залежнасць намагнічанасці ферамагнетыка ад напружанасці знешняга магн. поля ў слабых палях, калі напружанасць поля, што дзейнічае на цела, многа меншая за каэрцытыўную сілу. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1887). Для крывой пачатковага намагнічвання выражаецца формулай J = χаб ∙ H±RH2, дзе J — намагнічанасць; H — напружанасць знешняга магн. поля; χаб — абарачальная магнітная ўспрыімлівасць, якая характарызуе абарачальную лінейную частку працэсу; R — пастаянная Рэлея, якая характарызуе неабарачальныя нелінейныя працэсы намагнічвання (неабарачальныя зрушэнні даменных межаў); знак «+» адпавядае H>0, знак «−» H<0. Неабходная ўмова для выканання закону — павольная, квазістатычная змена магн. поля для звядзення да мінімуму эфектаў, абумоўленых магн. паслядзеяннем (гл.Магнітная вязкасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТЫТУ́ЦЫЯў біялогіі,
аднаўленне арганізма і яго частак (органа, тканкі, клеткі) Пасля пашкоджання. Па меркаванні адных вучоных, рэгенерацыя і рэпарацыя (аднаўленне пашкоджанняў у малекулах дэзоксірыбануклеінавай к-ты) — разнавіднасці Р.; па меркаванні другіх, Р. — рэгенерацыя ўсяго арганізма з невял. яго часткі (напр., з перадротавага ўчастка целанемертыны можа аднавіцца цэлы чарвяк). У раслін рэстытуцыйныя ўтварэнні адрозніваюцца ад ч. арганізма, якая засталася, і ад аднятай (напр., калі аддзяляюць ч. ліста, то можа ўзнікнуць новая ліставая пласцінка або лейкападобны ліст з чаранком). Р. ў медыцыне — поўная рэгенерацыя (замена дэфекту раўнацэннай тканкай), а няпоўная рэгенерацыя — субстытуцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,
працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаў або фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КА (Pica pica),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, зах. абласцях Паўн. Амерыкі. На Беларусі шматлікі, звычайна аселы від. Зімой вандруе невял. чародамі, часта трымаецца населеных пунктаў, асабліва сельскага тыпу. Селіцца ў драбналістых лясах, сярод балот і палёў, у поймах рэк, гаях, парках.
Даўж. цела да 48 см, маса да 260 г. Апярэнне мяккае, кантрастнае, чорна-белае з зеленавата-сіняватым бляскам. Хвост доўгі, ступеньчаты. Гняздо будуе ў густых галінах куста або дрэва. Кладка — 5 (6—8) яец. Усёедная. Корміцца насякомымі, яйцамі і птушанятамі дробных птушак, мышападобнымі грызунамі, харч. адкідамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙВА́Л, сайдавы кіт (Balaenoptera borealis),
млекакормячае сям. паласацікавых падатр. бяззубых кітоў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Антарктыкі.
Даўж. цела дарослых самцоў да 18,8 м, самак да 21 м, маса да 16 т, даўж. нованароджанага 4—5 м. Афарбоўка спіны ад сінявата-чорнай да чорна-шараватай, бруха — ад шэрай да белай. Паднябенне вузкае, белае ці ружовае; па яго баках 300—400 чорных пласцін кітовага вуса выш. да 80 см. Корміцца ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, чароднымі рыбамі, напр. сайдай (адсюль другая назва). Нараджае 1 дзіцяня раз у 2 гады. Промысел забаронены з 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),
біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараўнерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).
У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́Ц (Abramis ballems),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.
Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТАЎКІ, пліскі (Motacilla),
род птушак сям. сітаўкавых атр. вераб’інападобных. 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць на адкрытых прасторах у тундрах, стэпах, на балотах, лугах, некат. ў лясах і зарасніках. На Беларусі 3 віды С.: белая (M. alba), жоўтагаловая (M. citreola), жоўтая (M. flava).
Даўж. цела да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне чорнае, белае, шэрае, жоўтае і зеленаватае. Ногі тонкія і доўгія, добра прыстасаваныя для перамяшчэння па зямлі. Хвост доўгі, ім С. пастаянна патрэсваюць (адсюль рус. назва трясогузки). Насякомаедныя. У кладцы 2—7 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАПЕ́НДРАВЫЯ (Scolopendromorpha, або Scolopendrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. губаногіх. 2 сям.: крыптапіды (Cryptopidae) і скалапендры (Scolopendridae). Каля 900 відаў. Большасць пашыраны ў тропіках і субтропіках, глебавыя С. трапляюцца ў стэпавай і лясной зонах Усх. Еўропы. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у расколінах скал, глебы і інш.
Даўж. да 30 см. Цела пляскатае ў спінна-брушным напрамку, складаецца з членікаў, на большасці якіх ёсць дыхальцы. Спіна скурыстая, звычайна цямнейшая за брушка. Скалапендры па баках галавы маюць вочы, якія складаюцца са скопішчаў простых вочак, крыптапіды — сляпыя. Развіццё з эпімарфозам. Кормяцца ў асн. беспазваночнымі, буйныя — і дробнымі пазваночнымі. Многія ядавітыя, ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПА́ (Pandion haliaëtus),
драпежная птушка сям. скапіных атр. сокалападобных. Адзіны від сямейства. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. Жыве ў азёрна-лясных ландшафтах. На Беларусі пералётны від; гняздуецца пераважна на Пн рэспублікі ў Беларускім Паазер’і. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 60 см, крыла 50 см, маса да 1,9 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху цёмна-бурае, знізу жаўтавата-белае, з падоўжнымі бурымі стракацінамі на грудзях. На патыліцы чубок з завостраных пёраў. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і лапы шэрыя. Корміцца пераважна рыбай. Адкладвае да 4 яец.