НЕЕ́ЛЬ ((Néel) Луі Эжэн Фелікс) (н. 22.11.1904, г. Ліён, Францыя),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац. політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл. Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв. вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн. мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Неель.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХА́НІКА ГРУНТО́Ў,

навуковая дысцыпліна, якая вывучае напружана-дэфармаваныя станы грунтоў, умовы іх трываласці і ўстойлівасці, змены іх уласцівасцей пад уплывам знешніх (пераважна механічных) уздзеянняў. Даследуе ўсе горныя пароды, што з’яўляюцца аб’ектам інж.-буд. дзейнасці.

У аснове М.г. — залежнасці і рашэнні пругкасці тэорыі, пластычнасці тэорыі, паўзучасці тэорыі, грунтазнаўства, гідрагеалогіі, інжынернай геалогіі, механікі суцэльных асяроддзяў і інш. У М.г. разглядаюцца залежнасці мех. уласцівасцей грунтоў ад іх будовы і фіз. стану, іх структурна-фазавая дэфармавальнасць, агульная сціскальнасць, кантактная супраціўляльнасць зруху. Вывадамі М.г. карыстаюцца пры праектаванні асноў і фундаментаў будынкаў, прамысл. і гідратэхн. збудаванняў, у дарожным і аэрадромным буд-ве, пры адкрытых горных работах, пракладцы падземных камунікацый і інш. На Беларусі даследаванні па М.г. праводзяцца ў БПА, БДУ і інш.

Літ.:

Соболевский Ю.А. Механика грунтов. Мн., 1986;

Цытович Н.А. Механика грунтов. 3 изд. М., 1979.

Б.​А.​Багатаў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАБНЯ́ (Аляксандр Апанасавіч) (22.9.1835, с. Грышына Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 11.12.1891),

украінскі і рускі філолаг-славіст; кіраўнік харкаўскай лінгвістычнай школы. Брат Андрэя А.Патабні. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1877). Скончыў Харкаўскі ун-т (1856), з 1875 праф. гэтага ун-та. Развіваў псіхал. кірунак у рус. мовазнаўстве. Асн. працы па агульным мовазнаўстве, тэорыі славеснасці, тыпалогіі, лексікалогіі, гіст. стылістыцы, семасіялогіі, літ. мове, тэорыі фразеалогіі: «Мысленне і мова» (1862), «З запісак па рускай граматыцы» (т. 1—2, 1874; т. 3—4, апубл. 1899—1941), «З запісак па тэорыі славеснаці» (апубл. 1905) і інш. Вял. ўклад яго ў славістыку, асабліва ў слав. дыялекталогію, параўнальна-гіст. граматыку слав. моў, даследаванне рус. і ўкр. моў.

Літ.:

О.​О.​Потебня: Ювілейний эб. до 125-річчя з дня народження. Київ, 1962;

Франчук В.Ю. О.​О.​Потебня. Київ, 1975.

Аляксандр Апанасавіч Патабня.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУП ТЭО́РЫЯ,

раздзел алгебры, які вывучае ўласцівасці алгебраічных аперацый, што найчасцей сустракаюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях; выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. раздзелах навукі (асабліва пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі). Канчатковая мэта груп тэорыі — апісаць усе магчымыя групавыя аперацыі (гл. Група). Асновы груп тэорыі закладзены Э.Галуа (1831).

Першыя тэарэмы груп тэорыі даказаны Ж.Лагранжам у канцы 18 ст., а потым А.Кашы, Н.Абелем і інш. Напачатку груп тэорыя вывучала канечныя групы падстановак, у канцы 19 — пач. 20 ст. — канечныя групы з элементамі любой прыроды, а потым і бясконцыя і тым самым стала на абстрактны, аксіяматычны шлях развіцця і стала прыкладам для перабудовы ў пач. 20 ст. алгебры і ўсёй матэматыкі. Груп тэорыя падзяляецца на шэраг вял. раздзелаў, якія найчасцей вылучаюцца дастатковымі ўмовамі на групавую аперацыю (канечных груп тэорыя, абелевых груп тэорыя, нільпатэнтных груп тэорыя, пераўтварэнняў груп тэорыя, выяўленняў груп тэорыя і інш.) ці ўнясеннем у групу дадатковых структур, звязаных пэўным чынам з групавой аперацыяй (тапалагічных, алг. і ўпарадкаваных груп тэорыя і інш.). Асн. праблема груп тэорыі — класіфікацыя простых канечных груп, якія адыгрываюць ролю «будаўнічых блокаў» адвольнай групы; лічыцца, што такая класіфікацыя створана, аднак да сучаснага моманту (1997) дакладна выверанага тэксту яе няма.

У Беларусі сістэм. даследаванні па груп тэорыі пачалі Дз.А.Супруненка (1945; групы падстановак і матрыц), С.А.Чуніхін (1953; канечныя групы); зараз даследаванні вядуцца пад кіраўніцтвам У.П.Платонава (тапалагічныя і лінейныя алг. групы, мнагастайнасці груп), Л.А.Шамяткова (тэорыя фармацый), А.Я.Залескага (выяўленні лінейных алг. груп).

Літ.:

Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;

Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;

Шеметков Л.А. Формации конечных групп. М., 1978.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.7.1880, с. Курмане Палтаўскай губ. — 31.12.1970),

рускі фізік; стваральнік сав. навук. школы акустыкі і гідраакустыкі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Базельскі ун-т (1909). З 1912 працаваў у ВНУ і НДІ Масквы і Ленінграда, з 1940 у Фіз., з 1954 у Акустычным ін-тах АН СССР. Навук. працы па фіз. і тэхн. акустыцы і тэорыі ваганняў. Аўтар першай тэорыі распаўсюджвання гуку ў рухомых асяроддзях.

Літ.:

Глекин Г.В. Н.​Н.​Андреев, 1880—М., 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМА́Р ((Hadamard) Жак) (8.12.1865, Версаль — 17.10.1963),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1912), замежны чл. АН СССР (з 1929, чл.-кар. з 1992). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1890). Праф. Калеж дэ Франс (1897—1935), Парыжскага ун-та і політэхн. школы (1900—35) і інш. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі функцый, тэорыі лікаў, праблемах устойлівасці ў механіцы. Даследаванні Адамара зрабілі значны ўплыў на стварэнне функцыянальнага аналізу.

Літ.:

Леви П. Жак Адамар // Успехи мат. наук. 1964. Т. 19, вып. 3 (117).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕЛЬ ((Abel) Нільс Генрык) (5.8.1802, каля г. Ставангер, Нарвегія — 6.4.1829),

нарвежскі матэматык. Скончыў ун-т у Осла (1825), працаваў у ім і ў Інж. школе. Даказаў невырашальнасць у радыкалах агульных алг. ураўненняў вышэй за 4-ю ступень (1824). Адначасова з К.​Якобі заклаў асновы тэорыі эліптычных функцый; даследаваў інтэгралы ад алг. функцый (абелевы інтэгралы). Аўтар даследавання па тэорыі лікаў і радоў. Працы пры жыцці не атрымалі прызнання.

Літ.:

Оре О. Замечательный математик Н.​Х.​Абель: Пер. с англ. М., 1961.

Н.Г.Абель.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЕ́ЛЬКА (Валерый Канстанцінавіч) (н. 7.1.1948, пас. Дымаўшчына Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1990 праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1974 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па тэорыі інфармацыі, тэорыі кадзіравання, лічбавай апрацоўцы інфармацыі, распрацоўцы звышвялікіх інтэгральных схем і сістэм на іх аснове, у т. л. сістэм памяці.

Тв.:

Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах М., 1986 (разам з У.​В.​Лосевым).

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПЦЕ́Ў (Аляксей Ануфрыевіч) (28.3.1941, в. Фойна Магілёўскага р-на — 27.11.1998),

бел. вучоны ў галіне с.-г. машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1968). З 1968 у Бел. агр.-тэхн. ун-це. Навук. працы па тэорыі і праектаванні с.-г. машын. Распрацаваў асновы тэорыі апрацоўкі глебы плугамі з пераменнай шырынёй захопу.

Тв.:

Обоснование основных параметров унифицированного семейства модульных плугов (разам з А.​С.​Жылко) // Тракторы и сельхозмашины. 1986. № 9.

Л.​В.​Бароўка.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ме́трыка1

(гр. metrike, ад metron = мера)

1) раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае вершаскладанне і памер верша; сукупнасць правіл вершаскладання;

2) сукупнасць канкрэтных праяўленняў метра2 ў музыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)