А́НЕНСКІ (Інакенцій Фёдаравіч) (1.9.1856, г. Омск — 13.12.1909),

рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Аўтар трагедый «Меланіпа-філосаф» (1901), «Цар Іксіён» (1902), «Лаадамія» (1906), «Фаміра-кіфарэд» (выд. 1913), заснаваных на сюжэтах ант. міфалогіі. Паэзіі Аненскага (зб-кі «Ціхія песні», 1904; «Кіпарысавая шкатулка», 1910; «Пасмяротныя вершы» 1923) уласцівыя дэкадэнцкае светаўспрыманне, адзінства інтэлектуальных і маральных пачаткаў. Выступаў як перакладчык і крытык («Кніга адлюстраванняў», т. 1—2, 1906—09).

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБУ́ЗАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (26.5.1908, Масква — 20.4.1986),

рускі драматург. Скончыў тэатр. школу ў Ленінградзе. Працаваў у тэатрах Ленінграда і Масквы. Аўтар п’ес «Далёкая дарога» (1935), «Таня» (1938), «Горад на світанні» (1941), «Іркуцкая гісторыя» (1959), «Казкі старога Арбата» (1970), «Старамодная камедыя» (1975), «Пераможніца» (1983) і інш. У творах тонка спалучае псіхалагізм з лірызмам, жыццёвую дакладнасць з рамантычнай узнёсласцю, вастрыню сюжэтных калізій з вольнай кампазіцыяй п’есы. Дзярж. прэмія СССР 1980.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНАРДО́С (Мікалай Мікалаевіч) (8.7.1842, с. Маставое Мікалаеўскай вобл., Украіна — 21.9.1905),

рускі вынаходнік у галіне электразваркі. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (Масква). З 1865 больш за 100 вынаходстваў у розных галінах (сельскай гаспадарцы, транспарце і інш.). Распрацаваў спосаб эл. дугавой зваркі металаў (1881), інш. спосабы зваркі і паяння.

Літ.:

Никитин В.П. Н.​Н.​Бенардос, 1842—1905 // Люди русской науки. М., 1965.

М.М.Бенардос.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́Ў (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 5.1.1929, Масква),

рускі кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1958). Дэбютаваў на кінастудыі «Ленфільм». У 1962—68 і 1982—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1969—80 на кінастудыі імя Горкага. Сярод фільмаў: «Горад майстроў» (1966), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Здабытак рэспублікі» (1972), «Канцэрт» (1973), «Ёсць ідэя» (1977), «Асенні падарунак феяў» (1984), «Палёт у краіну пачвар» (1986).

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 11.9.1926, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),

рускі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1968). З 1947 саліст ансамбляў песні і танца Прыкарпацкай і Кіеўскай ваен. акруг, у 1955—79 — Ансамбля песні і танца Сав. Арміі, з 1980 — Расканцэрта. Ў рэпертуары рус. нар. песні, песні сучасных кампазітараў (многія выканаў упершыню). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФЁРАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (26.9.1917, г.п. Кампанееўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.11.1982),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1978). Чл.-кар. АМ СССР (1978). Скончыў Харкаўскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). Выкладаў у Свярдлоўскім арх. ін-це, у 1972—82 рэктар. Работы: жылыя дамы з выкарыстаннем элементаў ордэрнай архітэктуры (1955), ансамбль гіст.-рэв. сквера (1974) — усе ў Екацярынбургу. Аўтар прац па гісторыі і тэорыі прамысл. архітэктуры.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАПО́ЛЬСКІ (Арыстарх Апалонавіч) (13.7.1854, Масква — 16.5.1934),

рускі астрафізік. Акад. Пецярбургскай АН (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1877). З 1879 у Маскоўскай абсерваторыі, з 1888 у Пулкаўскай (у 1917—19 яе дырэктар). Даследаваў нябесныя свяцілы, шырока выкарыстоўваў фатагр. метады, першы ў Расіі пачаў праводзіць спектраграфічныя даследаванні, напрыклад, спектры пераменных і падвойных зорак, кольцаў Сатурна; з дапамогай зоркавага спектрографа выявіў вярчэнне Сонца.

Тв.:

Астрономические труды. М., 1954.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАНРА́ВАЎ (Барыс Георгіевіч) (16.4.1896, Масква — 27.10.1949),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). З 1915 у МХАТ. У яго мастацтве спалучаліся шчырасць, мужная прастата з рамантычным натхненнем і паэт. пафасам. Сярод роляў: Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), цар Фёдар («Цар Фёдар Іванавіч» А.​К.​Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава). З 1920 здымаўся ў кіно: «Пецярбургская ноч», «Аэраград», «Узнятая цаліна», «Аповесць пра сапраўднага чалавека» і інш.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Леанід Аляксандравіч) (24.2.1871, Масква — 11.4.1962),

рускі батанік. Чл.-кар. Расійскай АН (1922). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). Вучань І.М.Гаражанкіна і К.А.Ціміразева. З 1904 праф. Ленінградскай лесатэхн. акадэміі, з 1939 у Ін-це фізіялогіі раслін АН СССР, з 1944 у Ін-це лесу АН СССР. Навук. працы ў галіне фізіялогіі раслін (дыханне, браджэнне, фосфарны і бялковы абмен, светлавы і водны рэжым, фотасінтэз). Адкрыў фасфарыляванне цукроў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗІН (Васіль Васілевіч) (6.8.1898, Масква — 1.10.1981),

рускі паэт, адзін з пачынальнікаў рабочай тэмы ў рус. лірыцы. Арганізатар і ўдзельнік літ. групы пралетарскіх пісьменнікаў «Кузніца». Друкаваўся з 1914. У зб. вершаў «Рабочы май» (1922) услаўляў вольную працу. Прастата, канкрэтнасць лірыкі К. адрознівалі яе ад касмізму і абстрактнасці «Кузніцы». У паэме «Лісіная шуба і каханне» (1926) выкрываў мяшчанскую мараль.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1964;

Избранное. М., 1978.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)