род базідыяльных грыбоўсям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс.га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),
атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.
Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУША́Н (Plecotus auritus),
млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.
Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫ́НА,
птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
парода грубашэрсных, тлустахвостых авечак смушкавага кірунку. Выведзена ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найлепшая сярод смушкавых парод. Асн. прадукцыя — каракульскія смушкі. Гадуюць у Іране, Афганістане, краінах Паўд.-Зах. Афрыкі, у сярэднеазіяцкіх краінах, на Украіне, у Малдове.
У авечак галава паўгарбаносая, тулава глыбокае, хвост доўгі, з адкладаннямі тлушчу рознай формы. Бараны пераважна рагатыя, авечкі бязрогія. Жывая маса бараноў 70—80 кг, матак 45—50 кг. Масць у маладым узросце чорная (у 80% авечак), шэрая, карычневая, каляровых адценняў. Шэрснае покрыва нованароджаных ягнят складаецца пераважна з валькаватых і бобападобных завіткоў, якія ствараюць прыгожы малюнак. Воўна дарослых авечак ідзе на выраб лямцу і дываноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́ТАЎ (Віль Уладзіміравіч) (10.4.1927, г. Чыта, Расія — 2.5.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Томскі пед.ін-т (1952). Друкаваўся з 1956. Аўтар аповесцей «Шасцёра» (1958), «Капітан «Смелага» (1959), «Смерць Ягора Сузуна» (1963), «Вясковы дэтэктыў» (1967, аднайм. фільм 1969), «Ліда Вараксіна» (1968), «Сказанне пра дырэктара Пранчатава» (1969, тэлефільм «Інжынер Пранчатаў», 1972), «Шэрая мыш» (1970), «Яшчэ да вайны» (1971), «Аповесць без назвы, сюжэта і канца...» (1978), раманаў «І гэта ўсё пра яго...» (1974, аднайм. тэлефільм 1978), «Ігар Сававіч» (1977) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, п’есы. Асн. тэмы твораў — гіст. звязанасць лёсаў, сац. праблемы ў вёсцы, унутр. свет чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗЯ́НКА (Coronella austriaca),
неядавітая змяя сям. вужовых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўразіі. Жыве на ўзлесках, высечках, у хмызняках, зрэдку на лугах; у гарах — да выш. 2500 м. На Беларусі рэдкая, часцей трапляецца ў паўд. і зах. раёнах, у т. л. ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, у т. л. хваста да 12 см. Спіна шэрая, шэра-бурая або (асабліва ў самцоў) медна-чырв., чырв. (адсюль назва), з 2—4 радамі буйных папярочных цёмных плямак. Брушка шэра-бурае, аранжавае або чырвонае. На шыі 2 кароткія бурыя палосы, злучаюцца на патыліцы. Характэрны цёмная паласа ад ноздры праз вока да кутка рота, круглая зрэнка. Корміцца насякомымі, яшчаркамі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Яйцажывародная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́МЕЗЫ (Remizinae),
падсямейства птушак сям. сініцавых. 4 роды: Anthoscopus (6 відаў, пашыраны ў Афрыцы), Auriparus (1 від, на ПдЗПаўн. Амерыкі), Cephalopyrus (1 від, у Паўд. і Паўд-Усх. Азіі) і рэмез — Remiz (1 від, 10 падвідаў, пашыраны ў Еўропе і Азіі). Аселыя і пералётныя птушкі. Жывуць па берагах вадаёмаў. На Беларусі Р. звычайны (R. pendulinus) трапляецца пераважна ў пойме р. Прыпяць, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 11,5 см, маса да II г. Афарбоўка каштанавая, вохрыстая і шэрая. Кормяцца насякомымі, павукамі, насеннем. Гнёзды Р. звычайнага шарападобныя, падвешаныя на галінах або трыснягу. Адкладваюць 5—6, зрэдку да 10 яец.