помнік стараж.-рус. літаратуры пач. 12 ст. Напісана не пазней 1113 выхадцам з Чарнігаўшчыны ігуменам Даніілам, які ў пач. 1104—06 (паводле інш. меркаванняў, 1106—08) падарожнічаў у «святую зямлю» праз Канстанцінопаль і Кіпр. Там цікавіўся мясцінамі, звязанымі з біблейскімі падзеямі і героямі, асабліва захапляўся Іерусалімам. Аўтар дэталёва апісаў цэрквы і манастыры, хрысціянскія святыні Палесціны. Будучы на чужыне, Данііл маліўся за рус. князёў, баяр, духавенства, за ўвесь народ, сярод імён згадвае і мінскага князя Глеба Усяславіча. Твор карыстаўся вял. папулярнасцю на Русі (захавалася больш за 100 спісаў, самы ранні — 15 ст.), служыў узорам для інш. твораў гэтага жанру. На Беларусі твор быў вядомы ў рукапісе 16 ст. (зберагаўся ў б-цы Красінскіх у Варшаве, загінуў у 2-ю сусв. вайну) побач з «Хронікай Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», бел. перакладамі «Аповесці пра Таўдала» і біблейскай кнігі Товіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,
антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах.ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс.чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́Т (лац. ornatus),
верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац.маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫЛЯ́НСКАЯ Вольга Юльянаўна (27.11.1863, г. Гура-Гумарулуй, Румынія —21.3.1942),
украінская пісьменніца. Скончыла 4-класную ням. школу, займалася самаадукацыяй. Раннія творы (на ням. мове) прысвечаны эмансіпацыі жанчын. У сац.-псіхал. аповесцях «Чалавек» (1894), «Царэўна» (1896), «Зямля» (1902), «У нядзелю рана зелле капала...» (1909), апавяданнях «Ён і Яна» і інш. выкрывала мяшчанства, прыстасавальніцтва, сац. прычыны збяднення і бяспраўя сялянства Букавіны, узнімала пытанні чалавечай годнасці. Падзеі 1-й сусв. вайны адлюстравала ў апавяданнях «Ліст засуджанага салдата да свае жонкі», «Юда», «Насустрач долі», «Сніцца», «Звар’яцеў». Выступала пераважна як рэаліст, у асобных творах праявіліся рысы мадэрнізму. Аповесці «Ніёба», «Цераз кладку» (абедзве 1905), «За сітуацыямі» (1913), раман «Апостал чэрні» (1926) пра жыццё інтэлігентаў-жанчын і духавенства, іх барацьбу за сац. і нац. вызваленне. Асобныя творы К. экранізаваны і інсцэніраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТ (Comte) Агюст (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),
французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛА Пётр (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),
праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл.духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш.бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Тпа падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл.Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБАРЫ́ТЫ,
радыкальна настроеныя ўдзельнікі гусіцкіх войнаў у сярэдневяковай Чэхіі, апаненты памяркоўных гусітаў-чашнікаў. Летам 1419 каля 42 тыс. сялян і гар. беднякоў заснавалі ў Паўд. Чэхіі на гары Табар (адсюль назва) умацаваны лагер (пазней ператварыўся ў горад), які стаў цэнтрам іх руху. Аб’ядноўвалі таксама рамеснікаў, ніжэйшае духавенства, частку дробнай шляхты. У Табары і інш. гарадах і паселішчах утваралі абшчыны-камуны, выбіралі ўласных біскупа, ваен. кіраўнікоў (гетманаў); прапагандавалі ідэю «боскага царства» ўсеагульнай роўнасці і сац. справядлівасці ў грамадстве, адмаўлялі несправядлівыя парадкі, пышны каталіцкі культ. Былі асн. сілай гусіцкага руху, стварылі палявое войска, якое пад камандаваннем палкаводцаў Мікулаша з Гусі (да 1420), Я.Жыжкі (да 1424), Пракопа Вялікага (да 1434) адбіла 5 крыжовых паходаў (1420, 1421, 1426, 1427, 1431), накіраваных супраць іх, у 1428—33 здзейсніла некалькі паспяховых паходаў у суседнія краіны. Але ў выніку ўнутр. расколу пацярпелі паражэнне ад аб’яднаных сіл чашнікаў і іх саюзнікаў (май 1434). Канчаткова разбіты ў 1437.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЕЙРА́Н, Талейран-Перыгор (Talleyrand-Périgord) Шарль Марыс (13.2.1754, Парыж — 17.5.1838), французскі дзярж. дзеяч, дыпламат.
Князь Беневенцкі (1806—15), герцаг Дзіно (з 1817). У 1775—91 генеральны вікарый, біскуп. У 1789 выбраны ад духавенства ў Ген. штаты; далучыўся да трэцяга саслоўя. Ініцыятар дэкрэта аб перадачы царк. зямель у распараджэнне нацыі. Пасля звяржэння манархіі (1792) у эміграцыі (да 1796). У 1797—1807 міністр замежных спраў Францыі. У 1808 уступіў у тайныя зносіны з рас. імператарам Аляксандрам I, пазней з аўстр. міністрам замежных спраў К.В. фон Метэрніхам. У 1814—15 у перыяд 1-й рэстаўрацыі Бурбонаў кіраўнік урада і міністр замежных спраў. На Венскім кангрэсе 1814—15 узначальваў франц. дэлегацыю. Выкарыстаўшы супярэчнасці паміж краінамі-пераможцамі, дамогся расколу антыфранц. кааліцыі еўрап. дзяржаў і прыняцця выгадных для Францыі рашэнняў. У 1830—34 пасол у Лондане.
Літ.:
Тарле Е.В. Талейран. М., 1962;
Борисов Ю.В. Шарль Морис Талейран. 2 изд. М., 1989.