ВЕНТУ́РЫ
(Venturi),
італьянскія мастацтвазнаўцы. Бацька і сын. Ураджэнцы г. Мадэна, Італія. Адольфа (4.9.1856—10.6.1941). У 1888—98 гал. інспектар мастацтваў у Рыме, з 1931 праф. Рымскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў (1888) час. «Archivio Storico dell Arte» («Гістарычны архіў мастацтва», з 1898 «L’Arte» — «Мастацтва»). Аўтар «Гісторыі італьянскага мастацтва» (т. 1—25, 1901—40), якая ахоплівае 13—16 ст. Ліянела (25.4.1885—14.8.1961), праф. ун-таў у Турыне (1915—32) і Рыме (з 1945). Працы Вентуры па гісторыі мастацтва і мастацтвазнаўства («Джарджоне і джарджанізм», 1913; «Гісторыя мастацкай крытыкі» і «Сезан», 1936; «Жывапіс і жывапісцы», 1945; «Італьянскі жывапіс», т. 1—3, 1950—52) адметныя шырынёй ахопу гіст. праблем, трапнасцю характарыстык, аналогіяй абсалютнай свабоды ў самавыяўленні мастака.
т. 4, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)