ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НІЯ (Patagonia),

прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, на Пд Аргенціны, на Пд ад рэк Рыо-Каларада і Рыо-Негра і на У ад Андаў. Пл. 650 тыс. км. Паверхня — пераважна ступеньчатыя плато, якія ўзвышаюцца ад Атлантычнага ак. на 3 да 2200 м. Клімат умераны, засушлівы. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі 150—300 мм за год, на Пд да 600—700 мм. Характэрны моцныя вятры. У П. (прав. Чубут) — полюс холаду Паўд. Амерыкі (абс. мінімум т-ры -33 °C). Рэкі, якія бяруць пачатак у Андах, перасякаюць плато ў глыбокіх каньёнах. Найб. азёры: Наўэль-Уапі, В’едма, Лага-Архенціна і інш. каля падножжа Андаў. Пераважае злакава-хмызняковая паўпустыня, у перадгор’ях Андаў — стэп. Авечкагадоўля. Здабыча нафты і прыроднага газу.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЦРО́Й (Fitzroy),

1) рака на У Аўстраліі. Утвараецца ад сутокаў рэк Макензі і Досан, што сцякаюць са схілаў Вял. Водападзельнага хр., упадае ў Каралавае м. Ціхага ак. Даўж. больш за 450 км (ад вытоку р. Досан 960 км), пл. бас. 143 тыс. км². Сярэдні расход вады 182 м³/с. Суднаходная ад г. Ракгемптан. Названа ў гонар Ч.​Фіцроя.

2) Рака на ПнЗ Аўстраліі. Даўж. 520 км, пл. бас. 86,5 тыс. км². Пачынаецца на схілах масіву Кімберлі, упадае ў заліў Кінг Індыйскага акіяна. Сярэдні расход вады каля 100 м³/с. Суднаходная на 130 км ад вусця. Рэкі мнагаводныя ў студз.—сак., у час мусонных дажджоў. Названа ў гонар Р.Фіцроя.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАСО́ШНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

у Расіі 14—17 ст. катэгорыя феадальна залежнага, але асабіста свабоднага сельскага насельніцтва, якое жыло на дзярж. («чорных») землях і эксплуатавалася непасрэдна дзяржавай. Кіравалі імі дзярж. чыноўнікі і выбарныя органы з саміх сялян. Ворыва і частка інш. угоддзяў знаходзіліся ў прыватна-долевым уладанні сял. сем’яў; пашы, лясы і рэкі — у абшчынна-валасным карыстанні. Ч.с. мелі больш эканам. свабоды, чым прыватнаўласніцкія, займаліся разнастайнымі промысламі (солеварэнне, рыбацтва, паляванне і інш.). Сістэматычная раздача маскоўскімі вял. князямі (потым царамі) населеных дзярж. зямель памешчыкам прывяла да значнага скарачэння колькасці Ч.с. У канцы 17 ст. іх заставалася каля 50 тыс. двароў, пераважна на Еўрап. Поўначы і ў Сібіры. У пач. 18 ст. Ч.с. ўвайшлі ў катэгорыю дзяржаўных сялян.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т (Great Dividing Range), Усходне-Аўстралійскія горы,

горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.

Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГАРО́ДДЗЕ,

узвышаная раўніна на ПдЗ Беларусі ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Кобрынскім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл.; фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся. На Пн мяжуе з Прыбугскай раўнінай, на У і Пд — з Прыпяцкім Палессем, на З — з Брэсцкім Палессем. У субшыротным напрамку працягнулася на 85 км, з Пн на Пд — ад 15 да 35 км, пл. каля 2,2 тыс. км². Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Адносныя перавышэнні над прылеглай азёрна-алювіяльнай раўнінай на Пн да 20—30 м.

У тэктанічных адносінах З. знаходзіцца на Палескай седлавіне і ўтворана ледавіковымі і водна-ледавіковымі адкладамі беларускага. бярэзінскага і дняпроўскага ледавікоў. У паўн. ч. З. вылучаюць краявы ледавіковы комплекс, у паўд. ч. — паніжаную, пераважна водна-ледавіковую раўніну. Паверхня паўн. ч. ўзгорыста-градавая, перасечаная, з абс. адзнакамі 140—170 м. Уздоўж правабярэжжа р. Ясельда працягнулася асіметрычная канцова-марэнная града (даўж. 70 км, найб. шыр. да 20 км) напорнага паходжання, з адорвенямі даантрапагенавых парод у ледавіковых адкладах і гляцыядыслакацыямі на паўн. схілах. На Пд ад яе спадзістахвалістая і плоская водна-ледавіковая раўніна (найб. выш. 140—155 м), уздоўж паўд. ускраіны якой пясчаныя дзюны, грады і ўзгоркі. Пашыраны пласкадонныя забалочаныя лагчыны. Карысныя выкапні; керамічная сыравіна, мел, торф, сілікатныя і буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5,2, ліп. 18,6 °C; ападкаў 573 мм; вегетац. перыяд 201 сут. Раўніна З. з’яўляецца ч. Балтыйска-Чарнаморскага водападзелу. Уздоўж паўн. і паўд. мяжы раўніны цякуць рэкі бас. Дняпра — Ясельда і Піна, на З — прытокі Зах. Буга. Па раўніне працякаюць невялікія, пераважна каналізаваныя, рэкі Стрымня, Самароўка, Піліпаўка, Мерачанка і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-аглееныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 25% тэр. Лясы ў асн. шыракаліста-хваёвыя і хваёвыя, засталіся невялікімі ўчасткамі. У зах. ч. З. захаваліся балоты і лугі. 30% тэр. пад ворывам.

Раўніна Загароддзе каля в. Крамно Драгічынскага раёна.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРЫ́БІЦА (Stenodus leucichthys leucichthys),

прахадная рыба сям. сіговых; падвід нельмы. Эндэмік Каспійскага м., куды зайшла ў ледавіковы час з Ледавітага ак. Трымаецца ў халодных слаях вады.

Даўж. да 1,2 м, маса да 20 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела серабрыстае, без плям, луска буйная, рот вялікі, зубы на сківіцах адсутнічаюць. Палавая спеласць на 5—7-м годзе жыцця. На нераст ідзе ў рэкі Волгу і Урал. Да зарэгулявання Волгі гал. месцам нерасту была р. Уфа (300 км ад мора). Існуюць яравая і азімая формы. Нерастуе ў вер.—лют. 1—2 разы ў жыцці (праз 2—3 гады). Драпежнік, у час міграцый не корміцца. Каштоўная рыба; у сувязі з зарэгуляваннем Волгі прамысл. значэнне невялікае; разводзяць штучна.

Беларыбіца.

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛУ́ГА (Huso huso),

рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.

Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.

Бялуга.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБА́МА (Alabama),

штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс. км², нас. 4187 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большая ч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРА́ДА (Colorado),

плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПдЗ ЗША. Абмежавана на У і ПнУ Скалістымі гарамі, на З хр. Сьера-Невада, на ПнЗ Вял. Басейнам, на Пд Мексіканскім нагор’ем. Пл. больш за 300 км². Выш. 1800—2500 м, асобныя хрыбты вышэй за 3000 м, астанцовыя і вулканічныя масівы да 3861 м (г. Хамфрыс-Пік). Складзена з дакембрыйскіх крышт. парод і магутнай палеазой-мезазойскай асадкавай тоўшчы, з якой звязаны буйнейшыя радовішчы урана-ванадыевых руд. У палеаген-неагенавы перыяд адбылося падняцце паверхні, якое суправаджалася актыўнымі тэктанічнымі і вулканічнымі працэсамі. Рэкі інтэнсіўна праразалі плато глыбокімі каньёнамі, у т. л. і р. Каларада (гл. Вялікі каньён). Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Ападкаў 200—500 мм за год. Стэпавая і пустынная расліннасць з сукулентамі.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)