ВАЛАКО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае распаўсюджванне святла і перадачу інфармацыі па валаконных святлаводах і займаецца распрацоўкай апаратуры. Вылучылася ў самаст. кірунак у 1950-я г. ў сувязі з развіццём выліч. тэхнікі, кабельнага тэлебачання, сістэм аптычнай сувязі, мед. тэхнікі (зонды), стварэннем квантавых узмацняльнікаў, лазераў і інш.

Па святлаводах светлавыя сігналы перадаюцца з адной паверхні (тарца святлавода) на другую (выхадную) як сукупнасць элементаў відарыса, кожны з якіх перадаецца па сваёй святловядучай жыле. Стрыжань святлавода мае паказчык пераламлення святла, большы за абалонку, таму на мяжы стрыжня і абалонкі адбываецца шматразовае поўнае ўнутранае адбіццё святла, якое распаўсюджваецца па святлаводзе з малымі стратамі. Калі дыяметр святлавода большы за даўжыню хвалі (мнатамодавыя святлаводы), распаўсюджванне святла падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, у больш тонкіх валокнах (парадку даўжыні хвалі; аднамодавыя святлаводы) — законам хвалевай оптыкі. Святлаводы бываюць жорсткія (аднажыльныя, шматжыльныя) і ў выглядзе жгутоў з рэгулярнай укладкай валокнаў. Якасць відарыса вызначаецца дыяметрам жыл, іх колькасцю, дасканаласцю вырабу. Гал. прычына страт энергіі ў святлаводах — паглынанне святла шклом жылы.

На Беларусі даследаванні па валаконнай оптыцы, пачаліся ў 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў), вядуцца ў Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» і інш.

Літ.:

Волоконная оптика. М., 1993;

Тидекен Р. Волоконная оптика и ее применение. Пер. с англ. М., 1975.

Я.​В.​Алішаў.

Валаконная оптыка. Паэлементная перадача відарыса валаконнай дэталлю: 1 — відарыс на ўваходзе; 2 — святлоправодная жыла; 3 — ізаляцыйная праслойка; 4 — мазаічны відарыс на выхадзе.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

размежаванне моў свету пры іх параўнальным вывучэнні па пэўных таксанамічных рубрыках у адпаведнасці з прынцыпамі, якія вынікаюць з агульнай мэты даследавання і на падставе пэўных адзнак. Існуюць 4 асн. віды К.м.: генеалагічная класіфікацыя моў, арэальная, тыпалагічная класіфікацыя моў і сацыялінгвістычная. Генеалагічная К.м. праводзіцца на аснове вывучэння роднасці моў параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Арэальная К.м. улічвае прыкметы, звязаныя з моўнымі кантактамі і ўзаемаадносінамі паміж мовамі (гл. Арэальная лінгвістыка) ці дыялектамі (гл. Лінгвістычная геаграфія). Тыпалагічная К.м. заснавана на паняцці падабенства (фармальнага ці семантычнага) моў. Сацыялінгвістычная (функцыянальная) К.м. грунтуецца на вызначэнні аб’ёму і структуры камунікацыі на той ці інш. мове (гл. Функцыянальная лінгвістыка).

Генеалагічная К.м. мае абсалютны характар (кожная мова адносіцца да адной пэўнай генеалагічнай групы і не можа змяніць гэтай прыналежнасці). Сацыялінгвістычныя характарыстыкі моў з цягам часу мяняюцца. Тыпалагічная К.м. заўсёды адносная і гістарычна зменлівая з прычыны зменлівасці структуры мовы і яе тэарэт. асэнсавання. Арэальная К.м. характарызуецца большай або меншай устойлівасцю ў залежнасці ад абраных параметраў класіфікацыі Генеалагічнае падабенства з цягам часу сціраецца, арэальнае — у выпадку канвергентнага развіцця моў — можа ўзмацняцца. Для арэальнай класіфікацыі істотны тэр. паказчык, генеалагічная К.м. не залежыць ад лакалізацыі моў.

Пытанні К.м. актыўна распрацоўваюцца з пач. 19 ст. («Мітрыдат» ням. філолага І.​К.​Адэлунга, дзе ў сінкрэтычнай форме азначаны арэальная, генеалагічная і тыпалагічная К.м.). З сярэдзіны 20 ст. вывучаюцца тэарэт. прынцыпы розных відаў К.м.; даследуюцца праблемы арэальнай і тыпалагічнай К.м.

Літ.:

Теоретические основы классификации языков мира. [Ч. 1—2]. М., 1980—82;

Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1995;

гл. таксама пры арт. пра кожны від К.м.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ткані́на ’тканы матэрыял; тэкстыльны выраб’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Вруб.), тканіна́ ’матэрыя, вытканая ў хатніх умовах’ (шчуч., смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Ласт.), тка́ніна ’тс’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ткани́на ’тэкстыль, тканы матэрыял’, рус. дыял. ткани́на ’тс’, польск. tkanina ’тс’, чэш. tkanina ’тс’, славац. tkanina ’тс’, в.-луж., н.-луж. tkanina ’тс’, славен. tkanina ’тс’, серб.-харв. тка̏нина ’тс’, макед. ткаенина ’тс’. Паводле Махэка₂ (644), новыя спецыяльныя тэрміны ў асобных славянскіх мовах. У народнай мове суф. ‑іна можа ўспрымацца як паказчык адзінкавасці, у сувязі з чым узнікаюць новыя тэрміны для называння тканага матэрыялу, напр. тка́нае ’матэрыя, вытканая саматужным спосабам’ (смарг., Сл. ПЗБ), або як сродак, што ўтварае экспрэсіўныя назвы дзеяння тыпу бегані́на, тузані́на, у сувязі з чым у якасці назвы матэрыялу выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі ад ткаць (гл.): тка́нье, тка́нё, тка́ння ’тс’ (ашм., лід., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), тканнё ’агульная назва ўсяго тканага’ (Мат. Маг.), параўн. тка́нне ’ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.). У аснове слова дзеепрыметнік тка́ны ад ткаць 1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі́; -ве́дзены; зак.

1. каго на што. Ведучы, дапамагчы ўзысці, падняцца наверх чаго-н.

У. дзіця на ганак.

2. што на каго-што. Узняць (вочы, позірк), паглядзець уверх.

У. вочы на каго-н.

3. што. Прывесці ў гатовае да выстралу становішча (пра зброю).

У. курок.

4. што. Збудаваць, паставіць.

У. будынак.

У. помнік.

5. перан., каго-што ў што. Узвысіць да якога-н. стану, звання; надаць чаму-н. іншае ці важнае значэнне.

У. ў ранг заслужанага дзеяча навукі.

У. ў абсалют.

У. што-н. у закон.

6. перан., што на каго. Несправядліва прыпісаць каму-н. што-н.

У. паклёп на каго-н.

7. што ў што (у якую-н. ступень, у квадрат, у куб). Памножыць лік (ці велічыню) сам на сябе столькі разоў, колькі вызначае паказчык ступені.

У. сем у куб.

|| незак. узво́дзіць, -о́джу, -о́дзіш, -о́дзіць.

|| наз. узвядзе́нне, -я, н. і узво́д, -у, М -дзе, м. (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,

запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.

Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;

Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;

Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

аптымальнае спалучэнне рабочай сілы, сродкаў і прадметаў працы ў працэсе вытв-сці тавараў (паслуг) на аснове падзелу працы, абавязкаў і пэўнай іерархічнай структуры з мэтай дасягнення максімальнай сац.-эканам. эфектыўнасці. Ахоплівае асн., дапаможную і абслуговую вытв-сць, а таксама кіраванне вытворчасцю як гарманічна ўвязаныя звёны адзінага працэсу вырабу прадукцыі. Арганізацыя вытворчасці павінна забяспечыць: бесперапыннасць (выкарыстанне сродкаў працы з мінімальнымі стратамі часу, няспынны рух прадметаў працы праз усе стадыі вытв-сці), прапарцыянальнасць (узаемная адпаведнасць сумежных участкаў, што дазваляе больш поўна выкарыстаць іх вытв. магутнасці), рытмічнасць (раўнамерны выпуск прадукцыі і выкананне аднолькавага аб’ёму работ у роўныя адрэзкі часу). Найважнейшыя формы арганізацыі вытворчасці: камбінаванне, канцэнтрацыя, спецыялізацыя. Важнейшыя метады арганізацыі вытворчасці: непаточны, паточны, аўтаматызаваны; адзінкавы серыйны і масавы тыпы вытв-сці. Кожнае прадпрыемства канкрэтызуе арганізацыю вытворчасці з улікам асаблівасцяў сваёй галіны, віду прадукцыі (паслуг), ступені падзелу працы. Існуюць і агульныя, характэрныя для ўсіх прадпрыемстваў стадыі арганізацыі вытворчасці: тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці (праектаванне, вытв-сць новых відаў прадукцыі і арганізацыя для гэтых мэтаў канструктарскай, тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці); стварэнне рацыянальнай вытворчай структуры і арганізацыя асноўных вытворчых працэсаў (склад і структура вытв. падраздзяленняў, рэгламент іх работы, забеспячэнне бесперабойнасці вытв. працэсу); тэхнічнае абслугоўванне вытворчасці (кваліфікаванае абслугоўванне найперш асн. вытв-сці, каб забяспечыць рытмічны выпуск прадукцыі высокай якасці); функцыянальная дзейнасць прадпрыемства (аператыўная, кваліфікаваная і ўзаемазладжаная работа спецыялістаў усіх службаў); рацыянальная арганізацыя кіравання вытворчасцю. На ўсіх стадыях арганізацыі вытворчасці найважнейшае значэнне мае рацыянальная арганізацыя працы. Асн. патрабаванні да вытв. структуры: прастата, гнуткасць і эканамічнасць, якія дасягаюцца змяншэннем колькасці вытв. падраздзяленняў, іх узбуйненнем, пераходам на бясцэхавую структуру кіравання, укараненнем найноўшых тэхнікі і тэхналогій, спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці. Эфектыўнасць арганізацыі вытворчасці заключаецца ў змяншэнні выдаткаў вытв-сці, павышэнні прадукцыйнасці працы. Абагульняльны паказчык эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці — павелічэнне прыбытку ад рэалізаванай прадукцыі ў разліку на 1 руб. сродкаў, укладзеных у работу прадпрыемства.

Г.​Я.​Кажэкін.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.

2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.

3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.

4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́чба, ‑ы, ж.

1. Знак для абазначэння ліку. Арабскія лічбы (1, 2, 3 і г. д.). Рымскія лічбы (I, II, III і г. д.). □ Не ведаючы ніводнай літары, ніводнай лічбы, .. [Гінка] памятала ўсіх сваіх даўжнікоў. Корбан. Малая і большая стрэлкі насценнага гадзінніка сышліся там, дзе напісана лічба «11». Брыль.

2. Разм. Сума, лік. [Сакратар райкома:] — Для вашага калгаса, таварыш Бягун, такая лічба роўна кулю. Сергіевіч. Я спачатку падумаў, што не зразумеў абвешчанай мне лічбы і папрасіў напісаць яе на паперы. Лынькоў. // Паказчык чаго‑н., выражаны ў лічбах; разлік, падлік. [Паходня:] — Ты б усё аддаў, каб у зводцы стаяла самая высокая лічба выпрацоўкі на трактар. А ўсё астатняе, па-твойму, дробязь... Хадкевіч. — Яе сто пудоў махоркі вы можаце сабраць з гектара, а самае малое — чатырыста. І вось гэтую лічбу мы занясём у план. Кулакоўскі.

•••

Астранамічныя лічбы — пра вельмі вялікія лічбавыя велічыні.

Кантрольныя лічбы — лічбавыя колькасныя паказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на пэўны тэрмін пры планаванні народнай гаспадаркі.

Круглыя лічбы — лічбы без дробавых адзінак; акругленыя лічбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жо́луд ’плод дуба’, жолудзі, жалу́дка ’картачная масць’ (Нас.). Рус. желудь ’плод дуба’, дыял. с.-урал. ’плод бульбы’, уст. ’картачная масць’, укр. жолудь ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’ (Жэлях.), польск. żołądź ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’, палаб. zelǫd, в.-луж. žoldz ’тс’, н.-луж. zołz̀, чэш. žalud, славац. žaluď, славен. želod ’тс’, серб.-харв. же̏луд ’плод дуба’, балг. желъд, ’тс’, макед. желадʼ ’плод дуба, картачная масць’. Ст.-слав. желждь. Ст.-рус. желудь ’каштаны, арэхі, жалуды’. Лац. glans, glandis, грэч. βαλανος, арм. kalin, ст.-прус. gile, літ. gile, лат. dzile ’жолуд’. І.‑е. *g​u̯el, g​ula‑ ’тс’ (Покарны, 1, 472–473). Брукнер (665) тлумачыў слав. ‑d‑ як паказчык зборнасці. Грэч. значэнне ’жолуд’ і ’падаль’ указвае на магчымасць сувязі з βαλλω ’кідаю’ і адпаведна тлумачыць семантычны бок паходжання. Іначай Махэк₂, 722: і -е. корань суадносіцца з g​u̯ere ’жэрці’ і трактуецца як ’ежа вяпрукоў’. Фасмер, 2, 45; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 283; БЕР, 1, 533–534; Скок, 3, 675; Фрэнкель, 151; Тапароў, E–H, 234–235. Назва картачнай масці (гл. яшчэ жлудзь) — калька ням. Eichel праз чэш. і далей рус. ці польск. (Чарнышоў, Избр. тр., 2, 448–452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,

1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар. гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».

3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.

Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел. літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.

У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац. АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.

Літ.:

Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;

Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;

Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;

Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;

Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;

гл. таксама пры арт. Норма моўная.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)