прускі і герм.ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм.ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц.гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».
Тв. : Рус.пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыіАНБССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм. дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎНІЦКІЯ СЕМІНА́РЫІ,
спецыяльныя пед.навуч. ўстановы ў 19 — пач. 20 ст., якія рыхтавалі настаўнікаў для пач. школ. У іх прымалі асоб, якія скончылі двухкласныя пачатковыя вучылішчы з 5—6-гадовым курсам. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Да 1908 былі толькі мужчынскія Н.с. Выкладаліся багаслоўскія дысцыпліны, рус. мова і л-ра, прыродазнаўства, фізіка, чарчэнне, музыка і спевы, методыка выкладання ў пач. школе і інш. Пры Н.с. дзейнічалі ўзорныя пач. вучылішчы, у якіх семінарысты праходзілі пед. практыку. Першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя дзейнічала ў 1834—39. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты 4 мужчынскія Н.с.: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя (першая на тэр.Рас. імперыі), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). На пач. 20 ст. адкрыты яшчэ 5 Н.с.: мужчынская ў Рагачове (1909), жаночыя ў Оршы (1911), Барысаве і Гомелі (1915), Бабруйску (1916). У 1-ю сусв. вайну Маладзечанская, Нясвіжская і Свіслацкая Н.с. эвакуіраваны ў Расію. У чэрв. 1917 Н.с. прыраўнаваны да сярэдніх навуч. устаноў (гімназій і рэальных вучылішчаў), пераўтвораны ў навуч. ўстановы змешанага тыпу, пры паступленні адменены ўсе абмежаванні. Уведзена выкладанне замежных моў, сусв.гісторыі, геаграфіі і інш. У 1919 пераўтвораны ў 3-гадовыя пед. курсы, у 1920-я г. — у пед. тэхнікумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
помнікі старажытнарускага летапісання 12—17 ст., складзеныя ў Ноўгарадзе Вялікім. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, якія захаваліся ў шматлікіх спісах. З іх найб.стараж. і каштоўныя — Наўгародскі 1-ы (звесткі даведзены да 1-й пал. 14 ст.) і Наўгародскі 4-ы (звесткі да 2-й пал. 15 ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцю, дакумент. дакладнасцю і лаканічнасцю, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-паліт. і культ. жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам, Кіевам, Масквою, ВКЛ, Лівоніяй і інш. гарадамі і землямі. Падзеі апісаны ў пагадовай форме і асветлены з пазіцый агульнанар. патрыятызму. Н.л. адкрываюцца «Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць апрача арыгінальных мясц. звестак каштоўны гіст.-дакумент. і літ. матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з інш.стараж.-рус. крыніц. Летапісы багатыя звесткамі па гісторыі Беларусі і ВКЛ, асабліва Наўгародскі 4-ы летапіс, які паслужыў адной з асн. крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. На падставе Н.л. складзена агульнарус. частка летапіснага зборніка 1-й пал. 16 ст., што захоўваўся і дапаўняўся гіст. запісамі ў Супраслі (гл.Супрасльскі рукапіс). У 15—17 ст. на бел. землях бытавалі і інш. летапісныя кампіляцыі наўгародскага паходжання (напр.Аўрамкі летапіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Тв.:
Rozamunda. Wilno, 1844;
Barbara. Wilno, 1844;
Jadwiga. Paryż, 1845;
Rèves d’amour de gloir et de liberté. Paris, 1845;
Katarzyna Wielka. Paryż, 1846.
Jlim.: Александровіч С.Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыібел.-пол. літ. і грамадска-паліт. сувязей у 40-я гг. XIX ст.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧУ́Й-ЛЯВІ́ЦКІ (сапр.Лявіцкі) Іван Сямёнавіч
(25.11.1838, г.п. Сцяблёў Чаркаскай вобл., Украіна — 15.4.1918),
украінскі пісьменнік; пачынальнік жанру сац. аповесці і рамана ва ўкр. л-ры. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865). Друкаваўся з 1868. Лёс і праблемы сялянства, рабочых прыгоннай і паслярэформеннай Украіны адлюстраваў у сац.-бытавых аповесцях «Мікола Джэра» (1878), «Сям’я Кайдаша» (1879), «Бурлачка» (1880), ідэйныя пошукі інтэлігенцыі — у вострасац. раманах і аповесцях «Хмары» (1874), «Над Чорным морам» (1890), «Неаднолькавымі сцежкамі» (1910), «На гастролях у Мікіцянах» (1911) і інш. Многія яго творы маюць ярка выражаную сатыр. афарбоўку: камедыі «На Кажумяках» (1875), «Галоднаму і апенькі — мяса» (1887), аповесці і апавяданні «Старасвецкія бацюшкі і матушкі» (1884—85), «Афонскі прайдзісвет» (1890), «Сярод ворагаў» (1893), «Старыя гулякі» (1897), «Тэлеграма Грыцу Бындзе» (1911), «Вясковая старшына балюе» (1912). Аўтар гіст. п’ес «Маруся Багуслаўка» (1875), «У дыме і полымі» (1910) і рамана «Князь Ерамія Вішнявецкі» (апубл. 1932). У творах нац. самабытныя характары, каларытныя пейзажныя замалёўкі. Выступаў як літ. крытык, пісаў навук.-папулярныя працы па гісторыі, лінгвістыцы, этнаграфіі, фалькларыстыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРО́ЦКІ (Францішак) (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),
выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.А.Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.