(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),
інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч.Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Існавала з 1.7.1906 да 1918 у г. Рагачоў Магілёўскай губ. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 класы, з 1911—7 кл. і падрыхтоўчае аддзяленне. Выкладаліся: закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, спевы, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, а таксама на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. У вучылішчы працавалі дырэктар, інспектар, 3 законанастаўнікі, 13 выкладчыкаў, урач. У 1906 у вучылішчы 51 выхаванец, у 1908—106, у 1911—223, у 1915—256. Скасавана ў 1918.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),
бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.Брукнера і У.Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Літ.:
Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;
Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),
бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.Леклерка і Н.Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.
А.М.Пікулік.
М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ВРКБССР),
надзвычайны вышэйшы орган сав. улады на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1920. Утвораны ў Мінску на базе Мінскага губ.ВРК у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31.7.1920. У яго ўвайшлі А.Р.Чарвякоў (старшыня), А.І.Вайнштэйн, У.М.Ігнатоўскі, В.Г.Кнорын, А.М.Крыніцкі, І.Т.Смілга. Падпарадкоўваўся Рэв.ваен. савету Зах. фронту. Друк. органы — газ.«Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і пав. газеты. Асн. задачы: арганізацыя сав. улады на месцах, дапамога Чырв. Арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў улады. Меў камісарыяты: ваенны, унутр. спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сял. інспекцыі, савет нар. гаспадаркі і інш. У жн. ўлада ВРКБССР распаўсюджвалася на 21 павет Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., у кастр. пасля заканчэння сав.-польскай вайны — толькі на 6 паветаў Мінскай губ.ВРКБССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17.12.1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскайгуб. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскайгуб. і Франтавога к-таЗах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЎЖЫШКІ,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдЗ ад горада і 30 км ад чыг. ст. Ашмяны, 175 км ад Гродна. 523 ж., 190 двароў (1997).
Вядомы з 13 ст. Каля 1495 тут пабудаваны касцёл св. Пятра і Паўла. З 1518 мястэчка. У 16 — пач. 20 ст. належалі Граўжам-Сноўскім, Нарушэвічам, Камаеўскім, Корсакам, Бутрымскім, Кердзеям, Ромерам, Полазавым, Конанцавым і інш. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав.Віленскайгуб. У 1880-я г. больш за 230 ж., 22 двары, касцёл, школа, штогод праводзіўся кірмаш. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ашмянскім пав., у 1931 — 361 ж., 54 двары. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 271 ж., 67 двароў.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Георгіеўскі касцёл (канец 18 — пач. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р,
народны музыкант, які іграў на дудзе. Д. вядомы на Беларусі з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. паветаў Мінскай губерняў. Былі прыкметнай з’явай у бел.нар.муз. культуры, адыгрывалі важную ролю ў побыце бел. вёскі, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах. Асабліва жаданым Д. быў на вяселлі: суправаджаў маладых да вянца, іграў танцы, падыгрываў песні і прыпеўкі. Д. іграў у корчмах, на ігрышчах, кірмашах, хадзіў з валачобнікамі і каляднікамі, акампаніраваў у час паказаў батлейкі. Паводле звестак бел. этнографаў М.Нікіфароўскага, П.Шэйна, Е.Раманава Д. амаль зніклі ў канцы 19 ст., саступіўшы месца гарманісту. Пазней Д. часам называлі прафесіянала, які іграў на дудцы або жалейцы. Д. — І.Гвоздзь з Ушацкага р-на — выступаў у Полацку ў 1951.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этнографическое обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).