Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),
масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст.Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.В.Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НАВАЯ НОЧ,
у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),
штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 990,8 тыс.чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад ігал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс.выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ КАМУНІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКАЯ (ПКБ),
палітычная партыя камуніст. кірунку на Беларусі. Створана ў снеж. 1991. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. Камітэт. Гал. мэты — аб’яднанне іпаліт. развіццё работнікаў наёмнай працы для дасягнення імі поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудова бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ лічыць сваёй задачай падрыхтоўку неабходных паліт., прававых іэканам. умоў для пераўтварэння грамадства. У ліку асн. метадаў дзейнасці партыі — агітац.-масавая работа сярод насельніцтва, удзел у выбарах, актыўная праца ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады, вынясенне на абмеркаванне грамадскасці і ўладных органаў сац.-эканам., паліт.іінш. праграм пераўтварэнняў, правядзенне грамадска-паліт. акцый і мерапрыемстваў у інтарэсах працоўных ісац. прагрэсу. Падтрымлівае кантакты і сувязі з камуніст., рабочымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі больш чым 20 краін. Друкаваны орган — газ.«Товарищ» (з 1994). На 1.4.2001 дзейнічалі 6 абл., Мінская гар., 95 раённых, 17 гар.і 284 пярвічныя арг-цыі ПКБ, якія аб’ядноўвалі 8300 членаў партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,
прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал. змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях ііндывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне іінш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраваннеіінш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным ісац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎМГАРТЭН ((Baumgarten) Аляксандр Готліб) (17.6.1714, Берлін — 26.5.1762),
нямецкі філосаф школы К.Вольфа. З 1740 праф. ун-та ў Франкфурце-на-Одэры. Родапачынальнік эстэтыкі як філас. дысцыпліны. У аснове канцэпцыі Баўмгартэна падзел пазнання на рацыянальнае і пачуццёвае. Эстэтыку лічыў часткай тэорыі пазнання, што датычыць паўсвядомых, заблытаных, незразумелых уяўленняў (т.зв. перцэпцый у прынятай Баўмгартэнам тэрміналогіі Лейбніца) у адрозненне ад ясных і лагічных меркаванняў, т.зв.аперцэпцый. Паводле Баўмгартэна, аперцэпцыямі, або рацыянальным пазнаннем, займаецца логіка, а перцэпцыямі, або пачуццёвым пазнаннем, — эстэтыка. Лічыў, што мастацкае (пачуццёвае) пазнанне, якое выяўляецца ў эстэт. суджэннях, з’яўляецца недасканалай формай лагічнага пазнання. Гал. працы: «Развагі» (1735), «Метафізіка» (1739), «Эстэтыка» (1750—58).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: История эстетики. М.,1964. Т. 2. С. 49—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКУ́ЛАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),
рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед.ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.М.Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.
Літ.:
Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980;
Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРЫ́БІЦА (Stenodus leucichthys leucichthys),
прахадная рыба сям. сіговых; падвід нельмы. Эндэмік Каспійскага м., куды зайшла ў ледавіковы час з Ледавітага ак. Трымаецца ў халодных слаях вады.
Даўж. да 1,2 м, маса да 20 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела серабрыстае, без плям, луска буйная, рот вялікі, зубы на сківіцах адсутнічаюць. Палавая спеласць на 5—7-м годзе жыцця. На нераст ідзе ў рэкі Волгу і Урал. Да зарэгулявання Волгі гал. месцам нерасту была р. Уфа (300 км ад мора). Існуюць яравая і азімая формы. Нерастуе ў вер.—лют. 1—2 разы ў жыцці (праз 2—3 гады). Драпежнік, у час міграцый не корміцца. Каштоўная рыба; у сувязі з зарэгуляваннем Волгі прамысл. значэнне невялікае; разводзяць штучна.