ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (1112? — пасля 1127),
клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.
т. 4, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н (864 ці 865—27.5.927),
балгарскі князь (з 893), цар [з 919] Прадоўжыў палітыку свайго бацькі — цара Барыса I, накіраваную на ўмацаванне і расшырэнне Балгарыі. Ваяваў з Візантыяй, вымусіў яе плаціць даніну, далучыў да Балгарыі частку Фракіі, Македонію, Албанію, сербскую вобласць Рашка і некат. харвацкія землі. На час праўлення С. прыпадае росквіт Першага Балгарскага царства, пачатак руху багамілаў.
т. 14, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Віцень (князь) 2/200; 3/132, 145, 232, 261, 437; 6/399; 7/595
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Недасе́ка ’насмешлівая мянушка таго, хто нарадзіўся ў Мсціславе’ (Нас.). Назва грунтуецца на гістарычным факце: «у 1654 годзе князь Трубяцкой спаліў Мсціслаў і выразаў 30 000 чалавек у 33‑тысячным горадзе, а тых, хто застаўся, і па сённяшні дзень не-не дый завуць «недасекамі» (Крыніца, 1989, 2, 18). Параўн. укр. недоломок ’прадмет не зусім зламаны, надламаны’ і ’пагардлівая назва людзей, часткова страціўшых сваю нацыянальнасць пад націскам чужой’ (Грынч.). З неда- ’недастаткова, не поўнасцю’ і сячы ’біць, рэзаць і пад.’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАГДА́Н I (?—1365),
першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ТЛЕН ((Bethlen) Габар) (1580, г. Ілія, Румынія — 15.11.1629),
князь Трансільваніі (Семіграда) у 1623—29, кароль Венгрыі [1620—21]. Кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венг. каралеўстве (з 1619). У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 разам з Чэхіяй выступіў супраць ням. імператара і караля Венгрыі Фердынанда II, заняў значную частку Венг. каралеўства і быў абраны каралём. Час кіравання Бетлена называюць залатым векам Трансільваніі (развіваліся гаспадарка, адукацыя і мастацтва).
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́МАЎ (Іван Акімавіч) (2.6.1754, С.Пецярбург — 27.5.1814),
рускі жывапісец, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у А.П.Ласенкі. У 1779—1800 выкладчык, дырэктар Пецярбургскай АМ. Творы: «Вялікі князь Святаслаў, які цалуе маці і дзяцей сваіх пасля вяртання з Дуная ў Кіеў» (1773), «Геркулес на раздарожжы» (1801).
Тв.:
Краткое историческое известие о некоторых Российских художниках // Северный вестн. 1804. Ч. 1. № 3.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДША,
ізяслаўскі князь сярэдзіны 12 ст. Магчыма, сын полацкага кн. Васількі Святаславіча. У 1159 непаўналетнім пасаджаны на княжанне ў Ізяслаўлі са старэйшым братам Брачыславам. Пасля нападу Глебавічаў ён адпраўлены ў палон у Мінск, Брачыслава закавалі ў жалеза. У час паходу на Менск у 1160 полацкі кн. Рагвалод вызваліў братоў. У 1180 у паходзе на Друцк удзельнічаў Андрэй Валодшыч, магчыма, сын Валодшы.
т. 3, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н Ю́Р’ЕВІЧ,
князь тураўскага роду Ізяславічаў у 12 ст. Сын кн. Юрыя Яраславіча. Ва Уваскрасенскім летапісе ўпамінаецца пад 1167, у Густынскім — пад 1168. Разам з інш. рус. князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1170 дапамагаў кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. Верагодна, валодаў адным з удзелаў Тураўскай зямлі.
А.В.Іоў.
т. 7, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛ (паводле інш. крыніц, Ніскін, Ніскіня — маларослы чалавек; ? — 946),
князь драўлян у 1-й пал. 10 ст. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», узначаліў паўстанне жыхароў г. Іскорасцень супраць спробы вял. кіеўскага князя Ігара паўторна сабраць даніну, у час якога Ігара забілі (945). Драўляне няўдала спрабавалі ажаніць М. з удавой Ігара кн. Вольгай. У 946 войска Вольгі захапіла Іскорасцень, М. паводле яе загаду пакараны смерцю.
т. 9, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)