расійская арфістка, педагог. Нар.арт. Расіі (1966), нар.арт.СССР (1976). Дачка скрыпача Г.Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял.т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.Васіленкі, А.Масалова, санаціны Л.Кніпера, А.Балціна, «Усходні танец» А.Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.Масквіціна, Н.Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́Б ((Delibes) Клеман Філібер Леа) (21.2.1836, Сен-Жэрмен-дзю-Валь, цяпер у межах г. Ла-Флеш, Францыя — 16.1.1891),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1884). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Адана і інш. (з 1881 яе праф.). З 1853 акампаніятар «Тэатр лірык» і царк. арганіст у парыжскіх саборах, даваў урокі фп. У 1865—72 другі хормайстар т-ра «Гранд-Апера». Працаваў пераважна ў муз.-тэатр. жанрах. Найб. вядомыя яго оперы «Так сказаў кароль» (1873) і «Лакмэ» (1883) — адна з лепшых франц. арыентальных опер. Наватар у галіне балета, сімфанізаваў балетную музыку, развіў у ёй драм. пачатак. Яго лепшыя балеты «Капелія» (1870) і «Сільвія» (1876) зрабілі вял. ўплыў на развіццё муз.-харэаграфічнага мастацтва.
Літ.:
Давидсон И. Балеты Делиба // Сов. музыка. 1961. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст.н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж.грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,
механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.М.Жакарам.
Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫСКА́Р Д’ЭСТЭ́Н ((Giscard d’Estaing) Валеры) (н. 2.2.1926, г. Кобленц, Германія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Політэхнічны ін-т і Нац.ін-тадм. кадраў у Парыжы. У 1956—76 і 1984—89 чл.Нац. сходу. У 1962—66 і 1969—74 міністр эканомікі і фінансаў. У 1974—81 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за інтэграцыю Францыі ў Еўрап. супольніцтва, падтрымліваў добрыя сувязі з ЗША і СССР; ва ўнутр. палітыцы імкнуўся знізіць узровень беспрацоўя і інфляцыі, кіраваў праграмай мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Сузаснавальнік і ў 1966—73 старшыня партыі Нац. федэрацыя незалежных рэспубліканцаў, у 1977 заснаваў і з 1988 узначаліў Саюз за франц. дэмакратыю. З 1989 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар успамінаў «Улада і жыццё» (т. 1—2, 1988—91).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАСАМЕ́НТ (франц. connaissement),
дакумент аб умовах дагавору перавозкі грузу марскім шляхам; распіска, якая выдаецца капітанам судна або агентам марскога трансп. прадпрыемства (параходства) грузаадпраўшчыку з пацвярджэннем прыняцця грузу да перавозкі і абавязацельствам дастаўкі яго ў порт прызначэння і выдачы адрасату (грузаатрымальніку). З’яўляецца каштоўнай паперай. Трымальнік гэтага дакумента атрымлівае права распараджацца грузам. Адрозніваюць К.: лінейны у якім выкладзена воля адпраўшчыка па заключэнне дагавору перавозкі грузу чартарны — пагадненне аб найме судна для выканання рэйса або на вызначаны час; берагавы пацвярджае прыём грузу ад адпраўшчыка на беразе (на складах перавозчыка); бартавы выдаецца, калі тавар пагружаны на судна. Паняцце К., яго неабходныя рэквізіты і ўмовы складання вызначаны ў кодэксе гандл. мараплавання. Адсутнасць рэквізітаў пазбаўляе К. функцый тавараразмеркавальнага дакумента, і ён не з’яўляецца каштоўнай паперай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЛЬЯ́К, Кандыяк (Condillac) Эцьен Бано дэ (30.10.1715, г. Грэнобль, Францыя — 3.8.1780), французскі філосаф-асветнік. Член Франц. акадэміі (1768). Брат Г.Маблі. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Аўтар «Усеагульнай гісторыі чалавека...» (каля 1770—73). Развіў сенсуалістычную тэорыю пазнання Дж.Лока. Усе псіхічныя працэсы. ад успамінаў і да мыслення і праяўлення волі, тлумачыў пераўтварэннямі пачуццёвых успрыманняў, якія ўяўляюць сабой адзіную крыніцу пазнання («Трактат аб адчуваннях», т. 1—2, 1754). Крытычна ставіўся да тэорыі прыроджаных ідэй Р.Дэкарга і манадалогіі Г.Лейбніца. Быў адным з заснавальнікаў асацыятыўнай псіхалогіі. У галіне паліт. эканоміі выступаў з крытыкай фізіякратаў («Аб выгадах свабоднага гандлю», 1776). Логіку разумеў як агульную граматыку ўсіх знакаў, уключаў у яе і матэматыку («Мова злічэнняў», 1798).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),
пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).
Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл.Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.