«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,
гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.П.Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал. ч. партрэты і факсіміле.
т. 13, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САНКТ-ПЕТЕРБУ́РГСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета. Выдавалася ў 1728—1917 у Пецярбургу як працяг першай рус. газеты «Ведомости» (з 1914 выходзіла пад назвай «Петроградские ведомости»). Да 1874 выдавалася пры АН, з 1875 пры Мін-ве нар. асветы. Сярод рэдактараў М.В.Ламаносаў (1748—65). Асвятляла ўнутр. і знешнія паліт. падзеі, навуку, мастацтва, прам-сць, гандаль і інш. Выдавала дадатак «Месячные исторические, генеалогические и географические примечания в Ведомостях» (1728—42, першы рус. часопіс, назва мянялася).
т. 14, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХОЗЯ́ИН»,
штомесячны вытворчы часопіс. Выдаецца з 1925 у Мінску (з 1925 на бел., у 1953—62 на бел. і рус., з 1963 на рус. мове). Спачатку наз. «Плуг», у 1929—33 — «Шляхі калектывізацыі», у 1953—56 — «Калгаснік Беларусі», у 1957—90 — «Сельское хозяйство Белоруссии», з 1991 сучасная назва. Асвятляе дасягненні с.-г. навукі, перадавы вопыт, пытанні інтэнсіфікацыі с.-г. вытв-сці, у т. л. фермерскіх гаспадарак, дае парады па садоўніцтве, агародніцтве, пчалярстве і кветкаводстве.
т. 17, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,
часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.—ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРЯ́»,
літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.Гурло, Х.Станілевіч, Х.Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.Беленькага «Сухотны» і А.Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.
А.М.Клачко.
т. 6, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс бел. гімназійнай моладзі. Выходзіў у лютым—вер. 1923 у Вільні на бел. мове пры падтрымцы Пед. рады Віленскай бел. гімназіі і Л.Родзевіча. Апублікаваў вершы А.Салагуба, Х.Ільяшэвіча, П.Касцюкевіча, Ч.Ханяўкі, апавяд. А.Парфёнава «Мікітаў француз», замалёўкі ў прозе В.Каравайскага, нар. песні, загадкі, прыказкі, сабраныя Салагубам у в. Зарудзічы Ашмянскага пав. Змясціў графічныя партрэты Родзевіча, А.Неканды-Трэпкі, І.Катовіча, створаныя мастаком Р.Семашкевічам. Выйшлі 3 нумары.
А.С.Ліс.
т. 13, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛ (Goll) Яраслаў (11.7.1846, г. Хлумец, Чэхія — 8.7.1929),
чэшскі гісторык, паэт. Заснавальнік школы крыніцазнаўчага кірунку ў чэш. гістарыяграфіі (школа Гола). Вучань В.Томека. Скончыў Пражскі ун-т (1870), дзе і працаваў (праф. 1880—1910), адначасова праф. Гандл. акадэміі (1874—80). З 1895 выдаваў час. «Český časopis historycky» («Чэшскі гістарычны часопіс») і да 1918 яго кіраўнік. Чл. аўстр. палаты паноў (1909—18). Аўтар прац па сярэдневяковай гісторыі Чэхіі (пераважна 15—18 ст.), якую выкладаў з пазіцый пазітывізму. Пісаў вершы, перакладаў творы Ш.Бадлера.
т. 5, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АТЭНЭ́УМ ВІЛЕ́НЬСКЕ»
(«Ateneum Wileńskie»),
гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1923—39 у Вільні на польск. мове Т-вам аматараў навук. Перыядычнасць — ад 4 нумароў у год да аднаго ў 2 гады. Асвятляў гісторыю зямель ВКЛ, змяшчаў дакументы, падрабязную, часта анатаваную бібліяграфію даследаванняў па гісторыі ВКЛ. Друкаваў артыкулы і дакументы па гісторыі асобных зямель і гарадоў Беларусі, магнацкіх родаў Радзівілаў і Гаштольдаў, гісторыі культуры, асветы, рэлігіі на Беларусі. Змяшчаў таксама дакументы часоў вайны 1812, паўстанняў 1830—31 і 1863—64, матэрыялы па археалогіі.
т. 2, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСВА́»,
часопіс гумару і сатыры. Выдавалася з 25.3 да 25.8.1934 у Вільні на бел. мове студэнтам Віленскага ун-та П.Радзюком па заданні ЦК КПЗБ. Працягвала традыцыі забароненых польскімі ўладамі час. «Маланка», газет «Беларуская газета» і «Літаратурная старонка». Выражала інтарэсы дэмакр. пластоў насельніцтва Зах. Беларусі. Апрача сатыр. малюнкаў змяшчала публіцыст. вершы, дэкларацыі, лісты працоўных. Закранала балючыя праблемы крызісу, паўперызацыі вёскі, выступала супраць фашызму ў Германіі, польскага шавінізму і інш. На 6-м нумары забаронена ўладамі, рэдактар-выдавец зняволены на 6 гадоў.
т. 2, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»
(«Byelorussian Youth»),
штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)