МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Антанас) (Мацкевіч Антоній; 26.6.1828, в. Маркяй Шаўляйскага пав., Літва — 28.12.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це; скончыў духоўную семінарыю (1853), быў ксяндзом у Панявежскім пав. Прыйшоў да думкі аб неабходнасці ўзбр. барацьбы супраць царызму, за ліквідацыю прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Вёў асветніцкую работу сярод сялян, прапаведаваў свае погляды. У жн. 1862 звязаўся з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім. З пачаткам паўстання (студз. 1863) арганізаваў з сялян атрад (250 чал.), у сак.—маі ўдзельнічаў з ім у баях у цэнтр. Літве самастойна, потым у складзе злучэння Серакоўскага. Пасля разгрому злучэння (7—9 мая) і пакарання смерцю Серакоўскага атрады паўстанцаў пад камандаваннем М. працягвалі дзейнічаць у цэнтры і на З Літвы. З ліст. 1863 узначальваў паўстанцкія сілы Ковенскай губ. 17 снеж. схоплены і павешаны ў Коўне.

Літ.:

Жюгжда Ю.И. Антанас Мацкявичус // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г. М., 1964.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКАЯ (Наталля Мікалаеўна) (н. 19.1.1931, г. Саратаў, Расія),

бел. графік. Жонка Г.Г.Паплаўскага. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Творы вызначаюцца казачна-паэт. інтэрпрэтацыяй сюжэтаў, зваротам да фалькл. матываў, тэматыкі нар. жыцця. Аўтар цыклаў «Палессе» (1967), «Прырода і дзеці» (1968), «Музей прыроды» (1972—91), «Помнікі гісторыі і архітэктуры» (1977—89), «Браслаўскія матывы» (1975, 1977—78, 1981—84), «Браслаўшчына», «Літва» (абодва 1981—82), «Гарадок у снезе», «Браслаўская восень», «Прагулка ў Зарасаі» (усе 1984), літаграфій «Чарнічка» (1969), «Сям’я» (1970), «Дзядок», «Залатая яблынька», «Пастушок» (усе 1971) і інш. Аформіла выданні бел. нар. казак «Музыка-чарадзей», «Лёгкі хлеб» і інш. (усе 1969), «Ладачкі-ладкі» В.​Віткі (1977, у сааўт.), «Дрэва кахання» (1980, з Паплаўскім), творы Р.​Кіплінга, Ш.​Перо і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Іл. гл. таксама да арт. Літаграфія.

Н.​П.​Марчанка.

Н.Паплаўская. Сям’я. 1970.

т. 12, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПАЎ (Юрый Фёдаравіч) (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід. буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).

Тв.:

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),

польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),

польская тайная вызв. арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.​Канарскі, А. і Л. Залескія, С.​Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс. сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б. ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.​Ажэшка (гл. Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЦЛАВА ((Venclova) Антанас) (7.11.1906, в. Трэмпіняй Марыямпальскага р-на, Літва — 28.6.1971),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1954). Нар. пісьменнік Літвы (1965). Скончыў Каўнаскі ун-т (1932). Дэбютаваў экспрэсіяністычнымі вершамі (зб. «У змрочных завулках», 1926). Пазней усталяваўся прамоўніцкі тып верша, дзе лёс індывіда неаддзельны ад лёсу краіны (зб-кі «Там, дзе яблыня высокая», 1945; «Маладосць краіны», 1948; «Выбранае», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952). Найб. лірызмам, эмацыянальнасцю вызначаецца зб. «Вячэрняя зорка» (1971). Аўтар раманаў «Дружба» (1936), «Дзень нараджэння» (1959, Дзярж. прэмія Літвы 1960), зб. апавяданняў «Ноч» (1939), мемуарнай трылогіі «Рака вясны», «Адкрыццё маладосці», «Бура ў поўдзень» (1964—69). Пераклаў на літ. мову вершы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка. На бел. мову вершы Венцлавы перакладалі С.​Дзяргай, А.​Разанаў, М.​Танк і інш. («Галасы сяброў», 1958; «Літоўская савецкая паэзія», 1977, т. 1), празаічныя творы — А.​Пальчэўскі («Літоўскія апавяданні», 1957).

Тв.:

Raštai T. 1—13. Vilnius, 1965—77;

Бел. пер. — Дзень нараджэння. Мн., 1961.

А.​П.​Лапінскене.

А.Венцлава.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ (Generalbezirk Weissruthenien),

ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.​Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр. БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш. акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.

А.​М.​Літвін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).

Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв. ВКЛ. З 1598 уладанне Е.​Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.

Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),

удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.​Р.​Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.​Сакальскім, стаў папулярнай песняй.

Тв.:

Поэт-революционер И.​И.​Гольц-Миллер /Сост. Б.​Козьмин, Г.​Лелевич. М., 1930.

Літ.:

Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;

Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў, І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РАХАЎ (Іван Сямёнавіч) (23.9.1762—25.4.1815),

расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.​Ф.​Паскевіча).

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)