1.закаго-што. Узяць што‑н., узяцца за каго‑, што‑н. хуткім, рэзкім рухам (рук). Рукі ў Анісіма ліхаманкава схапіліся за стрэльбу.Сачанка.Агрыпіна войкнула і схапілася за твар рукамі, закрыла вочы.Пестрак.// Учапіцца за каго‑, што‑н., імкнучыся ўтрымацца. Я схапіўся за тату, і мы, падаючы і падымаючыся, пачалі прабірацца дамоў.Бяганская.[Жанчына] таксама, каб утрымацца на нагах, сутаргава схапілася за яго [Сіўцова] рукаў.Васілевіч.//перан.; зашто. Ахвотна згадзіцца на што‑н., шукаючы падтрымкі; выкарыстаць што‑н. Хлопцы схапіліся за яго [Хведара] прапанову.Машара.Як за нейкі паратунак, я схапілася за вясёлыя жарты сяржанта і азірнулася яшчэ раз.Савіцкі.
2. Уступіць у бой, барацьбу, бойку. Ганна горача развіталася з ім ды на дарогу папрасіла ў яго: — Мікола, бацька мой... Там, дзе мы схапіліся першы раз з палякамі... Там Петруся забілі...Нікановіч.// Пачаць дурэць, бароцца. Праўда, калі-нікалі хацелася з хлапчукамі, як бывала, наганяць галубоў або схапіцца са сваімі аднагодкамі і падужацца ўволю.Гроднеў./ Пра жывёл. На двары сабака з кошкай схопяцца, а гэта ж — ой, як цікава.Гарбук.// Пачаць спрэчку, сварку. Зноў схапіліся два «старыя прыяцелі». Ніхто ім не пярэчыў. Пасля гаварылі праўленцы.Пташнікаў.А на другім канцы стала ў гэты час жонка Антося схапілася грызціся з Купрыяніхай, якая ўвесь час сачыла за гутаркаю Антося і ўпікала, што яе муж трымае сябе вельмі брыдка.Чарот.//Разм. Распачаць заўзятую гульню ў што‑н. Схапіцца ў шахматы.
3.Разм. Раптам успомніць пра што‑н.; спахапіцца. Аж раптам чую: «Хведар, а валы твае дзе?» Схапіўся — няма.Кірэйчык.
4.зашто, зінф. Спехам або раптоўна пачаць што‑н. рабіць, прыняцца за якую‑н. справу. Не ведаць, за што схапіцца. □ На гэты раз Кравец чамусьці Схапіўся камізэлькі шыць.Корбан.
5.Разм. Хуткім рухам устаць, ускочыць. Як схопіцца .. [дзед Анісім], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю!Колас.Косця схапіўся з ложка і пабег мыцца.Адамчык.
6. Заняцца полымем. У адным канцы схапілася полымем хата.Васілевіч.
7.Спец. Зрабіцца цвёрдым, застыць. Шафёры выскаквалі з кабін, крычалі адзін на аднаго, заглядвалі ў кузавы, роспачліва ўзмахвалі рукамі: баяліся, каб не схапіўся бетон.Місько.// Зацягнуцца лядком. Пад нагамі дзе-нідзе праломваўся тоненькі, што ледзь паспеў схапіцца, лядок.Лобан.
•••
Схапіцца за галаву — жахнуцца; прыйсці ў адчай. [Косцік] разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта [грыбамі], хоць касою касі!С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н., унутр чаго‑н. [Рыльскі] каменем убіў два цвікі, прыгнуў іх, і падлога зноў мела свой сапраўдны выгляд.Чорны.Убілі [мы] ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку і анучы.Лупсякоў.// Шчыльна прытуліць што‑н. да чаго‑н., утуліць што‑н. куды‑н. У галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што .. [Сотнікаў], бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву.Быкаў.[Міхась] павярнуўся на бок і шчыльней убіў твар у рэчавы мяшок.Машара.
2. З сілай уваткнуць, усадзіць куды‑н. што‑н. вострае; увагнаць. Ссекшы некалькі сукоў з тоўстай калматай елкі, Язэпка ўбіў сякеру ў камель дрэва, азірнуўся кругом .. і нырнуў у гушчар.Якімовіч.Але аднаго разу Рагіна не стрывала, убіла ў зямлю капач, выпрасталася і адрэзала Сяргею проста ў вочы.Адамчык.А трава якая! Касы не ўбіў бы.Дуброўскі.
3. Утаптаць, утрамбаваць да цвёрдасці. Убіць сцежку праз поле.
4.перан.Разм. Утлумачыць, прымусіць цвёрда засвоіць што‑н. А Сегенецкага хлопцы! Праўду кажучы, дзікуны. Панскі дух бацька ўбіў у іх. Але не чыста панскі, а з лёкайскім душком.Чорны.
5. Дадаючы да стравы, умяшаць (пра сырыя яйцы). Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак.Колас.// Тое, што і узбіць (у 5 знач.). Трэба было яшчэ сала насмажыць ды з паўдзесятка яечак убіць на патэльню.Чарнышэвіч.
6.Разм. Змарнаваць. Убіць шмат часу на пустыя справы. □ Дарма свой век убіў я, Нічога не зрабіў я.Дзяргай.
•••
Носа не ўбіць — пра што‑н. непраходнае, цеснае. А за .. [балотам] пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць.Якімовіч.
Убіць асінавы кол — тое, што і забіць асінавы кол (гл. забіць).
Убіць клінпаміжкім — тое, што і забіць клін (гл. забіць).
Убіць (набраць) сабе ў галаву — умацавацца ў якой‑н. думцы, трымацца яе. [Данута:] — Хлопец недзе схаваўся .. Убіў сабе ў галаву, што яго тут зненавідзелі, і цэлымі бадзяецца недзе.Бажко.
Убіць у галавукаму — а) паўтарэннем прымусіць засвоіць што‑н. Хоць творы Беднага .. [Міхась] любіў, разумеў іх змест і яны былі блізкія яму, але яны не ўкладваліся ў тыя каноны, якія ўбілі яму ў галаву выкладчыкі літаратуры і падручнікі.Машара; б) унушыць што‑н., пераканаць у чым‑н. — Бачыла ты, Алена, гэткага? І хто .. [Міхасю] ўбіў у галаву, што ён нейкі асаблівы?Ваданосаў.
У рот (душу) не ўбіць — не да смаку, не пад густ (прадукт, страва і пад.).
Што ўбіў, то ўехаў — пра бесклапотнага, гультаяватага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фронт, ‑у, М ‑нце; мн. франты, ‑оў; м.
1. Строй салдат, войск. Выстраіць ва фронт. □ Перад фронтам кожнай з паасобных брыгад Баранавіцкага злучэння была зачытана радыёграма начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.Брыль.//Спец. Размяшчэнне караблёў або самалётаў на лініі, перпендыкулярнай курсу іх руху. //перан. Пра што‑н., што цягнецца лініяй, паласой. Фронт таполяў пры дарозе.
2. Звернуты да непрыяцеля край баявога размяшчэння войск або асобнай вайсковай адзінкі. Фронт расцягнуты на пяць кіламетраў. □ У гэты час прыйшоў загад нам наступаць з тылу, а танкам і пяхоце — з фронту. Так меркавалася прарваць нямецкую абарону.Няхай.Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, лініі фронту ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія.Кулакоўскі.
3. Месца, раён ваенных дзеянняў і размяшчэння войск у час вайны, у процілегласць тылу. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак.Колас.[Пятро:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Вазілі раненых з фронту ў тыл.Мележ.Карыстаючыся часовым зацішшам на фронце, салдаты і малодшыя камандзіры штаба дывізіі праходзілі кожны дзень страявую падрыхтоўку.Машара.// Адзін з участкаў такога раёна. Паўднёвы фронт. Заходні фронт.// Дзеючая армія ў такім раёне. Вайна зацягвалася, і на фронт пачалі браць запасных.Рамановіч.// Ваенныя дзеянні ў такім раёне. Даўно ўжо франты адгрымелі, Ўзняліся да сонца дубы.Прыходзька.
4. Самае вялікае воінскае злучэнне ў ваенны час. У галоўным штабе фронту пастанавілі выбіць.. [белых] з пазіцый і пачаць адганяць.Чорны.Майстэрства вядзення вайны прасочваецца ў рамане [«Мінскі напрамак» І. Мележа] ва ўсіх яго звеннях — ад камандуючага фронтам да камандзіра аддзялення.Дзюбайла.
5.перан.; чаго. Месца, участак, на якім адначасова выконваецца некалькі працэсаў, работ. Фронт забудовы. □ Хлебаробы рэспублікі пашыраюць фронт сяўбы яравых.«Звязда».//чаго або які. Сфера, галіна якой‑н. дзяржаўнай, грамадскай і іншай дзейнасці. Працоўны фронт. Культурны фронт.//чаго або які. Аб’яднанне якіх‑н. грамадскіх сіл, якія ажыццяўляюць дасягненне якой‑н. мэты. Адзіны фронт прыхільнікаў міру. □ Ніканор даў сто рублёў у дапамогу жонкам і дзецям байцоў народнага фронту Іспаніі.Бядуля.Вы [камсамольцы] справамі мацуеце сваімі Сусветны фронт барацьбітоў за мір, І ганарыцца вамі ўся Радзіма.Танк.
6. У метэаралогіі — зона падзелу паміж рознымі паветранымі масамі. Сіноптык Мінскага бюро надвор’я.. вылучае на .. [карце] раёны, дзе прайшлі ападкі, дзе стаяла яснае бязвоблачнае надвор’е, дзе праходзяць атмасферныя франты, дзе ціск паветра паніжаецца або павышаецца ў параўнанні з папярэдняй картай.«Беларусь».
7.Спец. Пярэдняя частка чаго‑н. Фронт катла. Фронт абцаса.
•••
Адзіным фронтам — дружна, згуртавана.
На два франты — у двух напрамках (дзейнічаць).
На ўсіх франтах — усюды (паспяваць, спраўляцца).
Шырокім фронтам — шырока, з вялікім ахопам; скрозь.
[Ад лац. frons, frontis — лоб.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шко́ла, ‑ы, ж.
1. Навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе агульную адукацыю і выхаваяне маладога пакалення. Хадзіць у школу. Выкладаць матэматыку ў школе. □ Штораніцы бяжыць у школу разам са сваімі аднагодкамі ўнук Бірынічаў.Хадкевіч.// Школьны будынак, у якім праводзіцца навучанне. Цяпер жа пакуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак.Шамякін.//толькіадз. Сістэма агульнай адукацыі, сукупнасць навучальных устаноў. Дэкрэт аб адлучэнні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы.//зб.Разм. Калектыў вучняў і настаўнікаў агульнаадукацыйнай навучальнай установы. І зноў яна [Наста] на плошчы, дзе штогод Вясёлы Першамай страчала школа.З. Астапенка.
2. Спецыялізаваная навучальная ўстанова, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесіянальныя веды, кваліфікацыю. Усе яны — былыя вучні рамеснай школы паліграфістаў.. Іх школа знаходзілася тут жа [у друкарні], на першым паверсе.Брыль.Кіраўніцтва камбіната паслала.. [Віктара Вішаньку] вучыцца ў Свярдлоўскую школу брыгадзіраў-будаўнікоў.Дадзіёмаў.// Ваенная навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў і малодшы камандны састаў. Школа прапаршчыкаў. Пяхотная школа. Школа малодшага каманднага саставу.//успалучэннісасловам «вышэйшы». Назва некаторых навучальных устаноў, якія даюць вышэйшую адукацыю, вну. Вышэйшая партыйная школа.
3.чаго і якая. Набыццё ведаў, практычнага вопыту, а таксама сам вопыт, практычным веды чаго‑н. Школа жыцця. □ Школу «Савецкай Беларусі» прайшлі не толькі амаль усе пісьменнікі малодшага пакалення, якія пазней стварылі аб’яднанне «Маладняк», але і многія з тых, якія сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі.Конан.Прайшоў я школу барацьбы і чуў дыханне перамогі.Дудар.// Тое, што дае практычныя веды, вопыт. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы.Колас.Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай.Маўр.
4. Сістэма метадаў, правіл, прыёмаў вывучэння, асваення чаго‑н., авалодання чым‑н. Пачатковая школа ігры на баяне. Вучыцца іграць на цымбалах па школе Жыновіча.// Адукацыя, выхаванне ў святле якіх‑н. правіл, норм, прынцыпаў і пад. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы.Колас.//Спец. Майстэрства, уменне дрэсіроўкі каня, звязанае з манежнай выездкай, выкананнем розных практыкаванняў, тэмпаў язды і пад. Школа верхавой язды.
5. Навуковы, літаратурна-мастацкі, грамадска-палітычны, сацыяльна-эканамічны і пад. напрамак, плынь з характэрнымі, своеасаблівымі ўласцівасцямі, рысамі. Але тады яна [рэалістычная тэндэнцыя] яшчэ не ператварылася ў самастойную з’яву, не стала цэлай школай крытычнага рэалізму, аднак ужо станоўча ўздзейнічала на далейшае развіццё перадавой літаратуры.Ларчанка.// Група вучняў, аднадумцаў ці паслядоўнікаў каго‑н. І.П. Паўлаў і яго школа, дзякуючы правільнаму матэрыялістычнаму падыходу да распрацоўкі фізіялогіі мозга, раскрылі шмат якія «таямніцы» псіхічнага жыцця.«Беларусь».Неўзабаве з’явілася цэлая школа паслядоўнікаў А. Міцкевіча.Лойка.
6.Спец. Пітомнік, спецыяльны ўчастак, на якім вырошчваюцца сеянцы, саджанцы.
•••
Вышэйшая школа — агульная назва для вышэйшых навучальных устаноў (інстытутаў, універсітэтаў і пад.).
Вячэрняя школа — школа, вучні якой займаюцца ўвечары без адрыву ад вытворчасці і атрымліваюць сярэднюю адукацыю.
Земская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні земства.
Ланкастэрская школа — школа, у якой прымяняецца ланкастэрская сістэма навучання.
Натуральная школа — назва рэалістычнай плыні ў рускай літаратуры 30–40‑х гг. 19 ст.
Нядзельныя школы — школы для дарослых у дарэвалюцыйнай Расіі, у якіх праводзіліся заняткі толькі па нядзелях.
Сярэдняя школа — школа, якая дае сярэднюю адукацыю.
Царкоўнапрыходская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні царквы і прыходскага духавенства.
Школа-інтэрнат — павучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.
Школа сельскай моладзі; школа рабочай моладзі — агульнаадукацыйная сярэдняя школа (ці васьмігодка), у якой займаецца моладзь без адрыву ад вытворчасці.
[Грэч. scholē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛІТАРАТУРА 1920—40-х гадоў
Паэзія. 1920-я г. сталі часам імклівага росквіту бел. паэзіі, нараджэння шматлікіх літ. арганізацый і з’яўлення ў літаратуры маладых імён. Гэты перыяд характарызаваўся таксама ідэйна-маст. эксперыментамі, легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», авангардным маст. мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсеабдымны рэв. экстаз і адметнасць нац. шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літ. аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам А.Бабарэкам «маладнякізмам», чым падкрэслівалася яго абсалютная навізна і актуальнасць у кантэксце абнаўлення тагачаснага грамадскага жыцця. Маст. прынцыпы, якіх прытрымліваліся маладнякоўцы, былі блізкія да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Сярод іх найважнейшымі былі не толькі адмаўленне папярэдняй літ.-маст. традыцыі, але і адмаўленне ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця. Маст. эксперыменты былі скіраваны ў сферу будучыні і знаменаваліся пошукамі наватарскага слова для выражэння новага зместу. Дзеля гэтага віталася ўсялякая навізна аж да т.зв. ламання граматыкі і сінтаксісу, разбурэння класічнага радка верша, увядзення ў паэзію размоўнага, гутарковага стылю. Змена тэм і матываў прадугледжвала пераход ад апявання пяшчотных пачуццяў і тужлівых настрояў да паэтызацыі рыштаванняў новага будаўніцтва. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусв. гісторыі на старую і новую эры, а пунктам адліку новай эры была пралетарская рэвалюцыя. Рэвалюцыя і яе шматлікія метафары (завіруха, буралом, дым-пажар і інш.) стала гал. сімвалам-канцэптам тагачаснай паэзіі і асн. ідэалагічным фактарам для пазітыўнай ацэнкі твораў крытыкай. Гэтая акалічнасць вызначала гал.афіц. кірунак тагачаснай паэзіі як рэв. канцэптуалізм, і менавіта ў яго рэчышчы пераважна развівалася паэзія прадстаўнікоў «Маладняка», БелАППа, «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», розных літ. філій і гурткоў. Найб. яркім прадстаўніком гэтай плыні быў М.Чарот. Для М.Чарота будучыня — гэта велічны паход у заўтра, які пачалі ягоныя «босыя на вогнішчы». Для Ц.Гартнага будучыня асацыіравалася з «панствам працы» і «ўсясветнай камунай». А.Дудар апяваў у сваіх вершах досыць адцягненую «будучыню з сінімі крыламі», а ў канцы 1920-х г. расчараваўся ў яе прыходзе ў вершы «Пасеклі наш край папалам» (1927), за што адным з першых сярод бел. паэтаў арыштаваны і асуджаны. Для паэтаў старэйшага пакалення (Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі) будучыня наогул уяўлялася змрочнай і варожай: перспектыва рэв. пераўтварэння грамадства разыходзілася з увасабленнем у рэчаіснасць бел.нац. ідэі, нягледзячы на заўважныя поспехі палітыкі беларусізацыі ў 1-й пал. 1920-х г. Я.Купала ў вершы «Перад будучыняй» (1922) перадаваў трагічнае светаадчуванне патрыёта-беларуса, які прадбачыць пагібель роднага краю «пад чужой апекай» і ўсведамляе, што яго народ усё яшчэ далёкі ад самавызначэння. Яго зб. вершаў «Спадчына» (1922) вызначаўся патрыятычнай дамінантай і трывожнымі настроямі-прадчуваннямі, а зб. «Безназоўнае» (1924) успрымаўся больш аптымістычна; яго настрой сведчыў, што Я.Купала станавіўся песняром рэв. Беларусі. У вершы «О так, я пралетар» з апошняга зборніка адчувалася схаваная сумная іронія Я.Купалы, які бачыў небяспеку ў імкненні «пралетара» — тагачаснага героя жыцця — лічыць для сябе Бацькаўшчынай цэлы свет. У паэме «Безназоўнае» Я.Купала імкнуўся асэнсаваць рысы перамен у грамадска-гіст. жыцці Беларусі; ён шукае для іх назву, аднак пакідае ў сферы «безназоўнага» або займенніка «яно». У нешматлікіх вершах канца 1920-х г. Я.Купала адлюстраваў працэс ліквідацыі традыцыйнага ўкладу жыцця бел. вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы», 1929) і тыя перамены, якія несла калектывізацыя («Звіслі хмары над калгасам», 1930).
Адчуванне трагічнага «залому» над будучыняй уласціва і тагачаснай паэзіі Я.Коласа. Вершы «Звон шыбаў», «Цені-страхі» і інш. з яго зборніка «Водгулле» (1922) перадаюць трывожны стан чалавека, якога турбуе адчуванне згубленай дарогі, незразумелы метафізічны страх, што прысутнічае паўсюдна. У пач. 1920-х г. Я.Колас закончыў і працу над сваёй паэмай-эпапеяй «Новая зямля», дзеянне якой разгортваецца яшчэ ў дарэв. Беларусі. Пошукі «новай зямлі» становяцца скразной метафарай, якая аб’ядноўвае ўвесь сюжэт і надае твору алегарычнае гучанне: будучы лёс беларусаў звязаны не толькі з зямельнай рэформай, што вырашыць сялянскі лёс, але, паводле біблейскай аналогіі, «новая зямля», як і «новае неба», адкрыецца народу толькі ў выніку ўласнага духоўнага перанараджэння. За гэта творчасць паэтаў старэйшага, нашаніўскага, пакалення крытыкавалася і аспрэчвалася маладнякоўцамі, якія звязвалі будучыню Беларусі з рэвалюцыяй і шукалі адпаведныя сродкі маст. вобразнасці. Футурыстычны наступ авангарду на мінулае М.Чарот увасобіў у вершы «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі. У гэтым вершы адчуваецца схаваная палеміка з купалаўскім ідэалам гіст. мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На Куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. М.Чарот парадзіраваў ключавыя вобразы купалаўскай паэмы: разважлівага князя, кургана, старога замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі развенчана і адпрэчана, бо яно ўвасабляе сац. несправядлівасць і прыгнёт. З палемікі з Я.Купалам пачынаўся і авангардна-рэв. шлях у паэзію М.Грамыкі. У яго паэме «Гвалт над формай» (1922) эпатажна і кідка сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва, якія адпавядалі футурысцкай паэтыцы. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, ён прэтэндуе на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры. Пры гэтым М.Грамыка выказваў захапленне паэмай М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры. Бел. паэты (Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот) праз вобразную сістэму сваіх маст. твораў фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў бел. паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму. Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзярж. ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнай «зброяй». Такую трансфармацыю перажыў футурызм, усё больш адпавядаючы канону утылітарнага мастацтва, або рэв. канцэптуалізму. На рас.літ. глебе ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асн. прынцыпамі якога былі класавасць, рэв. агітацыя і прапаганда, што вельмі выразна адбілася і ў тагачаснай бел. паэзіі. Азначаныя маст. прынцыпы яшчэ ў большай ступені былі характэрныя для П.Шукайлы — кіраўніка суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Ён імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэв. канцэптуалізму. Найб. вядомы яго твор — паэма «Акорды дзён» (1930), у якой паэт з пункту гледжання рэв.-пралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму стыль эпохі. І ў паэзіі, і ў крытыцы П.Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэв. ідэалаў, што абумоўлівала адпаведную танальнасць яго твораў і сістэму маст. вобразаў з паэтызацыяй ідэалагічных штампаў і спецыфічнай авангардысцкай агрэсіўнасцю ў сцвярджэнні новых форм грамадскага ладу. Адпаведна свайму разуменню авангардысцкага стылю эпохі ён распрацоўваў і тэму кахання.
Авангардная паэтыка футурыстычна-лефаўскага кшталту віталася крытыкай і лічылася ўзорнай на тагачаснай ідэйна-эстэт. прасторы. Аднак яна не вычэрпвала сабой багацце і шматфарбнасць бел. паэзіі 1920-х г., дзе прысутнічаў не толькі «прагрэсіўны» рэв. канцэптуалізм, але і т.зв. «ўпадніцкія» тэндэнцыі, што, на думку крытыкаў, адводзілі новае мастацтва ад справы пабудовы вял. будучыні. Тагачасная крытыка абвінавачвала ў гэтым пераважна прадстаўнікоў літ. аб’яднання «Узвышша», якое вылучылася ўвосень 1926 з «Маладняка» і існавала да 1931. Прадстаўнікі «Узвышша» прапанавалі свой новы ідэйна-эстэт. тэрмін — «аквітызм», разумеючы яго як сінтэз рамант. і рэаліст. тэндэнцый, і звязвалі з ім узлёт (узвышэнне) маст. творчасці, бо, на іх думку, маладнякоўцы адышлі ад сапраўдных маст. пошукаў у бок агітацыйнай і прапагандысцкай літаратуры. Узвышэнскія паэты У.Дубоўка, У.Жылка, Т.Кляшторны, Я.Пушча і інш. вярнуліся да стварэння паэзіі пачуццяў і настрояў, сцвярджалі права лірычнага героя новага часу на смутак і каханне, на шчырае чалавечае сяброўства і самаахвярную любоў да Бацькаўшчыны. Яны актуалізавалі літ. традыцыі, вярнулі на п’едэстал адраджэнскіх куміраў Я.Купалу і Я.Коласа, узвысілі да ўзроўню класіка М.Багдановіча, сцвердзілі сваю арыентацыю на скарбы нац. фальклору, вярнулі ў літаратуру нац. ідэю і надалі ёй новае гучанне. Паэты-ўзвышэнцы ў тэме Бацькаўшчыны апявалі не яе шчаслівую рэв. перспектыву, а тыя «дзіды» і «церні», што наканаваны паэту пры служэнні ёй (вершы «О, Беларусь, мая шыпшына», «Часіна ды з сокам рабіны» У.Дубоўкі, «Лісты да сабакі», «Асеннія песні» Я.Пушчы). Яны «снілі сны аб Беларусі», як Я.Купала, шукалі і не знаходзілі «новую зямлю», як Я.Колас, праслаўлялі каханне, пачуцці, права на асабістае жыццё. Усе гэтыя матывы трактаваліся афіц. крытыкай як «блакітная мляўкасць» і недалужнае ўсхліпванне буржуазна-мяшчанскага кшталту, як перажыткі, упадніцтва і багема. Гал. багемшчыкамі называліся Я.Пушча — за імажынізм; У.Жылка — за манеры сярэдневяковага трубадура і за тое, што ў яго не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры; Т.Кляшторны, празваны ледзяным гітарыстам, — за «эстэтнічанне» і меланхалічныя настроі; а таксама Ю.Лявонны, В.Маракоў, П.Трус за той жа адыход ад апявання рэв. ідэалаў. Нават А.Дудар (вядомы як непрымірымы крытык узвышэнцаў Т.Глыбоцкі) зарабіў сабе ярлык упадніка за тое, што ў некат. вершах зборніка «І залацісцей і сталёвей» (1926) паэтызаваў каханне як чароўную ілюзію, часовую прыгожую рэальнасць, куды можна ненадоўга схавацца ад жорсткасці і няўтульнасці жыцця. Прадстаўніком «новабуржуазных плыняў» у 2-й пал. 1920-х г. лічыўся і У.Жылка, які, наследуючы М.Багдановічу, у цыкле «Вершы спадзявання» з пазіцый абсалютызацыі хараства абагаўляў жанчыну і высокае каханне да яе. Гэты ўрачысты пафас узвялічвання жанчыны і пакланення яе хараству ў паэт. парадыгме 1920-х г. успрымаўся негатыўна, бо ўсё пяшчотнае і ўзвышанае каханне належала мінуламу, было адзнакай старога буржуазна-мяшчанскага свету.
Паэтам авангарднага мыслення з яркай глыбокай індывідуальнасцю быў узвышэнец Т.Кляшторны, якога таксама ў 1920-я г. абвінавачвалі ў ясеніншчыне, багемшчыне за паэтызацыю вузка-індывідуалістычных перажыванняў, апяванне безнадзейнага смутку, хмяльных п’яных* уцех і прыхільнасць да мяшчанскіх вобразаў. Маст. ідэалам крытыкамі лічыўся нязломны змагар за новую эпоху сцвярджэння пралетарскай дыктатуры («дыктатуры працы») і барацьбы з ворагамі народа. Ужо ў першым зб. вершаў «Кляновыя завеі» (1927) Т.Кляшторны выкрышталізаваў тыя ўлюбёныя матывы і вобразы, за якія яго крытыкавалі. Найб. жорстка крытыкаваліся надрукаваныя ў час. «Узвышша» ў 2-й пал. 1920-х г. паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы» і «Штурмуйце будучыні аванпосты» У.Дубоўкі, «Сады вятроў» і «Цень Консула» Я.Пушчы і «Калі асядае муць» Т.Кляшторнага. Розныя героі гэтых паэм — гэта героі-апаненты, якія дыскутуюць паміж сабой. Фактычна гэта палемічны роздум паэтаў над грамадскай сітуацыяй канца 1920-х г., над праблемай выбару тагачаснай творчай інтэлігенцыяй свайго шляху ў паслярэв. рэчаіснасці. Выбар заключаў у сабе ключавую антыномію дзесяцігоддзя — старое і новае.
У авангарднай парадыгме 1920-х г. адметна праявіўся імажынізм. Калі футурызм у сваім лефаўскім варыянце збліжаўся з ідэйнымі асновамі пралетарскага мастацтва, то імажынізм успрымаўся тагачаснай афіц. крытыкай як буржуазнае адхіленне ад канонаў пралет. літаратуры. У бел. паэзіі найб. яскрава тэндэнцыі імажынізму праявіліся ў творчасці Я.Пушчы, які фактычна рэалізаваў яго творчыя прынцыпы на бел.паэт. глебе і тым самым паказаў, што бел. слову падуладнае самае вытанчанае эксперыментатарства. Ужо ў першым яго зборніку «Раніца рыкае» (1925) схільнасць да асацыятыўнай, часам манернай вобразатворчасці, да вынаходніцтва новых нечаканых метафар, інверсійнай ускладненасці радка. Гэтую свядомую ўстаноўку на знарочыстую вобразнасць паэт падкрэсліваў і ў вершах пазнейшага зборніка «Vita» (1926), дзе ён рабіў спец. акцэнт на імажынісцкай дамінанце — на вобразах, якія «бягуць гуртамі». Я.Пушча, а ўслед за ім М.Багун, А.Вольны, С.Дарожны, Ю.Лявонны смела эксперыментавалі са словам, ставілі сабе задачу здабыць з іх глыбінь новыя нюансы і новыя сэнсавыя адценні. Для Я.Пушчы школа імажынізму была творчым пошукам свайго індывід. стылю, які быў бы сугучны новаму «стылю эпохі». Сам паэт разам з сябрамі-ўзвышэнцамі імкнуўся вынайсці спец. тэрмін для абазначэння такога стылю. Ён з’явіўся спачатку як вітаізм (ад слова vita — жыццё) і меўся ўвасабляць «сінтэз, стройную сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам»; але пазней у тэарэтычных пастулатах «Узвышша» ён замацаваўся як аквітызм (ад лац. aqua vit — жывая вада). Выпрацоўка тэрміналогіі новага стылю была фактычна бел. укладам у авангардную фазу еўрап. мадэрнізму і сведчыла пра спеласць літ. працэсу на Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у ім шматлікіх ідэалагічных супярэчнасцей. Новы тэрмін, прэтэндуючы быць авангардным, не выключаў, аднак, сувязі з айч.літ. традыцыяй, якая злучала семантыку «жывой вады» з канцэпцыяй «чыстай красы» В.Ластоўскага і М.Багдановіча, а таксама абапіралася на ідэалогію нац. адраджэння. Праз паэтыку аквітызму ўзвышаўцы здолелі сказаць шмат глыбокай маст. праўды пра сябе і свой час.
У панараме літ. жыцця 1920-х г. адметную старонку складала гумарыстычная і сатыр. паэзія К.Крапівы і А.Дзеркача, прадстаўленая пераважна алегарычным жанрам байкі. У іх выкрываліся перашкоды на шляху рэв. перабудовы жыцця, высмейваліся тыя састарэлыя стэрэатыпы, якія тармазілі надыход перамен і выяўлялі заганы «забабоннай» свядомасці. Знакам часу было і з’яўленне шматлікіх жаночых паэт. імён: З.Бандарына, Н.Вішнеўская, Н.Маркава, Я.Пфляўмбаўм, І.Чырвань і інш. Дзякуючы іх паэзіі свет паэт. вобразаў узбагачаўся вобразамі лірычных гераінь, якія шукалі свой шлях у новым часе, прадчуваючы яго трывожнасць і сваю ахвярнасць, актыўна сцвярджалі сябе як носьбітаў новага светаўспрыняцця і ў той жа час не парывалі з традыцыямі. Бел.паэт. авангардызм 1920-х г. ва ўсіх сваіх формах ад рэв. канцэптуалізму да імажынізму арганічна ўпісваўся ў еўрап.літ. працэс. Пры ўсёй адметнасці шляху, якая найперш звязвалася з адраджэнскім пафасам літаратуры, у эстэт. плане Беларусь крочыла «ў нагу» з Еўропай, ствараючы сваю адэкватную («аквітычную») маст. парадыгму, якая з’яўлялася далікатным і самавітым укладам у літ. рух. Творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Александровіча, М.Грамыкі, У.Дубоўкі, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, М.Чарота, П.Шукайлы і інш. забяспечвала арыгінальную прысутнасць бел. паэзіі ў панараме еўрап. мадэрнізму і авангарду.
1930-я г. ў гісторыі бел. літаратуры — перыяд складаны і трагічна цяжкі, як і ў грамадскім жыцці бел. народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і расстраляны. Загінулі: А.Астрэйка, А.Вольны, П.Галавач, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Я.Нёманскі, Ю.Таўбін, М.Чарот і інш. Рапрэсіраваны, але выжылі С.Грахоўскі, У.Дубоўка, П.Пруднікаў, Я.Пушча і інш.Літ. працэс 1930-х г. у сваіх многіх плынях праходзіў пад знакам У.Маякоўскага (А.Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, М.Лужанін і інш.). Асабліва выразна вылучалася арыентацыя на знешнія прыкметы паэтыкі, версіфікацыі (А.Александровіч, А.Дудар і інш.). Творча-ўнутр. арыентацыя давалася цяжэй: паэма «Праз горы і стэп» П.Броўкі (1932), асобныя часткі паэмы «Мужнасць» П.Глебкі (1934—38). Улюбёнай формай сталі заклікі і лозунгі з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу. На пэўны час паэзія, калі і не перапынялася, то апынулася ў досыць крызісным стане. Наглядная ілюстрацыя эпігонства і схематызму — паэма «Крокі ў вяках» М.Багуна (1930). У многіх творах утварылася ілюзія значнасці на мяжы парадыйнасці. Трывогі, роздум над складанасцямі пераўтварэнняў падмяніліся дзяжурнай бадзёрасцю, гіпертрафічнасцю натуральных чалавечых пачуццяў. У некат. творах гучала пропаведзь неразборлівай жорсткасці, бязлітаснасці: паэма «Вайна за мір» А.Дудара (1931). Паэмы «Цені на сонцы» (1928—29), «Паэма імя Вызвалення» і «Паэма пра ворага» (абедзве 1930) А.Александровіча вызначаліся ваяўнічай спробай рэалізацыі ў маст. формах тых ідэй, якія аўтар жорстка прапаведаваў у выступленнях і адміністрацыйным кіраванні. Агульнаўплывовай у 1930-я г. была тэорыя факта. У многіх творах уся ўвага аддавалася апісанню падзейнасці, перадачы «паэтычных» фактаў гіст. змагання: паэмы «1914» П.Броўкі (1933), «Мужнасць» П.Глебкі, «Каршун» А.Звонака (1929).
Творчай удачай многіх частак паэмы «Праз горы і стэп» П.Броўкі сталася не толькі тое, што аўтар адмовіўся ад нагрувашчвання падзей і сітуацый, а спыніў свой выбар на адным эпізадычным факце гісторыі. У полі яго зроку быў унутр. стан чалавека пад навалай нечалавечых выпрабаванняў. Эпізоды аб’ектыўнага дзеяння апынуліся пад моцнай уладай суб’ектыўнага ўспрыняцця праз асобу паэта. Прыкметнай з’явай свайго часу была паэма «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1933), якая лічылася лепшым дасягненнем увогуле ўсёй ліра-эпікі сав. перыяду. Але эстэт. вымярэнне жыццёвых з’яў і абраны апісальна-нарысны прынцып у паэме былі ўсё ж недастатковымі для ўзнікнення значнай эпічнай рэчы. У большай ступені знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне жывыя ўражанні ў нізцы вершаў Я.Купалы, напісанай у Ляўках летам 1935 («Госці», «Алеся», «Вечарынка», «Хлопчык і лётчык», «Лён»). Яны пранізаны лірызмам новага светаадчування чалавека, прасветленай і ўсцешанай яго далучанасцю да здзяйсненняў і перамен у жыцці вёскі. Рамант. вера, якая захапіла паэзію 1920-х г., патроху прыцьмявалася, часам суправаджалася роздумам і смуткам, нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў вершах Я.Купалы. Не падуладныя афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі былі У.Хадыка (зб. «На ўзбярэжжы дзён», 1930) і З.Астапенка (рукапіс яго кн. «Як шум дажджу», быў зняты з выдавецкага плана, 1933). У розных жанравых і стылявых пошуках, у звароце да падзей мінулага (паэмы «Крыўда», 1932; «Гарбун», 1934) і сучаснасці (паэма «Аманал», 1932), у імкненні да арганічнай узаемасувязі лірычнай суб’ектыўнасці асацыятыўных вобразаў з аб’ектыўным паказам рэчаіснасці сталела паэзія А.Куляшова.
1930-я г. вызначаюцца і прытокам у паэзію новых сіл. Сярод паэтаў, якія заявілі пра сябе ў 1930-я г. (некаторыя з іх пачалі друкавацца ў 1920-я г.), — Э.Агняцвет, А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, А.Бялевіч, В.Вітка, А.Вялюгін, Л.Гаўрылаў, С.Грахоўскі, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, К.Кірэенка, А.Коршак, С.Ліхадзіеўскі, Р.Няхай, П.Панчанка, А.Русецкі, М.Сурначоў, А.Ушакоў, С.Шушкевіч.
Літаб’яднанне «Маладняк». 1928.Арганізатары літаб’яднання «Узвышша». Стаяць: А.Бабарэка, Я.Пушча. Сядзяць: К.Чорны, У.Дубоўка, К.Крапіва Мінск. 1926—27.Аўтограф верша «Я ў мастацкім агародзе...» К.Крапівы.
Проза. Пачатак 1920-х г. характарызаваўся перавагай апавядання над інш. празаічнымі жанрамі. Яно адрознівалася стыліст. і ідэйна-змястоўнай разнастайнасцю, супярэчлівасцю. Дарэв. мінулае і сучаснасць, грамадз. вайна і рэв. ломка жыцця, яго навізна і новы чалавек — тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі празаікаў. Асобнымі зборнікамі выйшлі апавяданні: «Казкі жыцця» (1921) і «Крок за крокам» (1925) Я.Коласа; «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Дэлегатка» (1928) З.Бядулі; «Веснаход» (1924) М.Чарота; «Трэскі на хвалях» (1924), «Выбраныя апавяданні» (1926) Ц.Гартнага; «Апавяданні» (1925) А.Бабарэкі; «Пела вясна» і «У віры жыцця» (абодва 1925), «Пад сонцам» (1926), «На чыгунцы» (1928) М.Зарэцкага; «На зломе» (1925) Я.Нёманскага; «Срэбра жыцця» і «Апавяданні» (абодва 1925), «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) К.Чорнага; «Досвіткі» (1926) М.Гарэцкага; «Апавяданні» (1926) К.Крапівы; «Золак» і «Радасць» (абодва 1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929) М.Нікановіча; «Дробязі жыцця» (1927) П.Галавача; «Апавяданні» (1927) М.Лынькова; «Затока ў бурах» (1929) Я.Скрыгана і інш.
Асэнсаванне мінулага становіцца вельмі важным у прозе Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага. Я.Колас у сваёй «малой прозе» (апавяд. «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір» і інш.) выступіў падкрэсленым традыцыяналістам. Вострыя маральна-этычныя праблемы новага часу вырашаліся ім з пазіцый «старога гуманізму», які не звяртаў асаблівай увагі на сац. паходжанне і класавую прыналежнасць чалавека. Псіхалагізм, трапнасць дэталі, мяккі гумар, спакойнае разгортванне сюжэта, любоў і разам з тым вышыня маральных патрабаванняў да чалавека — якасці, характэрныя для апавяданняў Я.Коласа. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» аказалася ў многіх творах 1920-х г. пераможанай ідэяй класавай барацьбы. Калі Я.Колас з трывогай глядзеў на «крывавы вір» нянавісці і жорсткасці рэв. рэчаіснасці, то З.Бядуля лічыў рэвалюцыю найвялікшай справядлівасцю. У яго творах «Бондар», «Дванаццацігоднікі», «Сорам», «Панскі дух», «На зачарованых гонях», якія закранаюць розныя аспекты жыцця «старога свету», падзеі мінулага асэнсоўваліся з пазіцый сучаснага пісьменніку дня. З.Бядуля выкрываў уладу паноў, выказваў ідэі неабходнасці барацьбы з імі, апраўдваў злапамятнасць прыгнечаных і іх помсту прыгнятальнікам. Яго найб. цікавілі каларыт падзей і людзі як маса, індывідуальнасць чалавека засталася па-за яго ўвагай. Большасць апавяданняў З.Бядулі напісана ў рэаліст. манеры, але часам ён звяртаўся і да рамант. узнёсласці, імпрэсіяністычнасці і сімволікі. Ц.Гартны ў сваіх апавяданнях гераізаваў «новых людзей», ствараў вобразы перадавога рабочага, чырвонаармейца і камуніста, эстэтызуючы ў іх рэдкую самаахвярнасць, адданасць рэвалюцыі. Ён адзін з першых у бел. прозе загаварыў пра канфлікт грамадскага і асабістага ў вобразе сав. актывіста, аддаючы перавагу грамадскаму, што пазней стане нормай у літаратуры сацыяліст. рэалізму. Яго творы яскрава сведчылі пра змены ў этыцы і эстэтыцы новага грамадства. Апавяданні М.Зарэцкага, рамантыка, майстра вострага і займальнага канфлікту, драматычна напружанага і авантурнага сюжэта напаўняюць фарбы і рытмы, каларыт і атмасферу новага часу. М.Зарэцкі-маладняковец разглядае «новага чалавека» пераважна з грамадскага боку (лірычны абразок «Камсамолка» і інш.). «Маладнякоўскае» апавяданне, даніну якому аддалі амаль усе маладыя пісьменнікі, што прыйшлі ў бел. літаратуру ў пач. 1920-х г. (А.Бабарэка, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, Я.Нёманскі, М.Нікановіч, Я.Скрыган, К.Чорны), з яго курсам на адмежаванне і адмаўленне ад традыцый класічнай літаратуры несла з сабой значныя змены ў стылістыцы. Яно ігнаравала такія неад’емныя празаічныя катэгорыі, як характар і сюжэт, скептычна ставілася да падрабязнасцей і дэталі. Маладнякоўская вобразнасць характарызавалася вельмі эмац. малюнкам, аздобленым квяцістымі тропамі, узнёсла-лірычнай рытмікай фразы. Яна была заклікана перадаць пачуццё нястрыманай радасці з нагоды перабудовы і абнаўлення жыцця. М.Зарэцкі ўзяўся даследаваць чалавечую душу, разумеючы ўсю складанасць і адказнасць гэтай задачы. Ад бессюжэтных паэт. абразкоў і лірычных імпрэсій ён перайшоў да сюжэтных апавяданняў, у якіх яго цікавілі канкрэтныя людзі, канкрэтныя лёсы. Праз большасць яго твораў праходзіць тэма кахання, сям’і, яе мэтазгоднасці, духоўнай прыгажосці жанчыны (апавяд. «Мар’я», «Ворагі», «Бель», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...» і інш.).
Глыбокі роздум пра жыццё, выразныя элементы псіхал. аналізу ў апавяданнях К.Чорнага 1920-х г. Яго лірычная проза вельмі хутка змянілася эпічнай апавядальнай формай развіцця тэмы, выражэння думак і пачуццяў. Пісьменнік-псіхааналітык К.Чорны разам з К.Крапівой, М.Чаротам, Я.Коласам і інш. паспяхова развівалі і гумарыстычна-сатыр. лінію ў бел. апавяданні таго часу («Вясковая ветэрынарыя», «Маё дзела цялячае», «Мяшчане ў густой пары» К.Чорнага, «Людзі-суседзі», «Каровін мужык», «Мой сусед», «Вайна», «Певень», «Хвост» К.Крапівы, «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт» Я.Коласа, «Дзіўная заява», «Чалавек, які не нарадзіўся» М.Чарота і інш.). У сатырычна-гумарыст. апавяданнях «Трыумф», «Драматург і лірычны паэт» Я.Колас спыняе ўвагу на праблемах літ. жыцця ў краіне ў першыя паслярэв. гады. Абсурднае, карыкатурнае ў жыцці 1920-х г. добра ўмеў заўважыць М.Чарот. У апавяд. «Чалавек, які не нарадзіўся» ён па-свойму малюе тыя ж «папяровыя жахі», што і У.Маякоўскі ў аднайм. вершы. У жанрах фельетона, гумарэскі, жарту, анекдатычнага апавядання выступалі розныя па характары таленту пісьменнікі.
2-я пал. 1920-х г. характарызуецца большай увагай да прыроджанага, псіхал., унікальнага ў чалавеку; сац., класавае адыходзіць на другі план. З’явіліся першыя апавяданні Л.Калюгі, які зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У цэнтры яго апавяд. «Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капераціўскі сабака», «Трахім з пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі» — характары моцныя, нестандартныя, сфарміраваныя ў нар. глыбінях. Ц.Гартны, які ў найб. ступені аддаваў даніну класаваму гуманізму, вызваліўся з-пад яго ўлады і перайшоў ад паказу падзей да паказу ўнутр. жыцця чалавека (апавяд. «На новым месцы» і «Таварыш інспектар»). Свет чалавечых страсцей і думак, тое, што ўнутры, а не вакол яго, усё больш цікавіць К.Чорнага (апавяд. «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць», «Спатканне з васпаватым чалавекам»). У гэты час бел. проза папоўнілася імёнамі С.Баранавых, В.Каваля, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Мрыя, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, Х.Шынклера. Арганічны сінтэз рамант. і рэаліст. элементаў уласцівы творам М.Лынькова. Яго апавяд. «Над Бугам», «Кларнет», «Маньчжур», «Андрэй Лятун» сведчаць пра ўменне пісьменніка знайсці яркае, гераічнае ў жыцці, рамантыку ў прозе і разам з тым цвяроза заўважаць рэальна існуючыя праблемы.
Адбылося станаўленне маштабнай, «чалавеказнаўчай» бел. прозы, вядучае месца ў ёй занялі жанры рамана і аповесці. Выйшлі ў свет першыя кнігі трылогіі Я.Коласа «На ростанях» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927) і яго аповесць «На прасторах жыцця» (1926). Паявіліся раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны» (асобн. выд. 1922—23), аповесці «У чым крыўда?», «Ціхія песні» і дакумент.-маст. запіскі «На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага (усе 1926) аповесці «Свінапас» (1924) М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара (абедзве 1925), «Мяцеліца» М.Нікановіча (1926), «Партызан» Я.Нёманскага (1927), «Ні госць ні гаспадар» Л.Калюгі (1928), аповесць «Голы звер» (1926) і раман «Сцежкі-дарожкі» (1927) М.Зарэцкага, аповесць «Салавей» (1927) і першая кніга рамана «Язэп Крушынскі» (1929) З.Бядулі, раманы «Сястра», «Зямля» (абодва 1928) і аповесць «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнага, раманы «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя (1929), «Сын» Р.Мурашкі (1929) і інш. Першыя буйныя палотны бел. пісьменнікаў прысвечаны тэме дарэв. мінулага. Аднагеройнасць, аўтабіяграфізм, хранікальнасць, багацце «бытавога матэрыялу», псіхалагізм, замаруджанасць сюжэта за кошт паглыблення ва ўнутр. жыццё героя, лірычных адступленняў — асн. рысы першых бел. раманаў і аповесцей. Для маладой бел. прозы была новай такая зацікаўленасць «шырокім светам чалавечых думак», якая раскрыта ў аповесці Я.Коласа «У палескай глушы». Другая яго аповесць «У глыбі Палесся» больш дынамічная. У ёй прыкметна адрозніваецца спосаб выяўлення псіхалогіі героя: знешняе, аб’ектыўнае жыццё пераважае над унутр., суб’ектыўным. Бел. проза не ведала такога панарамна-аналіт. партрэтнага жывапісу, такой яго шматтэмнасці, як у трылогіі «На ростанях». У ёй створаны запамінальныя партрэты людзей розных грамадскіх пластоў. Эпічны талент пісьменніка імкнецца выйсці «на шырокі прастор», на плённы шлях «шматгалосся», перакрыжавання ў адной сцэне розных пунктаў погляду.
Бел. сац.-гіст. раман ствараўся ва ўмовах ідэі класавай барацьбы і ўстаноўкі рэвалюцыі, якая абвяшчала пралетарыят сваім гегемонам. Таму пісьменнікі пераключаліся з сялянскай тэмы на стварэнне вобраза рабочага-рэвалюцыянера. Адным з першых да яго адлюстравання звярнуўся Ц.Гартны ў рамане «Сокі цаліны» (1-я кніга «Бацькава воля» выйшла ў 1922, 2-я — «На перагібе» — у 1926, дзве апошнія — «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — у 1929). 1-я частка рамана — сац.-быт. і глыбока псіхал. твор, у якім аўтар асэнсоўваў перажыты ім жыццёвы матэрыял. У трох наступных яго частках пераважаюць умоўнасць, прыблізнасць, павярхоўнасць у адлюстраванні псіхалогіі герояў. Пісьменніку не ўдалося арганічна звязаць у адзін вузел асабістае, бытавое і грамадскае жыццё свайго гал. героя. Вобраз маладога і прыгожага змагара за нар. шчасце, т.зв. новага чалавека, імкнуліся стварыць «маладнякоўцы». У 1924—27 выйшаў шэраг прыгодніцка-рамант. аповесцей пра грамадз. вайну: «Свінапас» М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара, «Мяцеліца» М.Нікановіча, «Партызан» Я.Нёманскага. Гэтыя творы вылучаліся займальным, дынамічным сюжэтам, яркімі рамант. фарбамі, умоўнасцю палажэнняў, нематываванасцю ўчынкаў. Яны былі закліканы абудзіць у чытача класавую нянавісць. Ім уласціва празмерная наіўнасць, не хапала псіхалагізму, але яны ўзбагачалі прозу новымі сродкамі выразнасці, пашыралі яе сюжэтныя гарызонты. У аповесці «На прасторах жыцця» Я.Колас заклікаў моладзь авалодваць ведамі, выходзіць «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Нягледзячы на знешняе падабенства Сцёпкі да герояў «маладнякоўскай» прозы, коласаўскі герой аказваецца натурай больш глыбокай: культура пачуцця, тактоўнасць, далікатнасць, павага да іншых. Я.Колас, стоячы на грунце нар. светапогляду, вывяраючы ім дзеянні і ўчынкі героя, заўважае адхіленні ад яго ў паводзінах юнакоў і як бы выпраўляе іх думкай народнай. Аповесць З.Бядулі «Салавей» блізкая да «маладнякоўскіх» аповесцей сваім пафасам барацьбы за справядлівасць, сац.-вызв. матывамі, вобразам юнага змагара, хаця і малявала часы паншчыны. У творы арганічна пераплятаюцца рамант. светаадчуванне, амаль казачнасць сітуацый, лірычна-гумарыст. афарбоўка, рэаліст. фарбы і гратэскнасць. У аповесці ўзняты хвалюючыя праблемы сапраўднага прызначэння мастацтва, свабоды мастака-творцы. Томы інтэлігенцыі і рэвалюцыі, пошукаў гал. героем-інтэлігентам «у першым пакаленні» сваіх месца і моты ў жыцці вырашаюцца не толькі ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях», але і ў рамане М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», блізкім ёй і па сваім чалавекалюбным пафасе і аналітызме. Рэаліст. паказ рэв. руху ў ім спалучаецца з рамант. бачаннем свету і людзей. У аповесці «Голы звер» (1926) М.Зарэцкі выкрывае маральную пазіцыю «звышчалавека», індывідуаліста, які вырашыў дазволіць сабе ўсё, што не дазволена людскімі законамі. І «Голы звер», і «Сцежкі-дарожкі» з’яўляюцца сімбіёзам розных стыляў: рамант., лірычныя, рэаліст. і сатыр. элементы вобразнасці. Пустое марнатраўства жыцця, паразітызм «цёмнага нэпманаўскага зброду» выкрывае Р.Мурашка ў аповесці «У іхным доме» (1929).
Першыя раманы К.Чорнага «Сястра» і «Зямля» (абодва 1928) сведчаць пра тое, што бел. празаікі напружана шукалі новыя сродкі адлюстравання працэсаў унутр. жыцця чалавека, не спыняючыся на традыцыйных, ужо адкрытых рус. і сусв. празаікамі. Раман «Сястра» блізкі да твораў «плыні свядомасці». Блізкасць заключаецца ў амаль поўнай адсутнасці знешнепадзейнага плана, у акцэнце на суб’ектыўным псіхалагізме. У рамане «Зямля» К.Чорны малюе яркія псіхал. партрэты сялян, не здраджваючы аб’ектыўнасці і гіст. праўдзе. Раман выводзіў бел. прозу на перспектыўны шлях псіхал. аналізу і праўдзівасці характараў, глыбокага даследавання жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнаму давялося дэманстраваць і «даказваць» сваю «партыйнасць», змагаючыся з уласніцкай псіхалогіяй, выкрываючы індывідуалістычную філасофію. Апавядальны тон аповесці ў некат. месцах нагадвае тон тэндэнцыйнага публіцыст. артыкула ці нарыса. Раман К.Чорнага «Зямля», аповесць «Лявон Бушмар» побач з аповесцю С.Баранавых «На абрэзках зямлі», у якой абуджалася класавая нянавісць да кулакоў і багацеяў, адкрывалі новую для бел. прозы тэму калектывізацыі.
Творы маладых пісьменнікаў, нягледзячы на многія ўласцівыя ім недахопы — фрагментарнасць, рэпартажнасць, фактаграфізм, капіраванне з натуры, часам здзіўлялі каштоўнасцю сац. адкрыццяў. Аповесць Л.Калюгі «Ні госць ні гаспадар» прасякнута трывогай, занепакоенасцю станам сучаснага яму грамадства, з’яўленнем у ім «ні госця ні гаспадара». У гэтым эпічным творы пра першых бел. камсамольцаў пісьменнік узняўся над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваў працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Пісьменнікі шукалі новых людзей не ў «адсталым» сялянскім асяроддзі, а ў асяроддзі гараджан, рабочых, звязваючы з імі нараджэнне новай маралі, новага жыцця. Раман Р.Мурашкі «Сын» (1929), як і раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны», вылучаецца жорсткай сац. запраграмаванасцю героя-рэвалюцыянера, яго наіўнай гераізацыяй. У рамане «Драпежнікі» Я.Нёманскага (1928—30, няскончаны) шырока разгорнута жыццё бел. грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны. Нягледзячы на пакладзены ў аснову рамана прынцып кантрастнага супастаўлення (з аднаго боку — «драпежнікі», з другога — рабочыя і сяляне), ён вызначаецца жыццёвай праўдай і пераканаўчасцю ў перадачы думак і пачуццяў герояў. З М.Гарэцкім звязана з’яўленне ў бел. прозе новай жанравай разнавіднасці — дакумент.-маст. запісак (форма дзённіка). У цэнтры яго аповесцей «У чым крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне», якія ўяўляюць сабой трылогію, — драм. лёс прадстаўніка бел.нац. інтэлігенцыі сялянскага сына Лявона Задумы. У заключнай кнізе трылогіі «На імперыялістычнай вайне» эпісталярная форма падачы матэрыялу аказваецца вельмі плённай, бо дае поўную свабоду для самараскрыцця героя. На гэтым фоне рэзка вылучаецца сатыр. раман А.Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар нідзе ў сваім творы не звяртаецца да адкрытых абуральных інтанацый, да голага выказвання нянавісці, да тых заган сац. жыцця і носьбітаў зла, з якімі ён змагаецца. Гал. яго зброя барацьбы — смех, іранічная насмешка. Твор напісаны ў форме дзённіка гал. героя «тыповага выскачкі» Самсона Самасуя. Гэты раман А.Мрыя — вяршыннае дасягненне не толькі бел., але і ўсёй сав.сатыр. прозы.
Адметнасць яго — у абагульняльным размаху сатыр. карцін, у выбары самога аб’екта сатыр. высмейвання, у разнастайнасці спалучэння сродкаў абмалёўкі персанажаў, сатыр. фарбаў, у глыбіні маст. спасціжэння сучаснага яму жыцця, у мове. Пісьменнік шырока ўводзіў у моўную тканіну рамана бюракратычныя штампы, канцылярызмы, праз парадзіраванне якіх лепш адчуваецца і ўнутр. сутнасць герояў, і «грамадскія хваробы» паслярэв. рэчаіснасці. У далейшым рэаліст.-сатыр. лінія, якую так паспяхова развіваў у вял. эпічным жанры А.Мрый, наогул знікае з гарызонту бел. прозы (застаецца толькі драматургія). У канцы 1920-х г.бел. пісьменнікі імкнуліся пашырыць тэматычныя гарызонты нац. прозы, рабілі спробы стварыць «вытворчы раман», каб апець будаўніцтва новага жыцця, працоўны і творчы энтузіязм новага чалавека, ударную працу і сацспаборніцтва. Такая «вытворчая праблематыка» цікавіла Х.Шынклера ў аповесці «Сонца пад шпалы», у якой ёсць нямала старонак, напісаных з псіхал. паглыбленасцю ў вобразы, аднак схематызм, ілюстратыўнасць, палітызацыя моцна зніжаюць эстэт. ўзровень твора. Адным з дасягненняў прозы таго часу з’явілася развіццё літаратуры для дзяцей. Аповесці Я.Маўра «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі» (абедзве 1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) адразу сталі папулярнымі і любімымі творамі бел. дзетвары. Пісьменнік удала спалучыў прыгодніцкія элементы з рэаліст. сродкамі характарыстыкі і з прыёмамі навук.-папулярнага жанру. Жыццю школьнікаў прысвечаны зб.апавяд. «Гул бубна» А.Якімовіча (1925).
1920-я г. — шчодры на творчыя адкрыцці перыяд, які адрозніваўся дыялогам-спрэчкай розных літ. школ і кірункаў, маст. густаў, метадаў паказу чалавека. Менавіта ў гэты час выпрацаваны нац. традыцыі эпічнага адлюстравання жыцця, на якія абапіралася пазнейшая літаратура, распрацаваны стыль прозы, пашырыліся выяўл. магчымасці бел. мовы. Проза 1930-х г. значна бяднейшая на фарбы і колеры, больш аднастайная ў ідэйна-змястоўным і стылявым плане, нягледзячы на тое, што яна прадстаўлена досыць вялікай колькасцю раманаў, аповесцей, апавяданняў і навел.
У 1930-я г. працягвалі свой творчы шлях пісьменнікі, якія выступілі ў друку ў 1920-я г., — П.Галавач, М.Зарэцкі, Л.Калюга, К.Крапіва, А.Мрый, М.Паслядовіч, Э.Самуйлёнак, Я.Скрыган, К.Чорны, Х.Шынклер і інш., а таксама старэйшыя пісьменнікі, вядомыя ўжо ў дакастрычніцкі час, — Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля. У гэты час у бел. літаратуру прыйшлі празаікі У.Краўчанка, Б.Мікуліч, А.Стаховіч і інш. Многія бел. пісьменнікі ў гэты перыяд былі абвешчаны ворагамі народа і рэпрэсіраваны, некат. расстраляны: С.Баранавых, П.Галавач, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, В.Коваль, Л.Калюга, А.Мрый, Я.Нёманскі і інш.
Адной з цэнтральных у бел. прозе 1930-х г. з’яўлялася тэма калектывізацыі. Ёй прысвечаны раманы «Ідзі, ідзі» К.Чорнага (1930), «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (1929—32), «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Мядзведзічы» К.Крапівы (абодва 1932), «Перагуды» Ц.Гартнага (1935), «Салаўі святога Палікара» Р.Мурашкі (1933—39), аповесці «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (1931—32) С.Баранавых, «Адшчапенец» Я.Коласа, «Спалох на загонах» П.Галавача (абедзве 1930—31), «Чорная Вірня» Б.Мікуліча (1931) і інш. Амаль у кожным з гэтых твораў праводзіцца ідэя пра неўладкаванасць сялянскага жыцця, пра неабходнасць перамен, карэннай ломкі дробнаўласніцкай сельскай гаспадаркі.
Маст. літаратура 1930-х г. павінна была стаць прапаведніцай палітыкі партыі. Многія пісьменнікі добра ўсвядомілі гэтую пастаўленую перад імі задачу і пачалі замяняць маст. малюнак плакатам-агіткай. Ніводзін твор пра калектывізацыю не абыходзіцца без вобраза кулака: «Мядзведзічы» К.Крапівы, «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Межы» С.Баранавых, «Вясна» К.Чорнага і інш. Усе яны малююцца досыць аднастайнымі, зніжанымі фарбамі. У кожным з іх пададзена ўласніцкая прагавітасць і сквапнасць. Час вялікага пералому пісьменнікі 1930-х г. малявалі досыць схематычна. У многіх творах пра калектывізацыю сяляне асуджаліся як прадстаўнікі старога, цёмнага свету. Творам, у якім раскрыта трагедыйнасць таго часу, мог быць незавершаны раман Л.Калюгі «Пустадомкі» (1933—35). Ён напісаны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, таму не мог у свой час з’явіцца ў друку (надрукаваны ў канцы 1980-х г.). Аўтар пільна прыглядаецца да маральнага аблічча калег па пяру і заўважае, як многія з іх паступова становяцца прыстасаванцамі.
Літаратура 1930-х г. шмат увагі аддавала пытанням кахання, шлюбу і сям’і, адносінам новай улады да жанчыны. Яна актыўна прапагандавала новы тып жанчыны, чужы традыцыйнаму светапарадку (раманы «Вязьмо» М.Зарэцкага і «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). Этыка кахання, шлюбу і сям’і моцна цікавіць К.Чорнага ў аповесці «Люба Лук’янская» (1936), дзе асабліва выразна акрэсліваецца разыходжанне хрысціянскай і сав. маралі. Аповесць К.Чорнага «Люба Лук’янская», яго раман «Трэцяе пакаленне», апавяданні М.Лынькова і Я.Скрыгана сцвярджаюць сацыяліст. мараль як вышэйшую форму маралі. «Вытворчая» аповесць Б.Мікуліча «Наша сонца» (1931) малюе вобраз «новага чалавека», занятага выключна грамадскімі справамі. Чалавек і складаны свет яго думак зацямняюцца і ў аповесцях А.Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М.Паслядовіча «Магістральны канал» (1940), у якіх апісанне вытв. працэсу становіцца ледзь не самамэтай. Арыентацыя літаратуры на актыўнае ўмяшанне ў жыццё нарадзіла і антыфашысцкія творы, накіраваныя супраць усіх форм таталітарызму. У іх ліку аповесці «Марсель» М.Паслядовіча (1931), «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка (1933), «Носьбіты нянавісці» (1935—36) і «Яны не пройдуць» (1936—37) П.Галавача. Некат. пісьменнікі, у т. л. Я.Колас, М.Лынькоў, Э.Самуйлёнак, К.Чорны, звяртаюцца да мінулага бел. народа. Іх цікавіць гіст. развіццё нацыі, непарыўная повязь часоў, пераход дня ўчарашняга ў дзень сённяшні і будучы.
Значнай падзеяй у літ. жыцці таго часу з’явілася аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1932—33). У вобразе 70-гадовага дзеда Талаша, мужнага, вольналюбівага паўстанца, партызана, Я.Коласу ўдалося ўвасобіць нац. характар беларуса. Я.Колас ішоў ад рэальнага факта, ад рэальнага прататыпа, што спрыяла праўдзівасці і жыццёвасці твора. Псіхал. пераканальнасць у абмалёўцы персанажа, добры, мяккі гумар, займальнасць інтрыгі, драматызацыя сюжэта, эпічны размах — усё гэта надавала аповесці эстэт. каштоўнасць. Да шырокай панарамнасці і аналітычнай заглыбленасці імкнуўся ў сваёй творчасці К.Чорны. Ён задумаў напісаць цыкл твораў, у якіх хацеў стварыць карціну развіцця чалавечага грамадства. Задума часткова матэрыялізавана ў раманах «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935). Да рэв. мінулага звернуты шырокія эпічныя палотны: раманы «Праз гады» П.Галавача (1934—35) і «Будучыня» Э.Самуйлёнка (1936—38). Шэраг партрэтаў местачкоўцаў створаны ў эпапеі «На чырвоных лядах» М.Лынькова (1934), у аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) З.Бядулі.
Адметнай старонкай у прозе 1930-х г. з’яўляюцца раманы М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931—32) і «Камароўская хроніка» (1932—37), у якіх пісьменнік імкнуўся рэалізаваць задуму пра стварэнне хронікі некалькіх пакаленняў адной сям’і, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён. Незавершаны раман-эпапея «Камароўская хроніка» вызначаецца вялікім часавым прамежкам — жыццё беларусаў на працягу 19 — пач. 20 ст. Ён уяўляе сабой летапіс-даследаванне вясковага жыцця. Узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 1930-х г., — раман Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1933—39). Глыбокі псіхалагізм, гуманістычны пафас, сінтэз розных стыляў, розных тыпаў вобразнасці (рэалістычна-аналітычнае пісьмо, узвышаная рамантыка, лірызм «у чыстым выглядзе», моцны сатыр. струмень) гавораць пра наватарства твора.
Нягледзячы на неспрыяльнае для творчасці грамадска-паліт. становішча ў краіне бел. проза 1930-х г. здолела прадэманстраваць вялікія магчымасці нац. слова ў асваенні новых сфер чалавечага жыцця. Проза 1920—40-х г. заклала падмурак, на якім паслядоўнікі змаглі больш упэўнена ўзводзіць будынак нац. літаратуры.
Драматургія У пач. 1920-х г.бел. драматургія ўступіла ў новую, прынцыпова адрозную ад ранейшых, стадыю развіцця, абумоўленую адкрыццём першых у гісторыі айч. культуры прафес.бел.-моўных тэатраў: 10.8.1920 у памяшканні Бел. рабочага клуба распачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка», а 14.9.1920 на сцэне гар. тэатра адбылася прэм’ера Бел.дзярж. тэатра. Наяўнасць двух нац.прафес. тэатраў аб’ектыўна адкрывала перад бел. драматургіяй небывалыя раней перспектывы.
Працэс пераходу ад рэжыму выжывання да нармальнага творчага функцыянавання ў бел. драматургіі праходзіў не без супярэчнасцей. Новы этап драматургічнай творчасці пачаўся не новымі па сваёй паэтыцы п’есамі: «Суд» У.Галубка, «Мутэрка» М.Гарэцкага, «Конскі партрэт» (усе 1920) і «Пасланец» Л.Родзевіча (1921), якія тэматычна і паводле сэнсава-выяўл. асаблівасцей напісаны ў адпаведнасці з традыцыямі бел. дакастрычніцкай літаратуры. Сюжэт камедыі «Суд» У.Галубка заснаваны на крытыцы судова-бюракратычнай машыны царскай Расіі; абразок з натуры «Мутэрка» М.Гарэцкага прысвечаны балюча-актуальным для Беларусі ва ўсе часы праблемам здрадніцтва нац. інтарэсам з боку інтэлігенцыі выкрыццю яе духоўнага кампрадорства. Грамадз. пафас уласцівы і камедыі «Пан міністар» Ф.Аляхновіча (1922). Вадэвіль «Конскі партрэт» і сцэн. абразок «Пасланец» Л.Родзевіча развівалі традыцыі быт. сатыры, камедыі становішчаў.
У пошуках новых форм маст. выразнасці, актуалізацыі сюжэтна-падзейнага зместу твораў бел. драматургіі прыйшлі да распрацоўкі фальклорна-этнагр. матэрыялу, да якога яны звярталіся і раней, калі паўставала неабходнасць аздобіць дзею каларытнай фактурай, надаць ёй натуральнасць гучання. Ідэяй стварэння серыі фальклорна-этнагр. п’ес захапіўся Е.Міровіч. Дзеля гэтага ён запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх бел. пісьменнікаў. Найб. плённым такое супрацоўніцтва аказалася з М.Чаротам, які ўжо меў вопыт пісьменніцкай, паэт. і тэатр. дзейнасці: выступаў як акцёр, быў аўтарам камедыі «Жаніх без шлюбу» (1919), драмы «Слуцкая варона» (1920), аднаактовых п’есак для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920). Яго музычна-этнагр. п’еса «На Купалле» не проста сінтэзавала ранейшы вопыт сцэн. асэнсавання фалькл. сюжэтаў, але дэманстравала прынцыпова новыя магчымасці такога асэнсавання. Па-першае, бел. драматургія, якая мела слабейшыя літ. традыцыі, чым многія інш. народы, арыентуючыся на ўласны фальклор, застрахоўвала сябе ад страты нац. адметнасцей (такая небяспека была зусім рэальнай у атмасферы татальнага непрыняцця класічных традыцый, адмаўлення ад набыткаў «старой» драматургіі, якія насаджалі пралеткультаўскія тэарэтыкі). Па-другое, фальклорна-этнагр. п’есы выконвалі народаадкрывальныя функцыі (напр., маскоўскія тэатр. аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923, калі БДТ выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы, адзначылі, што гэты спектакль раскрыў рус. гледачу душу бел. народа лепш, чым гэта зрабілі б дзесяткі навук. артыкулаў). Гэтыя п’есы адкрывалі Беларусь не толькі для народаў свету, але і для саміх беларусаў, якім пасля доўгіх гадоў нац. ўціску было няпроста самаідэнтыфікавацца, усвядоміць сваю дзяржаўнасць, пераадолець сіндром тутэйшасці. П’есы, заснаваныя на традыц.фалькл. сюжэтах, былі новым словам у літаратуры Беларусі, бо адкрывалі невядомыя раней тэматычныя гарызонты. Выкарыстанне нар.-паэт. прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механістычнага капіравання фалькл. сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання.
Сац.-паліт. заангажыраванасць драматургіі таго часу абумовіла зварот пісьменнікаў да гіст. тэматыкі. У п’есах «Пан Сурынта», «Плытагоны» У.Галубка (абедзве 1923), «Панскі гайдук» Я.Дылы (1924), «Паўстанцы» А.Александровіча (1925) мінулае бел. народа паўстае яшчэ на ўзроўнях фалькл. памяці, а ўжо ў драмах «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча (1923) і «Скарынін сын з Полацка» М.Грамыкі (1926) ушчыльную наблізілася да строгай дакументальнасці. Працэс маст. асэнсавання гіст. мінулага, актуальнасць якога павышаецца на пераломных этапах жыцця народа, не знайшоў свайго гарманічнага завяршэння, бо барацьбу з творчай арыентацыяй на фальклор распачалі пралеткультаўцы. Асабліва востра крытыкаваліся п’есы з гіст. зместам: за «фетышызацыю» традыц.маст. сродкаў (у новых умовах патрэбна не стылізацыя пад мінулае, а свядомае, паслядоўнае тварэнне будучага), за «ідэалізацыю» мінулага, як праяву нацыяналізму. Былі зняты з рэпертуару «Вяселле» В.Гарбацэвіча (1921), «Машэка» (1923) і «Каваль-ваявода» (1924) Е.Міровіча, «Апраметная» В.Шашалевіча (1926).
Як альтэрнатыву этнаграфізму пралеткультаўцы прапагандавалі тэатр масавых дзействаў. Але ён не меў пашырэння на Беларусі: адбыўся толькі адзіны плошчавы спектакль «Праца і капітал» (1921), ажыццёўлены ў Мінску Е.Міровічам. Бел. драматургія звярнулася да гераічнага тэатра. Асн. патрабаванні да п’ес гераічнай тэматыкі: у творах пафас рэвалюцыі (рамантызм, агітацыйнасць) павінен спалучацца са строгім рэалізмам гісторыі і сучаснасці (мастацкасць і праўдзівасць), цалкам супадаць з творчымі пастулатамі бел. драматургаў. П’есай-вытокам з’явілася драма «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча (1923), прысвечаная мужнай барацьбе і пакутніцкай смерці камсамольцаў-партызан з вёскі Дукора, расстраляных польскімі акупантамі ў 1920. Гераічныя падзеі, барацьба з акупантамі асэнсоўвалася і ў драме «З дымам-пажарам» А.Ляжневіча (1924). М.Гарэцкі ў гісторыка-рэв. драме «Чырвоныя ружы» (1922) намаляваў уражлівую рэтра-панараму нарастання рэв. незадавальнення. Не менш уражліва паказаны і катастрафічныя вынікі шматвяковага процістаяння прыгнечаных і прыгнятальнікаў. П’есы «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927—31) Я.Коласа дэманстравалі высокі маст. ўзровень увасаблення гераічных характараў, пераканаўча паказвалі заканамернасці прыходу нар. мас у рэвалюцыю. Да сярэдзіны 1920-х г. выразна акрэслілася патрабаванне паказу і ўслаўлення сацыяліст. будаўніцтва, сав. ладу жыцця. Аб праявах новага ў чалавечых узаемаадносінах напісаны п’есы «Лекары і лекі», «Два жаніхі» А.Гаротнага, «Дзень ураджаю» І.Барашкі (усе 1925), «Пашанцавала» Т.Кашэль, «Чырвоная касынка» Г.Базыленкі (абедзве 1926), «Пад вішнёвымі садкамі» В.Гарбацэвіча, «Бацька і сын» (абедзве 1927), «Спявай, вясна!» (1928) В.Сташэўскага і інш. Яны не вызначаліся высокім маст. узроўнем, аднак зрабілі пэўны ўклад у выпрацоўку жанравых традыцый, у назапашванне вопыту сцэн. асваення праблем сучаснасці. Не ўзняліся да маст. вышынь і творы на антырэліг. тэму: «Калі дзяк гаворыць праўду» А.Вольнага (1924), «У цемры» (1927) і «У прошчы» (1928) В.Сташэўскага, «За калгас» Я.Мазуркевіча (1929). Праява крайняй ступені грамадскай заангажыраванасці драматургіі 1920-х г. — агітп’есы. Яны пераважна заказваліся аўтарам, іх аператыўна друкавалі, ставілі, ухвалялі ў перыяд. друку безадносна да маст. вартасці. Агітп’есы былі пэўным фактарам нар.-гаспадарчай дзейнасці краіны. Яны прапагандавалі калектывісцкую свядомасць («Чаму Янка ў камуну пайшоў» М.Міцкевіча, 1924; «Нечаканае» Ю.Лявоннага, 1926; «Старое і новае» А.Цітавай, 1929), папулярызавалі сярод насельніцтва сельскагаспадарчыя веды («У агранома» А.Вольнага, 1924; «Суд над трохпалёўкай» Н.Уліцына, 1925; «Наша свята» А.Дабравольскага, 1926) і інш.
Важнейшая асаблівасць развіцця бел. драматургіі 1920-х г. — універсальнасць яе творчых пошукаў. Яна была адкрытая для ўсіх навацый, якія засвойваліся метадам спроб і памылак, паступова назапашваўся прафес. вопыт, расла колькасць драматургічных твораў. Часцей драматургія папаўнялася п’есамі, арганічна ўгрунтаванымі ў духоўны нац. кантэкст, знітаванымі з глыбіннымі праблемамі рэчаіснасці. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад трагікамедыі Я.Купалы «Тутэйшыя» (1922). Абапіраючыся на ранейшы (В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каганец) і інш. вопыт сатыр. выкрыцця манкуртызму, развіваючы адраджэнскі курс нашаніўцаў, Я.Купала даў узор працы ў новых сац.-паліт. умовах, паказаўшы шляхі дасягнення сапраўднай маст. дасканаласці і высокай грамадзянскасці. Е.Міровіч, ідучы ад «Тутэйшых», здолеў у сатыр. камедыі «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) выкрыццё цынізму і прыстасавальніцтва ўзняць на новую маст. вышыню. Купалаўскі вопыт сатыр. ўвасаблення вобразаў персанажаў адчуваецца і ў камедыі «Ветрагоны» У.Галубка (1930). У канцы 1920-х г. з’явіліся п’есы на тэму індустрыялізацыі «Запяюць верацёны» Е.Міровіча (1928), «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца (абедзве 1929), «Напор» А.Александровіча, «Качагары» І.Гурскага (абедзве 1931), «Белая зброя» У.Галубка (1933). Гэтыя п’есы значна пашыралі сюжэтна-тэматычныя гарызонты драматургіі, абсягі спасціжэння ёю новых жыццёвых рэалій, але аўтары іх, засяроджваючы залішне пільную ўвагу на шкодніках, сабатажніках, дыверсантах і інш., вольна ці нявольна інспіравалі ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці. У п’есах на тэму калектывізацыі матывы шкодніцтва занялі дамінуючае становішча, набыўшы асабліва змрочнае адценне: «Засеўная» і «Помста кулацкая» Б.Крамскога (абедзве 1930), «Сварка» і «Бальшавіцкая вясна» І.Гурскага, «На пэўным шляху» С.Якаўлева, «Шляхі» У.Стэльмаха, «Камяніца» М.Міцкевіча, «Песні нашых дзён» В.Гарбацэвіча, «За калгас» Я.Мазуркевіча (усе 1930), «Трактар» М.Блісцінава (1931) і інш. Схематызму сюжэтнай будовы, ідэалагічнай зададзенасці ў паказе праблем калектывізацыі не без поспеху спрабавалі пазбегнуць В.Шашалевіч («Рой», 1931), К.Чорны («Лета», 1932), М.Зарэцкі («Сымон Карызна», 1933), В.Сташэўскі («Мікола Гоман», 1936). Паспяховым было таксама асэнсаванне антыфашысцкай тэматыкі ў п’есах «Rot front» (1933) Б.Мікуліча і «Сімфонія гневу» (1935) В.Шашалевіча.
1930-я г. саступалі папярэдняму дзесяцігоддзю і колькасцю напісаных п’ес, і разнастайнасцю творчых пошукаў. Але ў гэты перыяд было шмат зроблена для прафес. росту драматургаў: праводзіліся конкурсы на лепшы драматургічны твор, з’явіліся навукова вывераныя публікацыі, зменшыўся імпэт прапаведнікаў ультрарэв. навацый. Спроба ўкараніць «дыялектыка-матэрыялістычны метад», заснаваны на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну маст. творчасці, не ўдалася, хаця драмы «Напор» А.Александровіча і «Новы горад» І.Гурскага (абедзве 1931), нібыта напісаныя паводле гэтага метаду, крытыка і расхваліла. Затое загучала інш. драматургія. П’есы «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (абедзве 1937) пераканаўча паказалі ролю народа ў гіст. працэсе. Глыбінёй псіхал. характарыстыкі персанажаў, грунтоўнасцю філас. абагульненняў абазначыў свой драматургічны стыль К.Чорны ў п’есах «Бацькаўшчына» (1932—39), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941). Знакавым было далучэнне да драматургічнай творчасці К.Крапівы. Калізіі грамадз. абавязку і асабістай адказнасці, якія пакладзены ў аснову першай драмы «Канец дружбы» (1934) сталі лейтматыўнымі на працягу ўсёй яго працы на драматургічнай ніве. Народнай сталі называць драму «Партызаны» (1937), але вяршынным дасягненнем бел. драматургіі 1930-х г. была сатыр. камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), у якой бязлітаснае выкрыццё адмоўных з’яў рэчаіснасці, саркастычнае высмейванне гарлахватчыны як увасаблення бюракратычнай фанабэрыі, цынізму, прыстасавальніцтва і ваяўнічага невуцтва спалучалася з бліскучым майстэрствам абмалёўкі вобразаў герояў. У канцы 1930-х г. на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «На варце» І.Гурскага, «Гарачае сэрца» (абедзве 1938) і «Шалёная рысь» М.Паслядовіча, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Хата з краю» Я.Маўра (усе 1939). Пач. 1940-х г. адзначаны гучным поспехам камедыі В.Вольскага «Несцерка» (1941). Аднак Вял. Айч. вайна і акупацыя Беларусі перапынілі натуральны ход развіцця бел. літаратуры.
І.Э.Багдановіч (паэзія 1920-х г.), М.М.Арочка (паэзія 1930-х г.), З.У.Драздова (проза), С.С.Лаўшук (драматургія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кало́да1 ’кароткае тоўстае бервяно; абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх-н. гаспадарчых або бытавых патрэб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Нік., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Федар., Шат., Шатал., Яруш.). У дыялектных слоўніках таксама ўдакладненні семантыкі: ’бервяно, якое вісіць ніжэй вулля на дрэве і не дае мядзведзям разбурыць пчаліную сям’ю’ (Анох.), ’каток, якім прыкатваюць пасевы’ (Касп.), ’дзесяцівяршковая плаха ў прыстасаванні’ (Нік. Очерки), ’кусок тоўстага палена, які прывязваецца на канцы жураўля’ (Шатал.), ’кароткае тоўстае бервяно’ (Сл. паўн.-зах., ТС), магчыма, сюды неабходна аднесці і колода ’сядзенне для малых дзяцей, якія не ўмеюць хадзіць’ (ТС, апісанне рэаліі адсутнічае, сувязь з калода1 бясспрэчная). Далей сюды дэмінутыў калодка ’абрубак бервяна і да т. п.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; воран.З нар. сл.; Касп., Кліх., Нас., Нік. Очерки, Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’драўляная падстаўка для кавадла’ (зах.-бел., Нар. словатв.), ’адрэзак бервяна для гаспадарчай патрэбы’ (Сл. паўн.-зах., Ян.), ’апорны слуп’ (Сл. паўн.-зах.), ’нерасшчэплены кругляк дроў’ (там жа). Укр.колода ’калода, бервяно’, гуц. ’тоўсты брусок у прыстасаванні для расцягвання скуры’, бойк. ’калода з гнілой сярэдзінай’, укр.колодка ’абрубак бервяна’, рус.колода ’абрубак бервяна і інш.’, дыял.яшчэ і ’ствол старога дрэва, якое гніе на дне ракі, возера, балота’, ’намоклы абрубак дрэва на дне ракі’, ’вялікі пень’, ’драўляны каток для абмалоту збожжа’, ’сельскагаспадарчая прылада’ і мн. іншыя, польск.kłoda ’калода, бервяно’ і інш., в.-луж., н.-луж.kłoda ’калода, бервяно’ і інш., чэш.klȁda ’тс’, славац.klada ’тс’, славен.kláda ’калода і інш.’, серб.-харв.клада ’тс’, макед.клада, балг.дыял.клада ’тс’. Больш падрабязна аб фіксацыях лексікі і слав. семемах гл. ніжэй. Узнаўляецца прасл.kolda, дэрыват ад *kolti ’калоць’, семантыка ў немалой ступені рэканструюецца на базе этымалогіі, паводле якой слав. слова находзіць з і.-е.*kel‑/*kol‑ ’дзяўбці’. Прасл. значэнне ўзнаўляецца як ’што-н. расшчэпленае, абчасанае’, ’абрубак дрэва, калода’, параўн. Слаўскі, 2, 259. З і.-е. адпаведнікаў можна прывесці ст.-грэч.κλάδος ’галіна, атожылак дрэва’, ст.-ісл.holt ’дрэва, лясок’, ням.Holz ’дрэва’ і інш., с.-ірл.caill ’лес’, кімр.celli (кельц. *kaldī), параўн. іншыя адпаведнікі пад *kel‑, *kel‑, *klā‑ у Покарнага, 546. Да прасл. семантыкі параўн. яшчэТрубачоў, Ремесл. терм., 159.
Кало́да2 ’вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва’ (БРС, ТСБМ, Анох., віл., ашм., іўеў., З нар. сл., Касп.; слаўг., Нар. сл.; Нас., Сержп. Грам., Сцяшк., Федар. 1, Шат.), сюды ж калодны вулей (Мат. Гом.). Сл. паўн.-зах. адзначае слова з паметамі вільн. і віл.; кало́да ’вуллё’ (ТС). У Янковай колодка ’від вулля’. Сюды далей і празрысты перанос калода ’сям’я пчол’ (слаўг., Нар. сл.), калодка ’тс’ (вор., З нар. сл.). Сл. паўн.-зах. (ганц., віл.) адзначае калода’ сям’я пчол, адзінка пры лічэнні сем’яў пчол’, калодка ’вулей’. Укр.колода ’вулей’, колодка ’тс’, усх.-пал. колуодка ’вулей-дуплянка’, рус.кур., свярдл. і інш. колодка ’вулей у дупле дрэва, борць’; дакладнасць рус. адпаведнікаў не вельмі высокая. Магчыма, бел.-укр. інавацыя, да калода1, матывацыя назвы празрыстая. Не выключана, што цесна суадносіцца з польск.kłoda ’бочка’ і да т. п. утварэннямі.
Кало́да3 ’частка красён, навой’ (Касп.; рас., Шатал.), калоды, калодка ’тс’ (Нік.). Сл. паўн.-зах. падае гэтае слова з бел. гаворак на тэрыторыі Латвіі. Апрача бел., адзначаюцца ў іншых слав. мовах: рус.пск., асташк., цвяр., наўг., валаг., калін., маск. і інш. колода ’задні навой’. Здаецца, бел. слова нельга лічыць архаізмам у адносінах да бел. тэрыторыі, паколькі кампактны арэал бел.калода ’навой’ нельга аддзяліць ад рус. фіксацыі Апрача ўсх.-слав., звяртае на сябе ўвагу балг.дыял.клада ’любое з дзвюх асноўных бакавых станін у кроснах’, што паводле семантычнага крытэрыю нельга лічыць адпаведным да бел. Відаць, інавацыя ў паўн.бел. і адпаведных рус. гаворках. Трубачоў (Ремесл. терм., 130) адзначаў, што большасць слав. назваў навоя толькі другасна рэквізавана з іншых пластоў лексікі, аднак тыпалагічна найбольш старажытная стыхія адзначаецца ў бел.калодка, што, магчыма, своеасаблівае мясцовае вяртанне да найбольш простага (і, відаць, найбольш даўняга) спосабу намінацыі. Неабходна дадаць, што паводле структуры калодка з’яўляецца дэрыватам ад калоды, якое і неабходна разглядаць у плане прапанаванай Трубачовым версіі аб старажытным тэрміне для навоя.
Кало́да4 ’калодзеж’ (Федар., 6). Параўн. ілюстрацыю ў Федароўскага, 6, 168: «Пашла дзеўка па воду, уваліласе ў калоду». Статус бел. слова не вельмі ясны — архаізм?, інавацыя? або тут калька? Значэнне бел. слова вельмі цікавае ў плане дыскусіі адносна паходжання слав. назвы студні (гл. калодзеж). Звяртае таксама на сябе ўвагу семантычны адпаведнік — літ.šulinỹs ’студня’ (< šulas, сярод значэнняў якога ёсць і ’слуп, падстаўка’). Ці не калька? Аднак па спосабу утварэння літ. слова іншае, аб матывацыі назваў можна толькі здагадвацца (апісання бел. рэаліі няма, матывацыя літ. слова можа быць рознай). Этымалагічна да калода1 (гл.). Да магчымай гісторыі рэаліі параўн. ст.-рус. з канца XVI ст. колода варничная ’выдзеўбаная калода, якая замяняе зруб у саляным калодзежы’.
Кало́да5 ’мера збожжа’ (Нас.). Іншых фактаў з бел. гаворак няма. Лексема адзначаецца Карскім у ст.-бел. мове, аднак не вельмі ясна, як суадносіцца яна з больш новымі фактамі. Укр.бойк.колода ’мера збожжа’, магчыма, далей сюды неабходна аднесці і ст.-рус.колода, для якога мяркуецца значэнне ’мера’. Сразнеўскі падае гэта слова без тлумачэння, у той час як Сл. XI–XVII стст. дае дэфініцыю ’кадзь, кадка, выдзеўбаная з кавалка дрэва’. Ілюстрацыя («Перцю же выходила колода безо князя, а пры князи Г колоды на неделю, а колода Н бочек») сведчыць хутчэй на карысць дэфініцыі ’мера’, паколькі бочка, відаць, ужыта тут таксама як мера ёмістасці. Такая думка пацвярджаецца яшчэ і тым, што метрычнае значэнне было ўласціва ст.-бел. лексеме колода (параўн. Скурат, Меры, 62, дзе і аб ст.-укр. значэнні). Статус гэтых лексем не вельмі ясны, этымалагічна яны ўзыходзяць да колода ’пасудзіна’, аднак засведчана такое значэнне вельмі слаба (магчыма, ёсць ст.-бел., параўн. у Скурата, там жа). Слова з такім значэннем ёсць у польск. мове, дзе kłoda ’кадаўб’, затым ’кадзь’ (з XIV ст., аб сучасным дыялектным размеркаванні гл. МАПГ, 3, к. 106) як ’мера’ адзначаецца таксама з XIV ст. Параўн. яшчэпалаб.klád ’бочка’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыя для бел. мовы нельга выключыць уплыву польскай мовы, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць і рус.валаг.колода ’кадка-дуплянка’, а таксама сведчанне аб ужыванні гэтага слова на захадзе (хоць не выключана, што тут на ўвазе меліся зах.-бел. фіксацыі).
Кало́да6 ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’ (Жд. 3; міёр., З нар. сл.; Мат. Маг.), калотка ’тс’ (міёр., З нар. сл.). З прычыны рэгулярнага характару пераносу ад калода1 цяжка з упэўненасцю меркаваць аб статусе слова. Магчыма, незалежныя ўтварэнні па распаўсюджанай мадэлі.
Кало́да7, колода ’палатно, якое кладуць на крышку труны’ (стол.Нар. лекс.). Мясцовы перанос ад колода ’труна’. Рус.валаг., арханг., кастр., маск. і інш. колода ’труна, выдзеўбаная з суцэльнага дрэва’. Цяжка меркаваць аб старажытнасці пераносу колода ’трупа’ ад колода ’бервяно і да т. п.’ (калода1), магчыма, архаічнае ўсх.-слав., яшчэ да прыняцця хрысціянства (параўн. рэгіянальны палескі звычай пакідаць па могілках бервяно-лодку для нябожчыка); магчыма, спачатку колода ’лодка’ (з такім значэннем у рус. гаворках — жыздр., калуж. і інш.), якое пазней злілося з паняццем ’труна’.
Кало́да8 ’божая кароўка, Coccinella septempunetata’ (Жд. 3; Шатал.З жыцця, Сцяшк.). Паводле матэрыялаў Шаталавай (З жыцця, 166 і наст.), колода ’божая кароўка’ пашырана ў брэсц., івац., навагр., стол., малар., пін. гаворках, а ў кам. — кулода. Апрача гэтага, у злучэннях: калода‑багода (клец., пруж.), колода‑волода (кам.), Матруна‑колода (брэсц.), Андрэйка‑калода, дранчык‑калода (слуц.). Матруна‑колодыця (кам). Далей сюды ж калодачка ’тс’ (лід., Сл. паўн.-зах.), параўн. у ілюстрацыі: «У нас называюць калодачка, а божая кароўка — красненькая ў зямлі». Магчыма таксама, што прыгаворы № 626 (Кацілася калода…) і 627 (Гнілая калода…), віц. і ў Дабравольскага (нумерацыя паводле выдання «Дзіцячы фальклор», Мн., 1972) таксама адлюстроўваюць гэту назву. Апошнія значна б пашыралі ў такім выпадку геаграфію слова, якую інакш неабходна кваліфікаваць як паўднёва-заходнюю (з выхадам за межы палескага арэалу). Дакладныя адпаведнікі да бел. слова адсутнічаюць. Пакуль што неабходна кваліфікаваць назву або як бел. інавацыю, або архаізм, або, што не выключана, як запазычанне (ці кальку). Адносна апошняга ніякага пэўнага матэрыялу няма, аднак наяўнасць у слав. мовах запазычанняў для назвы Coccinella ў прынцыпе дапускае такое тлумачэнне для бел. слова. Фармальнае супадзенне назвы з калода1яшчэ не азначае неабходнасці прыняць такую этымалогію як канчатковую. Разам з тым такая сувязь была несумненнай для Шаталавай (З жыцця, 174), якая мяркуе, што назва магла ўзнікнуць паводле знешняга падабенства да рэаліі. Па сутнасці, той жа думкі прытрымліваецца Уцешны (ОЛА, 1975, 19), які разумее бел. лексему як назву паводле прадмета. Нават калі яго меркаванне правільнае, яно патрабуе ўдакладнення. Іншыя назвы з гэтай класіфікацыйнай групы, паводле таго ж аўтара, усх.-слав.korbъka і чак.gospa škrinica «каробка божая» (пра божую кароўку). Адзначым, што семантыка прыведзеных лексем дапускае два тлумачэнні. Паводле першага — ўсх.-слав.коробка, чак.škrinica можна разумець як ’ёмішча’ і такім жа чынам разглядаць беларускую назву, для якой неабходна такую семантыку рэканструяваць (’пасудзіна, бочка’, ’наогул пасудзіна’). Матывацыя назвы божай кароўкі ў такім выпадку не вельмі зразумелая. Паводле другога тлумачэння, калода, коробка — назвы пераносныя, параўн. бел.калода ’тоўстая жанчына’, рус.смал.коробка ’маленькая тоўстая або цяжарная жанчына’, параўн. да апошняга рус.калін.бабочка‑коробочка ’нейкі від матылька’. Семантыка рус.дыял.коробка, коробочка, дзе значэнні ’тонкі дашчаты гнуты дах пад ганкам’, ’кошык’ і да т. п. сустракаюцца паслядоўна (параўн. яшчэ пашыранае коробиться, коробатиться, перм.коробка ’сагнутая частка спіны курыцы ці качкі’) дазваляе меркаваць, што асноўвай назвай такога тыпу для божай кароўкі магла быць коробка, у той час як бел. калода — толькі калька гэтай назвы. Параўн. адпаведнае да прыведзенай рус. назвы бел.брэсц.бабочка‑коробочка ’божая кароўка’; слова на той жа тэрыторыі; такім чынам, калька магчымая. Супраць такой версіі — відавочна іншая семантыка ўсх.-слав.колода і короб/коробка. Іншыя версіі: згодна з думкай Уцешнага, ОЛА, 1975, 28–29, 31, для назваў божай кароўкі былі характэрнымі розныя трансфармацыі бел.багоўка (кароўка-багоўка), для іншых — кантамінацыя і да т. п. У прыватнасці, ад’ідэацыю і скажэнне формы нельга выключыць і для рус.коробка і пад., і для бел.калода, у такім выпадку зыходнай для іх з’яўляецца агульнавядомае korvъka. Аднак, калі такое тлумачэнне для назвы коробка (< коровка) можна прыняць, сумненні адносна слова калода застаюцца. Фармальная варыянтнасць слав. тэрмінаў для Coccinella дазваляе прыняць і такое меркаванне, тым больш, што трансфармацыі адбываюцца ў рыфмаваных кантэкстах дзіцячых прыгавораў, аднак іменна апошні факт дазваляе прапанаваць яшчэ і наступнае тлумачэнне назвы. Так, для шэрагу бел. тэкстаў лексемы калода, пень‑калода з’яўляюцца характэрнымі. Параўн. прыклады з «Дзіцячага фальклору», 363 і наст.: «Божая кароўка, што заўтра будзе — Дождж ці пагода, пень ці калода?» Нельга выключыць, што бел. слова таксама эксцэрпіравана з вышэй прыведзеных і іншых тэкстаў.
Кало́да9, колода ’рад саломы на страсе’ (ТС). У ілюстрацыі: «Колода — одзін шар соломы, як стромчэйша хороміна, то дзев’яць колод» (ТС, 2, 207). Далей, магчыма, сюды ж таксама тур.жыто як колода ’густое, добрае жыта’, тое ж і адносна травы, трава колодою ’густая трава’. У беларускіх гаворках адпаведнікаў да гэтых лексем не выяўлена; тут або інавацыя, або архаізм. Магчыма, да калода ’трубка палатна’ (адкуль вычляняецца семема ’шчыльна скручанае’?). Звяртаюць па сябе ўвагу таксама некаторым славянскія ўтварэнні, дзе семантыка «густаты» з’яўляецца відавочнай. Можна прывесці ўкр.колода ’(у ганчароў) партыя місак, да 35 штук, укладзеных адна ў другую; ставіцца бокам у ганчарную печ’ (прыклад двухсэнсоўны, можа, тут перанос паводле падабенства ад колода ’бервяно’), ’чарада’ («Колода — отара, як іде тісно, не в роспаш», Грынч., 270), рус.кастр.колода ’самы вялікі лік (у мове дзяцей)’, новасіб. ’група людзей, якія носяць адно прозвішча і звязаныя паміж сабой сваяцтвам’. Адносна бел. слова яшчэ мяркуецца (Цыхун, вусн. паведамл.) аб магчымасці ўтварэння ад калода ’сям’я пчол’; неабходна адзначыць, што сям’я пчол яшчэ не азначае ’рой’, семантыка якога была б больш падыходзячай. Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ і рус.новасіб.крыша колодой ’двухсхільны дах’, у сувязі з якім узнікаюць няпэўныя асацыяцыі з калода ’вулей’, паколькі ёсць рус.колода ’вулей’ і колодезня ’пакрышка на вулей’. Магчыма, у такім выпадку бел.калода першапачаткова ’страха як крышка ў калоды (вулля)’. Аднак, паводле словаўтварэння і інш. прычынах, гэта вельмі няпэўна. Магчыма, усё-такі ў сувязі з колькасцю саломы, якая патрабуецца для пакрыцця даху? Параўн. у такім выпадку, з аднаго боку, рус.куйбыш.колода ’укладка з дзесяці-пятнаццаці снапоў’, а з другога — ст.-рус.колотка ’маток (карункаў і да т. п.) пэўнай таўшчыні’.
Кало́да10, колода ’кавалак або трубка палатна’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Рус.колодка ’кавалак карункаў даўжынёй у 10 аршын’ неабходна суадносіць хутчэй са ст.-рус.колодка ’маток мішуры, карункаў і да т. п. пэўнай таўшчыні’. Бел.колода ў такім выпадку — мясцовы перанос ад калода ’выдзеўбанае дрэва’. Што датычыць семантыкі, параўн. калодачкі ’пянёўе ў птушак’, рус.колодка пера і да т. п., гл. таксама Аткупшчыкоў, Из истории, 124–126, дзе для прасл.kolda наогул у якасці зыходнай семантыкі мяркуецца значэнне ’нешта выдзеўбанае’. Такім чынам, тураў.калода сапраўды ’трубка палатна’, параўн. да семантыкі яшчэ і наступнае слова, а таксама бел.калодка ў коле і трубка ’тс’.
Кало́да11 ў выразе жыто ў колодзе ’жыта, якое яшчэ не выкаласілася’ (ТС). Параўн. у прыкладзе: «На Юрэй, як хорошэго году, то жыто ў колосе, а як плохого — то ў колодзі» (ТС, 2, 207). Тут калода ’трубка’ (жыта ў фазе трубкавання, утварэння трубкі — сцябла). Тая ж семантыка і ў тураўскай назве для трубкі палатна — колода, магчыма, сюды ж рус.колодка пера; адносна семантыкі (’пяро з поласцю’) параўн. укр.дыял.колодка ’першае пер’е маладой птушкі’, далей звяртае ўвагу калодка ’ступіца кола’ і трубка ’тс’. Не выключана, што палес.кадыца ’ступіца’ таксама адлюстроўвае тую ж семантыку. Сюды, відаць, і бел.калода ’студня’, дзе калода ’выдзеўбанае дрэва’, фактычна ’труба’. Статус бел. слова — магчыма, усх.-слав. архаізм.
Калода12 ’камплект ігральных карт’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС), укр.колода ’тс’, рус.колода карт, дзе адзначаецца з канца XVIII ст. Паводле крыніц бел. слова і характару рэаліі можна думаць, што яно запазычана з рус. мовы. Паводле Шанскага, II, К, 208, колода (ігральная) утворана лексіка-семантычным спосабам на базе колода ’абрубак дрэва’; у аснову назвы пакладзена падобнасць поўнай калоды карт з калодкай, абрубкам дрэва. Наіўнасць такой этымалогіі відавочная, разам з тым неабходна адзначыць, што пошукі этымона на ўсх.-слав. глебе могуць быць і небесперспектыўнымі. Так, параўн. шэраг фактаў, сабраных намі (гл. калода), а таксама рус.дыял.колода ’цюк, звязка рыбалоўных снасцей (сетак) у 50 «делей» (г. зн. кускоў пэўнай велічыні)’ (Касп.), ’частка рыбалоўнага невада — адно звяно ў сетцы («дели»). Гэтыя факты дазваляюць меркаваць пра наяўнасць лічбавага значэння ў слове колода, якое магло складвацца рознымі спосабамі, у тым ліку і на базе розных мер ёмістасці. Было і нейкае даўняе значэнне ў гэтага слова, аб якім пісаў Даль (калода ’сто мільёнаў’) і якое адзначана ў рус.кастрам. (у мове дзяцей) як ’самы вялікі лік’. Разам з тым, няма дакладвай інфармацыі адносна лічбавага значэння слова колода, якое б супадала з колькасцю карт у калодзе (52). Рус.колода ’цюк з 50 сетак’ можна разумець па-рознаму, да таго ж зафіксавана яно толькі аднойчы. Магчыма, большую увагу неабходна звярнуць на ст.-рус.колотка ’футляр’, у такім выпадку першапачатковая семантыка назвы ’футляр’, ’запакаваныя карты’, ’набор, камплект карт наогул’. Цікава адзначыць і рус.дан.колодочка серняков ’каробка запалак’. Аднак галоўнае не ў гэтым, паколькі ў даным выпадку сам характар рэаліі патрабуе ў першую чаргу праверкі магчымага іншамоўнага ўплыву. У сувязі з гэтым адразу звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўласна запазычання быць не магло — аб гэтым сведчыць празрыстая форма рус. слова. Аднак, паводле семантычнага крытэрыю, непасрэдную сувязь з калода ’бервяно’ дапусціць нельга (як перанос). Думаецца, што рус.колода (карт) неабходна суаднесці талия/талья (карт). Даль (2, 719) тлумачыць: апрача рус. мовы, слова ведае ў тым жа значэнні польск. мова (taija). Фасмер не звяртае ўвагі на гэту лексему, у той час як яна непасрэдна суадносіцца з адпаведнай тэрміналогіяй у зах.-еўрап. мовах. Можна спаслацца на ням.Taille ’новая калода карт’, Taill schlagen ’пачынаць новы круг у гульні’, taillieren ’тасаваць карты’ (і ’адкрываць’), франц.tailler ’банкаваць’, якія, відаць, толькі часткова адлюстроўваюць як даўнюю картачную тэрміналогію, так і сувязі з асноўным значэннем зыходнага дзеяслова ’рэзаць, сячы і мн. інш.’, параўн. семантыку франц.tailler, італ.tagliare. Значэнне ’абрубак’ (< ’сячы’) не падаецца сучаснымі слоўнікамі для вытворных ад гэтых дзеясловаў, аднак лёгка рэканструюецца. Апрача таго, Мартынаў (вусн. паведамл.) звярнуў увагу на славеснае запазычанне (з італ.) táija ’калода, абрубак бервяна’. Мяркуем, што зацямненне матывацыі вышэй прыведзеных тэрмінаў, празрыстая сувязь з дзеясловам tailler і вытворнымі, у шэрагу якіх значэнне ’абрубак’ павінна было быць адным з асноўных або лёгка рэканструявацца ў рус. двухмоўным асяроддзі. Такім чынам, рус.колода — этымалагічная калька з адпаведнага зах.-еўрап. тэрміна; пры гэтым не выключана, што сам тэрмін не проста быў страчаны, а ўзнік як эфемер ва ўмовах двухмоўя. Апошняе меркаванне не выключае магчымасці звычайнага (аднак з этымалагізацыяй!) калькавання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.
1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове.Чорны.//без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа.// Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду.Якімовіч.// Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар.Шамякін.// Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі.Купала.Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра.Дадзіёмаў.//перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі.Колас.Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд.Мележ.
2.Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў.Асіпенка.
3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч.Лынькоў.Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго.Шамякін.//Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.
4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце.Куляшоў.Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі.Пташнікаў.Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы.Васілевіч./убезас.ужыв.Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах.Асіпенка.
5.Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах.Сяргейчык.
6. і без дап.Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра.Гарбук.[Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае.Арабей.
7.Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы.Аўрамчык.— А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў.Ракітны.Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі.Кірэйчык.
Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.
Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў.Янкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
служы́ць, служу, служыш, служыць; незак.
1. Працаваць па найму ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго‑, чаго‑н. А Андрэй Стронін думаў: — Што ў жыцці радаснага? Вось скончу я універсітэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамі, ноччу спаць, але што з гэтага?Чорны.На большае маці не магла разлічваць, бо яна служыла ў адным з універсальных магазінаў і зарабляла не так ужо багата.Лынькоў.
2. Выконваць воінскія абавязкі, быць ваенным. — Вы дзе служылі? — спытаў .. [Лугавец] Міколу. — У трэцяй арміі, у дывізіі генерала Панова.Краўчанка.— Муж, — ахвотна адказала Вера. — Тады ён у кавалерыі служыў.Кулакоўскі.
3. Выконваць абавязкі слугі, прыслугі. Якаў стаў у дзядзькі жыць, Дзядзьку парабкам служыць.Крапіва.У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак.Брыль.
4.каму. Выконваць якія‑н. абавязкі ў адносінах да каго‑н., выконваць чыю‑н. волю, падпарадкоўваючыся каму‑н. І ёсць напэўна і шпікі, Што служаць пану паслухмяна.Колас.// Рабіць якія‑н. паслугі каму‑н. [Чарнавус:] Чым магу служыць?Крапіва.
5.каму-чаму. Працаваць у імя каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Служыць навуцы. □ [Алесь:] — Паклянёмся служыць народу, змагацца за яго лепшую долю.С. Александровіч.Хвядос Шынклер да апошняга дыхання служыў сваёй айчыне.Арабей.// Быць карысным каму‑, чаму‑н. І служаць людзям рэкі-сёстры — Амудар’я і Сырдар’я.Агняцвет.[Сіўцоў:] — Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за пераўтварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе.Краўчанка.
6.каму і без дап. Выконваць сваё прызначэнне, сваю ролю. Пісалася мала, не служыла галава, дый рукі адмаўляліся.Лужанін.Штаны-ватнікі зіму служылі, яшчэ зіму паслужаць, вата ані нідзе не параз’язджалася і ў кучу не пазбівалася.Ермаловіч.І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі.Лынькоў.//чым, длячаго. Прызначацца, выкарыстоўвацца для чаго‑н. Застаўшыся адзін, Андрэй сеў на парожнюю скрынку, якая служыла яму зэдлікам.Скрыпка.Па сутнасці хата служыла.. [Калядку] толькі месцам адпачынку.Чарнышэвіч.Адушаўлёныя назоўнікі, якія служаць для абазначэння асоб, называюцца асабовымі.Граматыка.
7.чым. Быць, з’яўляцца чым‑н. Служыць прыкладам. □ Выглядам сваім і адзежай.. [хлапчукі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку.Васілевіч.Я агледзеўся, але ніякіх прыкмет, якія маглі б служыць арыенцірам, не знайшоў.В. Вольскі.
8.што і без дап. Выконваць, праводзіць набажэнства. Разы два-тры ў год аднекуль з-за Лашыч прыязджаў сюды старэнькі, увесь прапахлы ладанам і цвіллю поп і служыў перад бабулькамі абедню.Хадкевіч.[Маці] абазвалася: — Мусіць, біскуп.. служыў.Чорны.
9. Стаяць на задніх лапах, падняўшы пярэднія (пра сабак).
10. Размяшчацца пэўным чынам, быць у нейкім становішчы. Шапка ў.. [чалавека] служыла казырком набок.Чорны.
•••
Служыць верай і праўдай — служыць вельмі добра, аддана.
Служыць двум багам — паводзіць сябе як двурушнік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго.Краўчанка.Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне.Лойка.Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне.Бядуля.Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося.Чарнышэвіч.// Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон.Крапіва.На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой.Астрэйка.// Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма.Шамякін.І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы.Грамовіч.// Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў.Хромчанка.У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння.Кудраўцаў.// Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся.«Звязда».[Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш.Ляўданскі.//перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка.Шамякін.Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар!Глебка.
2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне?Колас.Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч.Хадкевіч./уперан.ужыв.Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака].Мурашка.Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком.Пестрак.// Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага.Якімовіч.Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач.Ярош.Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй.Шахавец./уперан.ужыв.Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём.Васілевіч.
3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад.Танк.Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым.Панчанка.Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны.Астрэйка.
4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс.Непачаловіч.Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця.Брыль.
•••
Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст.яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.