы восі; кольца, якім змацоўваюць часткі ў прыладах працы’ (Сл. ПЗБ), ’кольца, якім прымацоўваецца каса да касся’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце; невялікі жалезны абруч, які надзяецца на слуп і на вароты, каб іх зачыніць’ (Шатал.), рэ́хвіна ’рэхва’ (ушац., Нар. лекс.), рэ́квачка ’металічнае кольца якое прымацоўвае касу да касся’ (ЖНС), ’кольца (на грабільне)’ (Сцяц.), рэ́квачка ’жалезная пятля прымацоўваць аглоблі да саней’ (Сцяшк. Сл.), ра́хва, ри́хва, ра́фы ’тс’ (Маслен.); сюды ж рэ́хва ’дурань’ (Жд. 3, Сцяц.). Ст.-бел. рефа (рефъ, рехва, рыфа) ’вобад’ < ст.-польск. refa, ryfa ’тс’ < ням. Reif ’вобад, абруч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120). Формы ори́хва, горе́хва, орехоўкі ’тс’ (Маслен.) паўсталі з несвядомага імкнення адаптаваць, зрабіць зразумелым чужое слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туле́йкі ‘лыка для пляцення лапцяў’ (Растарг.). Параўн. укр. туле́йка ‘дэталь у возе (колца, што злучае вось з насадам)’ (Нікан., Трансп.), тулі́йки ‘дробнае пер’е ў курэй, якое цяжка выскубаць’; тулі́йка ‘ніжняя частка рога’; рус. туле́йка ‘верхняя частка лапаты, куды ўстаўляецца чаранок’, ‘унутраная частка шапкі’ (СРНГ), польск. tulejka, tuleja ‘трубка’, ‘лейка’, чэш. tulejka, tulajka ‘трубчатая частка прылады для ўстаўкі чаранка’, славац. tuľajka ‘абойма, насадка’, серб. ту́лајка ‘трубачка’, ‘жалезны абруч, які злучае часткі возу’, балг. туле́йка ‘частка сякеры, куды ўстаўляецца тапарышча’. Вытворнае ад прасл. *tulěja/*tulьja ‘трубка’, якое генетычна звязваецца з прасл. *tulъ ‘калчан’, *tuliti ‘гнуць, прыціскаць’, гл. тул 2, туліць. У канкрэтным выпадку гутарка ідзе пра скрутак лыку ў выглядзе трубкі, параўн. в.-луж. tulawa ‘дудачка з вярбы’, славен. tuljáva ‘катушка, шпулька, цэўка’, ‘кароткая трубка’ і інш. (Махэк₂, 648; Борысь, 653; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401; Скок, 3, 520–521; Шустар-Шэўц, 1557; Бязлай, 4, 246; ЕСУМ, 5, 672).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.​Пуласкага, А. і М.​Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл. Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.​Пац і камандуючы войскамі Ю.​Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.​Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.​К.​Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.​В.​Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.

Літ.:

Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКС (англ. вох літар. ўдар),

від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 × 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 г (у прафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.

Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.​Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.​Торбік (1982), А.​Акулаў (1984), А.​Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.​Савічаў (1993).

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік гістарыяграфіі, мовы і культуры Стараж. Русі. Уваходзіць у склад Іпацьеўскага летапісу канца 13 ст. Складзены ў Галіцка-Валынскім княстве, ахоплівае падзеі за 1201—92. Паводле літаратурнай структуры і зместу — звод, у якім вылучаюцца 2 асн. часткі: Галіцкі і Валынскі летапісы. 1-я частка нагадвае гіст. аповесць, мае выразна свецкі характар, вызначаецца цэльнасцю, жывасцю і дэталёвасцю выкладання. У цэнтры яе ўвагі — князь Даніла Галіцкі, які пададзены ярка, панегірычна, у духу рыцарскіх ідэалаў. 2-я частка прысвечана пераважна гісторыі Валынскай зямлі 2-й пал. 13 ст., яна больш сціслая, фрагментарная, адметная рэлігійнай афарбоўкай падзей. У Галіцка-Валынскім летапісе шырока паказана грамадска-паліт. і культ. жыццё Галіцка-Валынскага княства 13 ст., яго міжнар. сувязі, гераічная барацьба супраць мангола-татарскага нашэсця, польск. і літ. князёў. Летапіс — каштоўная крыніца звестак па гісторыі Беларусі. Змяшчае унікальныя звесткі пра Новагародак (Навагрудак), Бярэсце (Брэст) і інш. гарады, асобныя помнікі бел. культуры (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра, буд-ва Камянецкай вежы), пра жыццё і дзейнасць вял. князёў ВКЛ Міндоўга, Войшалка, Трайдзеня, звесткі пра якіх, як мяркуюць некат. даследчыкі, запазычаны з Новагародскага летапісу. Галіцка-Валынскі летапіс — адзіны помнік, у якім даволі шырока асветлены пачатковы этап паліт. аб’яднання бел.-літ. зямель у адзіную дзяржаву, працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пункту погляду інтарэсаў Галіцка-Валынскіх князёў, месцамі тэндэнцыйна, але звесткі ў цэлым адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Летапіс быў шырока вядомы на бел. землях, паслужыў крыніцай і ўзорам для літ.-бел. хронік 16 ст. («Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца»).

Літ.:

Генсьорський А.І. Галицько-Волинський літопис: (Процес складання;

редакції і редактори). Київ, 1958;

Яго ж. Галицько-Волинський літопис: (Лексичні, фразеологічні та стилістичні особливості). Київ, 1961.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТР,

комплексны тып грамадскіх будынкаў, у складзе якіх прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, быт. абслугоўвання і інш. Часта аб’ядноўваюцца з культ.-асв., відовішчнымі, спарт., трансп. і інш. ўстановамі, утвараючы т.зв. грамадска-гандл. цэнтры. Пры ўключэнні ў іх склад адм.-дзелавых устаноў, офісаў, банкаў, прадпрыемстваў сувязі, гасцініц і інш. ствараюцца шматфункцыянальныя грамадска-дзелавыя цэнтры. У залежнасці ад кантынгенту абслугоўвання бываюць гандлёвыя цэнтры раённыя (крамы харч. і прамысл. тавараў, сталоўкі, кавярні, рэстараны, пошта, аптэка, банк) і агульнагарадскія (універмаг, спецыялізаваныя крамы, супермаркеты, Дамы быту, крытыя рынкі).

Гістарычна гандлёвыя цэнтры развіліся са старых рынкаў і кірмашоў, гасціных двароў 17—19 ст. Сучасныя гандлёвыя цэнтры з’явіліся ў 1930-я г. ў ЗША («Рузвельтфілд» каля Нью-Йорка) і звязаны з канцэнтрацыяй гандлю ў руках буйных манаполій і канкурэнцыяй паміж імі на ўнутр. рынку, а таксама з працэсам дэцэнтралізацыі насельніцтва буйных гарадоў, перасяленнем часткі яго на ўскраіны і ў загарадныя зоны, развіццём грамадскага і індывід. транспарту. У Зах. Еўропе пашыраны з 1950-х г. у сувязі з рэканструкцыяй старых гар. цэнтраў і буд-вам новых гарадоў («Лейнбан» у Ротэрдаме). У 1960-я г. ўзведзены буйныя грамадска-гандл. цэнтры ў Франкфурце-на-Майне, Парыжы, Манчэстэры, Токіо і інш.

На Беларусі будуюцца з 1960-х г.: у Мінску — на вул. Талбухіна (арх. Ю.​Шпіт, Я.​Саманчук), «Паўднёвы Захад» (арх. В.​Хрышчановіч, М.​Сірата), у Гродне — «Вясёлка» (арх. Л.​Мельнік), у Брэсце — на вул. Маскоўскай (арх. С.​Неўмывакін, у сааўт.), вёсках Расна Брэсцкай вобл. (арх. Г.​Бяганская), Сарачы Мінскай вобл. (арх. Г.​Заборскі) і інш. У арх.-маст. вырашэнні выкарыстоўваюць прыёмы дызайну, рэкламы, малыя арх. формы, элементы добраўпарадкавання (кветнікі, газоны, фантаны), каркасныя канструкцыйныя схемы.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСТА́І,

шляхецкі род у ВКЛ уласнага герба [«Вага» змененая; у 1544 або 1554 атрымалі герб «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр»)]. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Раман Івашкавіч (?—1487 ?), першы вядомы з роду Гарнастаяў, намеснік пуціўльскі ў 1476—82, оўруцкі ў 1486. Гарнастай (Астафій; каля 1460—1503), сын Рамана, ключнік кіеўскі ў 1486, намеснік оўруцкі ў 1487—93, загінуў у бітве з татарамі. Іван (?—1558), сын Гарнастая, пісар ВКЛ з 1512, маршалак дворскі ў 1529—42 і надворны з 1542, пасол у Маскве ў 1522, дзяржаўца дарсунішскі ў 1525, падскарбі земскі і староста слонімскі з 1531, дзяржаўца мсцібогаўскі ў 1534, зэльвенскі ў 1535. У 1538—42 выконваў абавязкі ваяводы трокскага, у 1539—51 таксама дзяржаўца біршцянскі, з 1556 — крэўскі. З 1551 ваявода новагародскі. Меў маёнткі ў Брэсцкім, Ваўкавыскім, Мінскім, Аршанскім пав. Анікей (? — да 1565), сын Гарнастая, дваранін гаспадарскі ў 1529, дзяржаўца дубіскі і канеўскі, ключнік віленскі ў 1533, пісар гаспадарскі ў 1536—44, староста чаркаскі і канеўскі да 1547, дзяржаўца любашанскі ў 1546—55, староста гомельскі з 1547 і рэчыцкі з 1555, маршалак дворскі з 1547. Валодаў маёнткамі ў Аршанскім пав. Гермаген (? — 1553), сын Івана, пісар ВКЛ у 1551. Валодаў Сакаловам у Слонімскім пав. Гаўрыла (Габрыэль; 1515?—1588), сын Івана, намеснік камянецкі, ваявода і староста мінскі ў 1566, ваявода брэсцкі ў 1576. Валодаў маёнткамі ў Брэсцкім, Вількамірскім пав., часткай Астрошыц, Талачына, Басеі. Іван (1520?—1566), сын Івана, намеснік дарсунішскі з 1551, уладальнік маёнткаў у Ваўкавыскім, Брэсцкім пав., часткі Друцка і інш. Астафій (1530? — пасля 1586), сын Івана, валодаў маёнткамі ў Трокскім пав. і інш. Геранім (1540? — 1600), сын Гаўрылы. Меў сына Самуэля (?—1618?), падкаморага кіеўскага, на сыне якога Міхаіле (?—1637) скончылася мужчынская лінія роду.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОБ у арыфметыцы,

лік, які змяшчае адну ці некалькі доляў (роўных частак) адзінкі. Абазначаецца сімвалам ab (або a/b), дзе a — лічнік, які паказвае колькасць доляў адзінкі, падзеленай на столькі частак, колькі паказвае (называе) назоўнік b (a і b) — цэлыя лікі). Д. a/b можна таксама разглядаць як вынік дзялення ліку a на лік b; калі a дзеліцца нацэла на b, то дзель — цэлы лік (напр., 6/3 — 2; 28/7 — 4), калі не дзеліцца — дробавы (напр., 3/7; 20/12).

Д. ab наз. правільным, калі a < b, і няправільным, калі a > b. Няправільны Д. можна запісаць у выглядае сумы цэлага ліку і правільнага Д. (змешаны лік); для гэтага патрэбна лічнік падзяліць з астачай на назоўнік, напр., 67 13 = 5 ∙ 13 + 2 13 = 5 + 2 13 = 5 2 13 . Множанне і дзяленне Д. выконваюць па правілах: a b ∙ c d = a ∙ c b ∙ d ; a b : c d = a ∙ d b ∙ c , суму (рознасць) Д. ab і cb з аднолькавымі назоўнікамі — па правілах a b ± c b = a ± c b . Д. ab не зменіцца, калі лічнік і назоўнік памножыць на адзін і той жа лік, адрозны ад нуля. Таму Д. ab і cd можна прывесці да агульнага назоўніка (замяніць на роўныя ім Д. з аднолькавымі назоўнікамі, звычайна роўнымі найменшаму агульнаму кратнаму b і d). Калі лічнік і назоўнік маюць агульныя множнікі, Д. можна надаць нескарачальны від, напр., 1435 — скарачальны ( 14 35 = 2 ∙ 7 5 ∙ 7 = 2 5 ) , а 2584 — нескарачальны Д. Гл. таксама Дзесятковы дроб, Дробавая і цэлая часткі ліку.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.​Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.​Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.​Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Жамыслаўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)