БІЛЯ́Р,
старажытны горад Балгарыі Волжска-Камскай, гарадзішча якога захавалася ў в. Білярск (Татарстан). Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 10 ст., дасягнуў росквіту ў 12 — пач. 13 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы. У слав. летапісах названы Вял. Горадам. Быў умацаваны валам з драўлянымі канструкцыямі і ровам. У 1236 разбураны мангола-татарамі. Раскопкамі выяўлены рэшткі дамоў з цэглы, вял. будынка караван-сарая, могільнік. Знойдзена шмат вырабаў мясц. рамеснікаў і рэчаў з Ірана, Візантыі, Каўказа, Русі.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
археал. помнікі (гарадзішча і селішча) каля в. Гарадок Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы ранняга жал. веку і сярэднявечча 2 культурныя пласты: на ніжнім знойдзена штрыхаваная кераміка і праслойка пажарышча; на верхнім — кераміка 16—17 ст. і фрагменты паліхромнай і аднаколернай зялёнай кафлі, арнаментаванай раслінным ці геам. малюнкам, узорам з гербам «Ружа», сцэнамі палявання, казачнымі сюжэтамі, выявамі чалавека, амура, цмока і інш. На селішчы знойдзены фрагменты посуду эпохі Кіеўскай Русі, кераміка 14—17 ст.
т. 5, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́Ц,
гарадзішча 8 — пач. 10 ст. роменскай культуры каля г.п. Пакацілаўка пад г. Харкаў (Украіна), на правым беразе р. Уды. У 11—13 ст. стараж. ўсх.-слав. горад на памежжы Кіеўскай Русі. Пад 1185 упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе. Археал. даследаваннямі выяўлена, што ў 12 ст. Д. меў умацаваны дзядзінец, пасад з жытламі рамеснікаў. Сярод знаходак вырабы з жалеза, шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, кальчугі, рэчы матэрыяльнай культуры полаўцаў. Пасля мангола-татарскіх набегаў у 13 ст. Д. заняпаў.
т. 6, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖАЦКІЯ З’Е́ЗДЫ ў Кіеўскай Русі,
нарады князёў з дынастыі Рурыкавічаў, на якіх вырашаліся важныя паліт., ваен. і рэліг. пытанні. З летапісных крыніц найб. вядомыя: Вышгарадскі К.з. 1072 (разглядаў пытанні аб перанясенні мошчаў св. Барыса і Глеба ў новую царкву, прыняцці «Праўды Яраславічаў» — новай рэдакцыі «Рускай праўды»), Любецкі з’езд 1097, Віцічаўскі К.з. 1100 (пра заключэнне міру паміж князямі Святаполкам Ізяславічам, Уладзімірам Манамахам, Алегам Святаславічам і інш. і саюз супраць полаўцаў), Долабскі К.з. 1103 (пра арганізацыю паходу супраць полаўцаў).
т. 8, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЗАЛАВА,
вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Белая Натапа, на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Мсціслаў, 90 км ад Магілёва, 8 км ад чыг. ст. Ходасы. 686 ж., 229 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 19 ст.). Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.
т. 9, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШАВІЧЫ,
вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Убарць, на аўтадарозе Лельчыцы — в. Глушкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдЗ ад г.п. Лельчыцы, 242 км ад Гомеля, 130 км ад чыг. ст. Калінкавічы. 1230 ж., 440 двароў (1999). Лясніцтва, лясгас. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка, селішчы каменнага і жал. вякоў, эпохі Кіеўскай Русі.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Храбры
(? — 1036),
старажытнарускі князь тмутараканскі (з 988) і чарнігаўскі (з 1023). Сын вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. У 1016 змагаўся з хазарамі, у 1022 заваяваў касогаў. У 1024 нанёс паражэнне брату — кн. Яраславу Мудраму і стаў незалежным уладаром усх. ч. Кіеўскай Русі да р.Дняпро, што пацверджана дагаворам 1026 паміж братамі. У 1031 разам з Яраславам зрабіў ваен. паход на Польшчу. Пасля смерці М.У. яго ўладанні адышлі да Яраслава Мудрага.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,
судовы зборнік Наўгародскай феадальнай рэспублікі 15 ст. Яе юрыд. крыніцамі былі асобныя артыкулы Рускай праўды і мясц. права больш позняга паходжання. Асобныя нормы Н.с.г. пераклікаюцца з некаторымі нормамі Пскоўскай суднай граматы і суд. парадкамі Паўн,Усх. Русі. Н.с.г. прысвечана судаводству і суд. ладу ў Вял. Ноўгарадзе. У ёй вызначаны кампетэнцыі суда архіепіскапа, пасадніка, тысяцкага, велікакняжацкага намесніка і цівуна, названы памеры суд. пошлін, разгледжаны розныя суд. казусы. Н.с.г. стала адной з крыніц Судзебніка 1497.
т. 11, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ 1-ы, вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., на ўсх. беразе Салігорскага вадасх., на скрыжаванні аўтадарог на Бабруйск, Чырвоную Слабаду, Салігорск, Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 127 км ад Мінска. 296 ж., 146 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік сав. танкістам. На паўн. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.
т. 11, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
М.В.Нікалаеў.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)