ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл. Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВЕНТЫ́ЎНЫ НАГЛЯ́Д у крымінальна-выканаўчым праве,
форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),
від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.
У.Г.Залатагораў.
т. 13, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
папа́сці, -паду́, -падзе́ш, -падзе́; -падзём, -падзяце́, -паду́ць; -па́ў, -па́ла; -падзі́; зак.
1. у каго-што. Трапіць у цэль, дасягнуць каго-, чаго-н. чым-н. кінутым, накіраваным.
П. ў цэль.
Бомба папала ў дом.
2. Апынуцца ў якім-н. месцы, становішчы, абставінах (звычайна выпадкова, нечакана).
П. пад суд.
Сена папала пад дождж.
3. безас., каму. Пра спагнанні, непрыемнасці, якія атрымае або можа атрымаць хто-н. (разм.).
Пападзе табе, хлопча, ад бацькі за такое!
4. прош. папа́ла. У выразах (разм.): дзе папала (усё роўна дзе, абы-дзе), куды папала (абы-куды), чым папала (абы-чым), што папала (усё роўна што, абы-што), як папала (усё роўна як, у беспарадку, абы-як).
|| незак. папада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.); наз. папада́нне, -я, н. (у 1 знач.).
Прамое п. снарада.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Наза́ўтра ’на наступны дзень’. Іншыя формы: наза́ўтрэ, наза́ўтрае, наза́ўтрая, наза́ўтрыя, наза́ўтрага (Сл. ПЗБ, Жд. 1; жлоб., Мат. Гом.; калінк., З нар. сл.), наза́ўтро, наза́ўтрэй (ТС). Са спалучэння на і заўтра (гл.), што ўяўляе род. скл. адз. л. ад назоўніка *utro з прыназоўнікам *za. Паводле Карскага, апошняя форма часта разглядаецца ўжо як наз. скл. і можа стаяць пасля розных прыназоўнікаў, у залежнасці ад чаго змяняецца і канцавое ‑а: na zau̯tra, u̯ zau̯try, da zau̯try (Федар.), можа таксама прымаць канчаткі прыметнікаў (Карскі 2–3, 74–75), як гэта дэманструюць прыведзеныя формы. Падобныя ўтварэнні вядомы іншым славянскім мовам, параўн. рус. наза́втра, наза́втрие, наза́втрия, наза́втрее, наза́втраго і пад., укр. наза́втра, наза́втре, польск. nazajutrz, nazautrze, чэш. nazítrí, в.-луж. nazajtra, н.-луж. nazajtša і інш., аднак узніклі яны, відаць, самастойна ў кожнай з іх, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 995.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурды́ль ’бурбалка, пухір’ (Нас., Інстр. I, Юрч., Бяльк., Яўс.). Сюды ж бурду́ль ’вадыр, пухір’ (Бяльк.), бурдулёк ’бурбалка’ (Бяльк.), бурдулі́ ’бурбалкі на лужынах, калі ідзе дождж’ (КЭС). Рус. бурды́ль ’бурбалка’, бурду́ль ’бурбалка, пухір’. Не вельмі яснае слова. Можа, метатэза з булды́рь (гл.). Такая магчымасць тлумачэння ў СРНГ, 3, 285. Але не выключаецца і гукапераймальнае паходжанне (параўн. бурды́р, бурды́к!, бурды́хнуцца).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бі́нда 1 ’доўгая стужка’ (Др.-Падб.). Укр. би́нда ’тс’. З ням. Binde ’тс’ (можа, праз польск. binda). Параўн. Брукнер, 27; Шалудзька, Нім., 21 (слова гэта ўжо ў Бярынды, гл. Шалудзька, там жа).
Бі́нда 2 ’чалавек, у якога тоўстыя губы; бамбіза’ (Нас.). Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 34) лічыць гэта слова запазычаннем з літ. мовы (параўн. літ. biñdė ’гультай’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вучані́ца ’школьніца’ (Гарэц., Байк., Некр., КТС), ст.-бел. ученица (з XVII ст.; Гіст. лекс.), укр. учени́ця, рус. учени́ца, польск. uczennica (з неарганічным падваеннем, гл. Брукнер, 593), чэш., славац. učnice, učnica. Можа разглядацца як вытворнае ад вучанік (гл.) або самастойнае ўтварэнне ад ву́чаны (*uč‑ьnъ), аднак даволі позняя фіксацыя ў пісьмовых помніках не выключае запазычання, магчыма, з польск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́клад ’выказванне, выкладанне’ (БРС); ’форма посуду’ (Вярэн.), выкла́ды ’закладная тэхніка ўзорнага ткання, у якой дадатковыя каляровыя ўткі ткуць толькі частку ўзору, але не ідуць ва ўсю шырыню палатна’ (Влад.). Рус. дыял. вы́клад ’вышыўка’, вы́кладь ’каляровае тканнё звычайна чырвонымі ніткамі па беламу полю’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выкладаць. У першым значэнні можа быць семантычным запазычаннем з польск. wykład ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гро́нка ’гронка’ (БРС). Ст.-бел. (з XVII ст.) кгроно, гроно ’тс’. Запазычанне з польск. мовы; параўн. польск. grono ’тс’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 350–351). Форма гро́н(к)а можа быць і спрадвечнай (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 139, дзе прыводзяцца і ўсх.-слав. словы), але аб запазычанні сведчыць выбухное «г». Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 152.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)