ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ (Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч

(16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),

украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнута ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.

Літ.:

Кауфман Л. С.​С.​Гулак-Артемовський. Київ, 1962.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ТГАРЦ (Ілья Аляксандравіч) (30.3.1893, г. Адэса, Украіна — 3.2.1966),

бел. дырыжор і педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Петраградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1916) і тэорыі кампазіцыі (1918). У 1919—26 і 1936—47 муз. кіраўнік у оперных т-рах Палтавы, Ленінграда, Масквы, Ташкента, Пермі, Куйбышава, Фрунзе. У 1926—30 заг. муз. часткі і дырыжор БДТ-2. Як заснавальнік, муз. кіраўнік і гал. дырыжор Бел. студыі оперы і балета (1930—33) падрыхтаваў адкрыццё Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, быў яго першым дырэктарам, маст. кіраўніком і гал. дырыжорам (1933—36), дырыжорам (1947—51). З 1947 выкладаў у Бел. кансерваторыі (дацэнт з 1949). Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1933), «Яўген Анегін» (1933, 1948), «Пікавая дама» (1931) і «Чаравічкі» (1949) П.​Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.​Напраўніка (1948), «Тоска» Дж.​Пучыні (1950), балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова, «Салавей» М.​Крошнера (1950). Гітгарцу-дырыжору былі ўласцівыя тонкая інтуіцыя, імправізацыйны пачатак. Аўтар музыкі да драм. спектакляў.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 91—93, 96, 98, 101, 224;

Азгур З. Дырыгент // Літ. і мастацтва. 1993. 26 сак.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),

буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.​Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.​Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.​Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццё т-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.​Острчыл, В.​Таліх, З.​Халабала, Я.​Кромбгальц; балетмайстры І.​Блажак, І.​Енчык, М.​Кура, С.​Махаў, І.​Немечак; рэжысёры І.​Гонзль, Я.​Квапіл, Ф.​Колар, І.​Маршалек, Р.​Полак, Я.​Пруха, Ф.​Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.​Бенячкава, К.​Берман, Б.​Блахут, К.​Бурыян, Э.​Дэсцінава, І.​Жыдак, В.​Зітак, Н.​Кніплава, Л.​Марава, М.​Махаткава, А.​Мікава, І.​Міксава, Э.​Полерт, Р.​Тучак, Б.​Фёрстрава-Лаўтэрэрава, Г.​Хорватава, салісты балета Н.​Гайдашава, М.​Дротнерава, І.​Петршык, В.​Скалава, З.​Шэмберава, В.​Шылганава і інш.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фіна́л

(іт. finale, ад лац. finalis = канечны, канцавы)

1) завяршэнне, канец чаго-н.;

2) заключная частка музычнага або тэатральнага спектакля (сімфоніі, оперы і інш.);

3) заключная частка спартыўных спаборніцтваў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРСЛАНКУ́ЛАЎ (Ташпулат) (1882—10.5.1962),

узбекскі майстар разьбы па ганчы. Нар. мастак Узбекістана (1944). Удзельнічаў у афармленні будынкаў у Ташкенце (адзін з афарміцеляў інтэр’ераў Вял. т-ра оперы і балета імя А.​Наваі, 1947—48; Дзярж. прэмія СССР, 1948).

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦІ́НА ў тэатры,

закончаная частка акта ў драме, оперы, балеце. Аддзяляюцца адна ад адной кароткім перапынкам, у час якога апускаецца заслона, гледачы застаюцца на месцах, а на сцэне адбываецца змена дэкарацый.

У некат. сцэнічных творах К. з’яўляецца асн. адзінкай падзелу дзеяння.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БІН (Натан Барысавіч) (27.3.1893, г. Крамянчуг, Украіна — 17.1.1945),

дырыжор і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Прафесар. Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас кампазіцыі Я.Вітала). У 1925—37 і 1941—45 у т-рах оперы і балета Харкава, Свярдлоўска, Куйбышава, Пярмі, Ташкента. У 1938—41 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Бел. (1940—41) і Ташкенцкай (1941—45) кансерваторыях. Муз. кіраўнік пастановак нац. опер «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1939), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (1940). З іншых работ на бел. сцэне: «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава (1938), балет «Лебядзінае возера» (1938) і «Пікавая дама» (1941) П.​Чайкоўскага, «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1941), «Трыльбі» А.​Юрасоўскага (1940). Аўтар камерна-інстр. твораў.

Б.​С.​Смольскі.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭТРЫ́ ((Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст) (8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),

французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГА́ШАЎ (Газіз Ніязавіч) (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),

дырыжор. Нар. арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава і «Алеся» Я.​Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.​Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.​Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.​Байсеітавай 1972.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.​Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.​Глінкі, «Дударай» Я.​Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.​Сметаны, «Мадам Бавары» Э.​Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.​Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Я.А.Зайцаў.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)