род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. брытанскі (I. britannica), вербалісты (I. salicina), цвёрдаваласісты (I. hirta). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, у хмызняках, на лугах, палянах і высечках. Як лек. і дэкар. расліну вырошчваюць Дз. высокі, або дзікі сланечнік (I. helenium), які трапляецца, і здзічэлы. З інтрадукаваных найб. вядомыя: Дз. германскі (I. germanica), мечалісты (I. ensifolia), цудоўны (I. magnifica) і шурпаты (I. aspera).
Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з галінастым. у верхняй ч. раўнамерна аблісцелым голым або апушаным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, цэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі жоўтыя, сабраныя ў адзіночныя або шматлікія, у шчыткападобных суквеццях кошыкі. Плод — сямянка. Лек., кармавыя, меданосныя, дэкар. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЕВІКІ́ (Laparosticti),
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб.шыр. 3,2 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯбіялагічная,
здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планаваць гасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРЧА́ЛКІ, кветкавыя мухі (Syrphidae),
сямейства насякомых падатр. караткавусых круглашыўных атр. двухкрылых. Каля 4 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Найб. трапляюцца каля вады на кветках, травяністых раслінах, лісці дрэў і інш. На Беларусі найб. вядомыя Ж.: бугрыстая (Eumerus tuberculatus), цыбульная (E. strigatus), чмелявідка празрыстая (Volucella pelluceus), шараноска (Sphaerophoria scripta).
Даўж. 5—15 мм, радзей да 25 мм. Цела часта ярка афарбаванае; многія вонкавым выглядам нагадваюць джалячых перапончатакрылых — пчол, вос, чмялёў. Крылы празрыстыя з 3 радыяльнымі жылкамі. Вусікі 3-членікавыя. Вочы самцоў пераважна судакранаюцца, самак падзелены лбом. Добра лётаюць. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у сцёкавых водах, гнаі, у гнёздах пчол, мурашак і інш. Лічынкі — драпежнікі, дэтрытафагі, расліннаедныя. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Апыляльнікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКО́НЫ І ЗВЫ́ЧАІ ВАЙНЫ́,
сукупнасць прынцыпаў і норм міжнар. права, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі па пытаннях, звязаных з вядзеннем вайны. Абмяжоўваюць выбар сродкаў і метадаў узбр. барацьбы, забараняюць выкарыстанне найб. жорсткіх з іх, устанаўліваюць крымін. адказнасць за ваенныя злачынствы, чым аб’ектыўна садзейнічаюць абмежаванню маштабаў узбр. канфліктаў. Пачалі складвацца даўно. У 19 ст. прыняты першыя міжнар. акты аб правілах вядзення вайны. Агульнапрызнаныя З. і з.в. ўвасоблены ў Гаагскіх канвенцыях 1899, 1907, 1954, Жэнеўскім пратаколе 1925 аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых, ядавітых і інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў, Жэнеўскіх канвенцыях 1949 аб абароне ахвяр вайны, Канвенцыі 1980 аб забароне або абмежаванні некат. відаў звычайнай зброі, якія лічацца празмерна жорсткімі або маюць невыбіральнае дзеянне, у статутах і прыгаворах Нюрнбергскага і Такійскага Міжнароднага ваен. трыбуналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛА́ТКІ (Buprestidae),
сямейства насякомых падатр. разнаедных атр. жукоў. Каля 12 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у тропіках. Жывуць у лясах, садах на ствалах дрэў, кветках і лісці. На Беларусі 23 віды. Найб. вядомыя З.: антаксія чатырохкропкавая (Anthaxia quadripunctata), вузкацелая двухкрапінкавая (Agrilus biguttatus), вузкацелая зялёная (A. viridis), дубовая (Chrysobothrix affinis), ліпавая (Lampra rutilans), сіняя хваёвая (Phaenops cyanea) і інш.
Даўж. 3—100 мм. Цела клінападобнае, звужанае на канцы, з цвёрдым покрывам, часта з яркім метал. адлівам (адсюль назва). Вусікі кароткія, пілаватыя. Лічынкі плоскія, бязногія, белыя, сляпыя, з расшыранымі пярэднегрудзямі, хіцінізаванай галавой. Развіваюцца і зімуюць пад карой, на травяністых раслінах, пераважна ў каранях, пракладваюць звілістыя хады. Дарослыя кормяцца пылком, нектарам кветак, часткамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯВІ́К (Bistorta),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў горных раёнах Азіі. На Беларусі амаль па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, палянах і ў хмызняках трапляецца З. вялікі, або драсён змяіны, ці ракавыя шыйкі (B. major). З. таксама наз. віды раслін з іншых родаў і сямействаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым, звычайна змеепадобным карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі. Лісце прыкаранёвай разеткі буйное, на доўгіх чаранках, сцябловае — з доўгімі похвамі і невял. ліставымі пласцінкамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя. ружовыя або ружова-белаватыя, у густых гронкападобных суквеццях; у З. жывароднага (B. vivipara) кветкі ніжняй ч. суквецця відазменены ў клубеньчыкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Плод — 3-гранны арэшак. Лек., таніданосныя (у карэнішчах да 25% дубільных рэчываў), фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́БІСЫ,
птушкі сям. ібісавых (Ibididae, або Threskiornithidae) атрада буслападобных. 20 родаў, 32 віды. Пашыраны ў трапічных, часткова ва ўмераных паясах у балоцістых мясцовасцях. Найб. вядомыя І.: каравайка, коўпіца, пунсовы (Eudocimus ruber), чырвананогі, або японскі (Nipponia nippon), і інш. На Беларусі рэдкія залётныя птушкі каравайка і коўпіца.
Даўж. цела 48—106 см, маса 0,5—2 кг. Дзюба доўгая, загнутая ўніз (уласна І.) або прамая, пляскатая з расшырэннем на канцы (коўпіцы). У некат. частка галавы і шыя голыя, скура яркаафарбаваная. Ногі доўгія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Гняздуюць калоніямі на дрэвах, у трыснягу па берагах вадаёмаў, радзей на скалах. Нясуць 2—3 яйцы. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, малюскамі, чарвямі, насякомымі. 6 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.