ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Mexico; Golfo de Méjico),

паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс. км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫША́НКА, Міша,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁЎДА, Нявода, Палужанка,

рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас. р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 240 км². Пачынаецца каля в. Нёўда Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі. Упадае ў р. Сэрвач на Пн ад в. Беразавец. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 2—3 км, са стромкімі схіламі, выш. да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шыр. 100—500 м. Рэчышча моцна звілістае, ад в. Аколіца да вусця каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ГЗІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 4 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,4 км², даўж. 1,3 км, найб.‘ шыр. 510 м, найб. глыб. 10,9 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 21,4 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 10—12 м (на З і Пд 5—8 м), у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком, у верхняй — спадзістыя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Мелкаводдзе шыр. да 50 м. Дно да глыбіні 3,5—4 м пясчанае, глыбей ілістае. Зарастае слаба. Упадае ручай з воз. Лядна, сцёк па пратоцы ў р. Ула.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІСА́,

рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБ-ЭЛЬ-ХА́ЛІ,

пустыня на ПдУ Аравійскага п-ва ў Саудаўскай Аравіі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км, пл. каля 650 тыс. км² (адна з самых вял. пясчаных пустынь на зямным шары). Раўніна паніжаецца з З на У ад выш. 500—1000 м да 100—200 м. Пераважаюць рухомыя пяскі, што ўтвараюць барханы (выш. да 200 м), грады і асобныя масівы. Сярод пяскоў месцамі камяністыя раўніны. На У вял. саланчакі. Ападкаў менш за 50 мм за год, могуць не выпадаць некалькі гадоў запар. Пастаянны паверхневы сцёк адсутнічае. У міжградавых паніжэннях рэдкая расліннасць (салянкі, вярблюджая калючка). Качавая вярблюдагадоўля. Радовішчы нафты.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande), Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte),

рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс. км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ДНА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 25 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,97 км², даўж. 1,45 км, найб. шыр. 980 м, найб. глыб. 11,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 8,43 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 4—6 м, спадзістыя, разараныя. Пойма шыр. 10—20 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, на ПдЗ сплавінныя, на У і З выш. 0,5—0,8 м абразійныя, пясчаныя і пясчана-гліністыя, пад хмызняком. Дно лейкападобнай формы, да глыб. 5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, глыбей гліністым ілам. Зарастае. Сцёк у р. Заражанка.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ДАНЬ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 32 км на ПнУ ад г. Полацк, сярод парослага лесам і хмызняком вярховага балота. Пл. 0,57 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 760 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 2,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя. Берагі выш. да 0,5 м, тарфяныя, на мысах пясчаныя, пад лесам, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае. Вада нізкай мінералізацыі (65 мг/л), з высокай колернасцю. Зарастае да глыб. 1,7 м. Шырыня прыбярэжнай паласы трыснягу і чароту 30—80 м. Сцёк па р. Марынец.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)