ЛУЧУ́К (Уладзімір Іванавіч) (27.8.1934, с. Матчэ Люблінскага ваяв., Польшча — 24.9.1992),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Львоўскі ун-т (1958). Друкаваўся з 1955. Аўтар кніг паэзіі «Давер» (1959), «Санцапёк» (1962), «Дзівавід» (1979), «Насустрач» (1984), «Кругаварот» (1986) і інш., у якіх тэмы мірнага жыцця, вернасці, кахання. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі («Хатынь», «Свіцязь», «Вязынка» і інш.). Пісаў для дзяцей. Пераклаў на ўкр. мову зб. В.Зуёнка «Пакаціўся клубочак» (1979), асобныя вершы М.Багдановіча, Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, А.Гаруна, С.Гаўрусёва, Л.Геніюш, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, У.Дубоўкі, У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, А.Лойкі, С.Панізніка, П.Панчанкі, Я.Пушчы, А.Сербантовіча, М.Танка, К.Цвіркі і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, Гілевіч, В.Зуёнак, Караткевіч, Я.Крупенька, Панвнік, М.Рудкоўскі і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 2;

Возера-бульдозера. Мн., 1978;

Рус. пер. — Братское эхо. М., 1981.

В.А.Чабаненка.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСУ́Н (Святлана Лаўрэнцьеўна) (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т. л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус. нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).

М.А.Казінец.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Кірыл Уладзіміравіч) (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял. т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.

Літ.:

Корев Ю.К.Молчанов. М., 1971.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬКО́ (Мікалай Андрэевіч) (4.5.1883, г.п. Браілаў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1961),

расійскі дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1909) па класах кампазіцыі (у М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання і фп. З 1909 дырыжор Марыінскага т-ра. У 1918—21 узначальваў Віцебскую нар. кансерваторыю і сімф. аркестр. З 1925 гал. дырыжор філармоніі і праф. кансерваторыі ў Ленінградзе. З 1928 за мяжою, выступаў як прапагандыст рус. і сав. музыкі, працаваў дырыжорам Радыё ў Капенгагене (1928—32). З 1938 у ЗША, заснаваў дырыжорскія курсы ў Чыкага. З 1957 узначальваў створаны ім сімф. аркестр у Сіднеі (носіць яго імя). Аўтар кн. «Асновы тэхнікі дырыжыравання» (1950). Сярод яго вучняў: Л.Гінзбург, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Б.Хайкін. З 1963 у Капенгагене праводзіцца Міжнар. конкурс дырыжораў імя М.

Літ.:

Н.А Малько: Воспоминания. Статьи. Письма. Л., 1972.

А.В.Багатыроў.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАС (Афанасій) (свецкае імя Антон Вікенцьевіч; 21.9.1904, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.11.1983),

бел. рэліг. дзеяч, гісторык праваслаўнай царквы. Магістр багаслоўя (1933). Скончыў тэалагічны ф-т Варшаўскага ун-та (1930). У 1942—44 епіскап віцебскі і полацкі. Удзельнік Усебеларускага царк. сабора 30.8—2.9.1942, на якім была абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ). З 1944 у эміграцыі ў Германіі, кіраваў бел. прыходамі ў брыт. зоне акупацыі. 6.5.1946 разам з епіскапатам БАПЦ далучыўся да Рус. зарубежнай правасл. царквы (РЗПЦ). З пач. 1950-х г. архіепіскап РЗПЦ у Аргенціне, з 1970 у Аўстраліі — архіепіскап сіднейскі і новазеландскі. З 1971 жыў у Аргенціне. Даследаваў гісторыю праваслаўя Беларусі, у 1947 выдаў у Германіі «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».

Тв.:

Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

Л.У.Языковіч.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛ ((Marshall) Алан) (2.5.1902, Нурат, Аўстралія — 22.1.1984),

аўстралійскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920-я г. Вядомасць набыў аўтабіягр. трылогіяй «Я магу скакаць цераз лужыны» (1955, экранізацыя 1970), «Гэта трава, што расце ўсюды» (1962), «У сэрцы маім» (1963), у цэнтры якой гісторыя дзяцінства і юнацтва, барацьбы з хваробай, выбар жыццёвага шляху. Аўтар зб-каў апавяд. «Раскажы нам пра індыка, Джо» (1946), «Як ты там, Эндзі?» (1956), «Дзікія чырвоныя коні» (1976), «Людзі мары» (1978), кніг нарысаў «Мы таксама людзі» (1948), «Аўстралія Алана Маршала» (1981), твораў пра дзяцей і жывёл. Сабраў і апрацаваў легенды і міфы абарыгенаў (зб. «Людзі з давён-даўна», 1952). На бел. мову прытчу М. пра абарыгенаў «Дынга і Кенгуру» пераклаў Я.Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Страдай молча. М., 1966;

Я умею прыгать через лужи: Повесть.Рассказы. Легенды. 2 изд. М., 1982.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭВАСЯ́Н (Грант Ігнатавіч) (н. 12.2. 1935, с. Ахнідзор, Арменія),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1959. У кнігах аповесцей і апавяданняў «Мы і нашы горы», «Аранжавы табун» (абедзве 1962), «Жнівень» (1967), «Маці едзе жаніць сына», «Жыла зямлі» (абедзве 1973), «Наш бег», «Дрэвы» (абедзве 1978), «Ташкент» (1982), «Гаспадар» (1983) і інш. жыццё сучаснай вёскі, складаны свет чалавечых узаемаадносін, непарыўная сувязь чалавека і прыроды. Яго творам уласцівы паглыблены псіхалагізм і філас. сімволіка, тонкае паэтычнае светаадчуванне, лірызм і гумар. Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія Арменіі 1983. Дзярж. прэмія СССР 1984. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Васілевіч, У.Васілевіч, М.Гіль, М.Татур, Г.Шаранговіч, А.Шарахоўская, Г.Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Мы і нашы горы: Аповесці, апавяданні. Мн., 1988;

Рус. пер. — Твой род: Повести и рассказы. М., 1982.

Д.Гаспаран.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),

казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ХА ((Mácha) Карал Гінак) (16.11.1810, Прага — 6.11.1836),

чэшскі паэт-рамантык. Скончыў Пражскі ун-т (1836). Вяршыня яго творчасці — паэма «Май» (1836), у аснове якой супрацьпастаўленне гармоніі прыроды і трагедыйнасці чалавечых адносін. У гіст. рамане «Крканошскае паломніцтва», тэтралогіі «Кат» (абодва 1832), аповесці «Цыганы» (1835), драмах «Баляслаў» (1831—33), «Кароль Фрыдрых» (1832—33), «Братазабойца» (1833), «Браты» (1833—34) праблемы лёсу чалавека і сэнсу яго існавання, дысгармоніі і быцця, разладу «зямнога і нябеснага», пакут чалавека, улады абставін і інш. Для яго твораў характэрна вольнае спалучэнне эпічных, лірычных і драм. пластоў, кампазіцыйная суадноснасць з муз. творам. Аўтар аўтабіягр. цыкла «Карціны з майго жыцця» (1834). Асобныя ўрыўкі з паэмы «Май» на бел. мову пераклаў Х.Жычка.

Літ.:

Бел. пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1960.

А.У.Вострыкава.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)