род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К. карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТАНО́ГІЯ (Pinnipedia),
атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.
Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.
Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л. — харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шыр. 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — на канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невял. ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі. Аздабленне і каларыстычная гама блізкая да афармлення нар. адзення, розных відаўмаст. тканін гэтай этнагр. зоны.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкія ручнікі. Фрагмент ручніка з в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІЯ ЯРЫ́,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.
Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т. л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т. л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК (Papaver),
род кветкавых раслін сям. макавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: аргемона (P. argemone), няпэўны (P. dubium), самасейка, або відук (P. rhoeas). Трапляюцца як пустазелле на палях, каля дарог. Культывуецца М. снатворны (P. somniferum). 5 інтрадукаваных: М. амурскі (P. anomalum), ападаючы (P. fugax), голасцябловы (P. nudicaule), прыкветкавы (P. bracteatum), усходні (P. orientale).
Адна- і шматгадовыя травяністыя, пераважна карэнішчавыя расліны з млечным сокам. Лісце перыстарассечанае або перыстараздзельнае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах, чырв., белыя, светла-фіялетавыя ці жоўтыя. Плод — каробачка. З няспелых каробачак М. снатворнага атрымліваюць опіум (загусцелы млечны сок, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці лекаў, напр., кадэін, марфін, папаверын, і наркотыкаў), з насення — тэхн. алей. Лек., харч., алейныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГУ́СТЫ (Herpestes),
род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.
Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я СВІ́НКІ (Cavia),
род грызуноў сям. свінкавых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у норах на адкрытых мясцінах, забалочаных ускраінах лясоў. Трымаюцца паасобку або невял. групамі. М.с. (C. porcellus) прыручана інкамі. Завезена ў Еўропу ў 16 ст. (адсюль другая, першапачатковая назва «заморская свінка»). На Беларусі найб. трапляюцца М.с. шарсткашэрсная (абісінская, або разеткавая) і даўгашэрсная (ангорская, або перуанская).
Даўж. да 35 см, маса да 900 г. На задніх лапах 3, на пярэдніх 4 пальцы. Расліннаедныя. Нараджаюць да 6 дзіцянят 1—2 разы за год. Існуе шэраг парод з розным колерам і якасцю поўсці. Утрымліваюцца аматарамі і ў віварыях доследных устаноў. Выкарыстоўваюцца як свойскія дэкар. і лабараторныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаўкамбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).