ВАСКАБО́ЙНІКАЎ (Васіль Міхайлавіч) (н. 9.8.1923, г. Лебядзін Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1967), праф. (1968). Скончыў Харкаўскі вет.Ін-т (1948). З 1955 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (у 1968—73 прарэктар). Навук. працы па пытаннях барацьбы з ялавасцю і бясплоднасцю, укараненні ў практыку жывёлагадоўлі штучнага асемянення. Распрацаваў метады дыягностыкі і лячэння гінекалагічных хвароб с.-г. жывёл, даследаваў пытанні фізіялогіі і паталогіі родаў.
Тв.:
Борьба с яловостью коров. Мн., 1976 (разам з К.Дз.Валюшкіным, А.С.Церашэнкавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РА,
агульная назва 2 родаў (Ara і Anadorhynchus) клінахвостых папугаяў атр. папугаепадобных. 18 відаў. Жывуць у лясах Паўн. і Паўд. Амерыкі. Як дэкар. птушкі завезены ў многія краіны свету. Найб. вядомыя ара чырвоны (Ara macao), ара блакітны (Ara ararauna), ара гіяцынтавы (Anadorhynchus hiacinthinus).
Гіяцынтавы ара даўж. да 1 м. Ярка афарбаваныя птушкі з доўгім хвастом. Дзюба моцная. Чароды ара часам шкодзяць пладовым дрэвам. Лёгка прыручаюцца і могуць «гаварыць». Некаторыя ахоўваюцца. Трохкаляровы ара вымер на Кубе ў 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),
атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.
Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́МЫ (Agamidae),
сямейства яшчарак атр. лускаватых. 35 родаў, больш за 300 відаў. Найб. вядомыя круглагалоўкі (Phrynosephalus), драконы (Draco), яшчаркі плашчаносныя (chlamydosaurus), калоты (Calotes). Водзяцца пераважна ў стэпавых і пустынных зонах Афрыкі (акрамя Мадагаскара), Паўд.-Усх. Еўропы, Азіі, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Жывуць на зямлі, скалах або дрэвах.
Даўж. да 45 см. Галава і шыя ўкрытыя дробнымі рагавымі шчыткамі, у некат. уздоўж спіны грэбень. Хвост звычайна доўгі, няломкі. Могуць мяняць афарбоўку цела. Кормяцца насякомымі, зрэдку раслінамі. Кладуць яйцы, некат. жывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАРТА́ЛЬНЫЯ (Diaporthales),
парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў пірэнаміцэтаў. Вядома больш за 450 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. Сапратрофы на раслінных рэштках, некат. — паразіты (пераважна ў канідыяльнай стадыі) пладовых і ягадных культур. На Беларусі адзначаны віды з родаў гнамонія, дыяпортэ, гламерэла, вальса.
Пладовыя целы (перытэцыі) цёмна-бурыя ці чорныя, шчыльныя, скурыстыя, з носікам для выхаду аскаспор, паглыбленыя ў субстрат або строму (міцэліяльнае спляценне). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя, з часовай ножкай, якая потым знікае, у спелых перытэцыях размешчана свабодна ў слізі. Сумкаспоры адна- або двухклетачныя, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЎЛЯ́НСКАЯ ЗБРАЁЎНЯ,
калекцыя ваен. зброі і амуніцыі 13—19 ст., сабраная А.Гюнтэрам (па паходжанні немец) у сваім маёнтку Дабраўляны (цяпер вёска ў Смаргонскім р-не). Экспанаты — шлемы, кірасы, латы, парахаўніцы, бердышы, алебарды, чаканы, стрэлы, баявыя сякеры, лукі, даспехі крыжакоў і інш. — былі размешчаны ў пабудаванай ім капліцы. У калекцыі былі ўзоры ваен. і паляўнічага ўзбраення розных стараж. магнацкіх родаў. На тэр. сядзіб Гюнтэр стварыў таксама музей нар. побыту (старыя хаты, аборы, борці і інш.). Пасля яго смерці (1854) б.ч. экспанатаў трапіла ў Варшаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ (Dothideales),
парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Chelidae),
сямейства паўзуноў падатр.бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр. Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),
сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на ЗПаўн. Амерыкі і Аўстраліі.
Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЯЦЫ́БЕ (Coniocybe),
род накіпных лішайнікаў сям. каліцыевых. 24 віды. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 віды: К. сярністажоўтая (C. sulphurea), К. зярністая (C. furfuraceae), К. тонкая (C. gracilenta) — індыкатарны да антрапагеннага ўздзеяння від, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляецца ў вільготных лясах на дрэвах, пнях, ламаччы.
Слаявіна накіпная, парашкаватая, шараватага, салатавага, лімоннага колеру. Па ёй раскіданы ніткападобныя ножкі рознай выш. з шарападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі). У слаявіне знаходзяцца водарасці з родаў Stichococcus і Trentepohlia.