клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн.г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал.эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн.г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст.н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст.н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст.н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... +грэч. phōnē гук),
1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл.Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап.прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц.матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш. — нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл.Гамафонія).
2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.
Літ.:
Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;
Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;
Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),
клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн.г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр.галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКІЯ І САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
адзін з відаў нар. пазаабрадавай сацыяльна-быт. лірыкі. Узніклі ў 18—19 ст. пасля ўвядзення рэкруцкай павіннасці (у 1705 у Расіі, на Беларусі — пасля далучэння яе да Расіі ў канцы 18 ст.). Больш цесна, чым інш. віды і жанры бел.нар. лірыкі, звязаны з рэчаіснасцю і адлюстроўваюць рэальныя гіст. падзеі і з’явы. У іх адлюстраваны ўсе этапы набору ў рэкруты і служба ў царскім войску: развітанне з бацькамі, жонкай, нявестай, горкая доля навабранца, муштра ў царскай арміі, цяжкія паходы і трагічны лёс рэкрута. Ёсць у іх і пратэст супраць прымусовай службы і войнаў, сац. няроўнасці і несправядлівасці пры наборы. Найб. поўна бел. Р. і с.п. сабраў М.Федароўскі.
Р. і с.п. багатыя сімволікай і псіхал. паралелізмам: многія песні пачынаюцца з апісання змрочных малюнкаў прыроды, прасякнутых прадчуваннем бяды, трагічнага лёсу героя; маці рэкрута ў вобразе зязюлі прылятае на месца прыёму і жаласна просіць забраць усё, але вярнуць дадому сына, якога чакае «салдацкімі слязьмі злітая» дарога. Смуткам прасякнуты песні пра расстанне жонкі або нявесты з каханым, асабліва тыя, дзе расказваецца пра смерць салдата. Для Р. і с.п. характэрны выразныя эпітэты («конь вараны», «воран чорны»), метафары («наступіла цёмна хмара», «зямліца стагнала»), антытэзы («лепей дома цэпам бухаць, чым у войску муштры слухаць», «лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны») і інш.маст. сродкі. Як і казацкія песні, Р. і с.п. ў асноўным харавыя, шматгалосыя мужчынскія. Мелодыі і характар выканання іх вельмі разнастайны (паходныя і страявыя песні пераважна маршавыя).
Публ.: Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Лірычныя песні. Мн., 1976; Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 4 выд.Мн., 1996.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РА (лац. Sulfur),
S, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 16, ат. м. 32,066; адносіцца да халькагенаў. Прыродная С. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 32—34 і 36; асн. з’яўляецца 32S (95,02%). У зямной кары 5∙10−2% па масе; трапляецца ў свабодным стане (гл.Сера самародная) і ў выглядзе сульфідных (пірыт, галеніт, кінавар і інш.) і сульфатных (гіпс, барыт, ангідрыт, мірабіліт і інш.) мінералаў. Злучэнні С. ёсць у вуглях, сланцах, нафце, прыродным газе. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Неметал. Да т-ры 95,39 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя С. (a-S) — лімонна-жоўтыя крышталі, шчыльн. 2070 кг/м³, tпл 112,8 °C, пры т-ры вышэй за 95,39 °C і да tпл 119,3 °C — манаклінная (β-S) — мядова-жоўтыя крышталі, шчыльн. 1960 кг/м³. Вядомы і інш. мадыфікацыі С., напр., пры рэзкім ахаладжэнні расплаўленай С. атрымліваюць аморфную С. (шчыльн. 1920 кг/м³). Дыэлектрык (шырыня забароненай зоны для α-S 2,6 эВ); цвёрдая С. — дыямагнетык. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе, феноле. Пры награванні непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі (акрамя ёду, азоту і інертных газаў) неметаламі (гл.Серы аксіды, Серы фтарыды, Серы хларыды, Серавуглярод, Серавадарод) і металамі (акрамя золата і плаціны) з утварэннем сульфідаў. Ступень акіслення С. ў злучэннях -2, +2, +4, +6. Вядомы шматлікія сераарганічныя злучэнні. Атрымліваюць з самародных руд, а таксама акісленнем серавадароду або аднаўленнем дыаксіду серы. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання сернай к-ты (прыкладна 50% вырабляемай С.), сульфітаў, барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур. вулканізацыі гумы, а таксама ў вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, штучнага валакна, сульфідаў і інш.; уваходзіць у склад галовак запалак (серка), мазей для лячэння скурных хвароб. Пыл С. раздражняе органы дыхання, слізістыя абалонкі; ГДК у паветры 0,07 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэо́рыя, ‑і, ж.
1. Сістэма асноўных ідэй, якая дае цэласнае ўяўленне аб заканамернасцях развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Без рэвалюцыйнай тэорыі не можа быць і рэвалюцыйнага руху.Ленін.Задача камсамольскіх арганізацый .. заключаецца ў тым, каб выхоўваць юнакоў і дзяўчат усебакова развітымі, стойкімі барацьбітамі за нашу вялікую справу, узбройваць іх марксісцка-ленінскай тэорыяй.Машэраў.
2. Сукупнасць абагульненых палажэнняў, што ўтвараюць якую‑н. навуку або раздзел яе. Тэорыя машын і механізмаў. Тэорыя лесаводства. □ Тэорыі ваеннай навукі дзед Талаш не ведаў, але яму прыемна было пачуць пахвалу.Колас.// Сукупнасць правіл, асноўных палажэнняў, якія з’яўляюцца ўводзінамі ў вывучэнне якога‑н. майстэрства, мастацтва. Тэорыя шахматнай гульні. Тэорыя кампазіцыі. Тэорыя пілатавання. □ Увечары, калі Барашкін садзіўся вывучаць тэорыю плавільнай справы, словы падручніка не палохала ўжо яго.Савіцкі.
3. Сукупнасць навуковых палажэнняў, якія абгрунтоўваюць агульны прынцып тлумачэння якіх‑н. фактаў, з’яў. Атамная тэорыя будовы рэчыва. Тэорыя паходжання відаў Дарвіна.
4.Разм. Агульныя адцягненыя разважанні, якія‑н. меркаванні ў процілегласць практычнай дзейнасці або рэчаіснасці. У .. [Максіма Сцяпанавіча] нават склалася свая тэорыя: дома павінен панаваць матрыярхат, жанчыны былі, ёсць і будуць заўсёды ахоўнікамі сям’і.Карпаў.[Труцікаў:] — Не тэарэтык я, але бачу, што на такой тэорыі далёка не заедзеш.Кулакоўскі.
•••
Карпускулярная тэорыя святла — тэорыя, якая грунтуецца на ўяўленні аб святле як патоку асобых часцінак — карпускул.
Тэорыя адлюстравання — матэрыялістычная тэорыя пазнання, паводле якой чалавечыя адчуванні, паняцці, навуковае пазнанне наогул ёсць адлюстраванне аб’ектыўна існуючай рэчаіснасць Тэорыя адноснасці — фізічнае вучэнне аб прасторавых і часавых уласцівасцях аб’ектаў (размерах цел і працягласці працэсаў).
Тэорыя імавернасцей — раздзел матэматыкі, які вывучае заканамернасці ў масавых з’явах, з якіх кожная асобна з’яўляецца выпадковай.
Тэорыя інфармацыі — раздзел кібернетыкі, у якім вывучаюцца спосабы вымярэння, перадачы, апрацоўкі і захавання інфармацыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яно́, яго́, яму́, яго́, ім, аб ім; займ.асаб.3ас.адз.н.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка ніякага роду адзіночнага ліку, які ў папярэднім кантэксце абазначае прадмет гаворкі. Люблю, як шуміць жыта Сваім вусатым калоссем. Шуміць, смугою спавіта, Што зернем яно налілося.Шымук.Бярэ на повад свёкар Цыбатае цяля. Яно глядзіць здаля Сваім тужлівым вокам.Голуб.У садку, на самай сярэдзіне, уцалела адна яблыня. Лісце яе, праўда, прыхапіла агнём, яно завяла.Якімовіч.//(успалучэннісасловам «само»). Іменна тое, а не іншае; тое самае.
2. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яно, тлумачэнне.
3. Ужываецца з пабочнымі словамі і ў безасабовых сказах у знач. узмацняльнай часціцы. [Яўхім:] — Праца, яно, вядома, нялёгкая, але заробак ёсць.С. Александровіч.— Яно добра маразком пагрэцца.Зарэцкі.//узнач.наз.яно́, яго́, н. Тое, што і гэта (у 4 знач.). [Голас:] — Куды, маладзічка, ідзеш? — Наташа спалохана азірнулася. — А ты не бойся. От ужо напалоханая... Ды яно ўсе цяпер такія.Асіпенка.//узнач.наз.яно́, яго́, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, з’явы, падзеі і пад., пра якія ідзе гутарка, якія знаходзяцца перад вачамі. Садзімся сабе ў сваю машыну і едзем. Яно і добра.Корбан.Здарылася яно неяк так, што [Галя] расла адна.Ермаловіч.
4. Ужываецца ў значэнні займенніка «гэта», паказваючы на што‑н. раней названае, упамянутае. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не!А. Александровіч./ У спалучэнні з часціцай «і». Так яно і ёсць: палонка. «Ну і разява», у думках аблаяў сябе Дзімка.Аляхновіч.Яно і крыўдаваць не было на каго.Кавалёў.
•••
Вось яно што! Вось яно як!гл. вось 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands), дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак.Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).
Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн. а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.—кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс.чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).
Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр.ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.
Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс.дол. за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс.га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс.га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн.гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ВІ́НСЕНТ І ГРЭНАДЗІ́НЫ (Saint Vincent and the Grenadines),
дзяржава ў Вест-Індыі, на в-ве Сент-Вінсент і паўн.ч. а-воў Грэнадзіны ў групе Малых Антыльскіх астравоў. Пл. 389 км². Нас. 115,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Кінгстаўн. У адм. адносінах падзелена на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 кастр.).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — аднапалатная Палата сходу з 15 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і 6 сенатараў, прызначаных ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада — урад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці).
Прырода. А-вы Сент-Вінсент (пл. 344 км²) і Грэнадзіны (32 дробныя а-вы) вулканічнага паходжання. На в-ве Сент-Вінсент ланцуг старых вулканаў, найвышэйшы пункт — дзеючы вулкан Суфрыер (1234 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэдняя т-ра 26 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 1500 мм на Пд і З да 3700 мм на ўсх. схілах гор. Сухі сезон у снеж.—маі. Частыя ўраганы. Пад лесам і хмызнякамі 36% тэрыторыі. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна птушкамі. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Ёсць некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ сентвінсентцы. Аснову этнасу складаюць нашчадкі неграў-рабоў, якія часткова змяшаліся з французамі і англічанамі; называюць сябе крэоламі. Жывуць таксама выхадцы з Вялікабрытаніі, невял. групы партугальцаў, індыйцаў і чорных карыбаў. Вернікі — англікане і метадысты, ёсць адвентысты, баптысты, католікі і інш. Сярэднегадавы прырост 0,57% (1999). Сярэдняя шчыльн. 296 чал. на 1 км². У гарадах жыве 54% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 26% насельніцтва, у прам-сці — 17%, у абслуговых галінах — 57%.
Гісторыя. Першапачатковыя насельнікі астравоў — індзейцы, аравакі і карыбы. В-аў Сент-Вінсент адкрыты Х.Калумбам у 1498. У 17—18 ст. за валоданне астравамі змагаліся Францыя і Вялікабрытанія, замацаваны за апошняй у 1783. Большая ч. індзейскага насельніцтва знішчана, рэшткі яго змяшаліся з неграмі-рабамі, якіх прывозілі для працы на плантацыях. У 1958—62 у складзе Вест-Індскай Федэрацыі, з 1969 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 27.10.1979 абвешчана незалежнай дзяржавай у складзе Садружнасці. Дзейнічаюць паліт. партыі: Новая дэмакр. партыя, Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. С.-В. і Г. — чл.ААН (з 1980).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. У структуры валавога ўнутр. прадукту (289 млн.дол., 2,4 тыс. долараў на 1 чал., 1998) сельская гаспадарка складае 10,6%, гандаль і паслугі (укл. турызм) — 71,9%, прам-сць — 17,5%. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 120 тыс. турыстаў (пераважна з ЗША, Канады і Зах. Еўропы). У 1999 даход ад турызму склаў 77 млн. долараў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 3,9 тыс.га. Асн. экспартныя культуры: бананы (збор каля 80 тыс.т штогод), какосавыя арэхі (20 тыс.т), манга, мускатны арэх, арарут (крухмалазмяшчальны караняплод). Вырошчваюць батат, маніёк, ямс, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну, каву, какаву. Гадуюць птушак (200 тыс. галоў, 1997), буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць спецыялізуецца на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай мукі з араруту (150 т штогод), адзення, мэблі, цэменту, рому, піва, тытуню, спарт. інвентару, перапрацоўцы копры, зборцы электраапаратуры. Вытв-сць электраэнергіі 64 млн.кВт∙гадз (1998). Даўж. аўтадарог 1040 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 320 км. На астравах 5 тыс.пасаж. і 3,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Пад флагам дзяржавы з прычыны льготных падаткаў плаваюць 814 суднаў (агульная грузападымальнасць 7,7 млн. рэгістравых т) з 20 краін. 6 аэрапортаў (гал. — Эрнас-Вейя каля Кінгстаўна). У 1997 экспарт склаў 47,3 млн.дол., імпарт — 158 млн.дол. Экспартуюць бананы (37%), муку з араруту, копру, агародніну, тытунь і інш.; імпартуюць харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: краіны Карыбскага бас. (49% экспарту і 28% імпарту), ЗША (10% і 36%), Вялікабрытанія (16% і 13%). Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (47,5 млн.дол. 1995). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.