ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.Шапэна, а таксама Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Шуберта, Ф.Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫНА (Юдзіф Самойлаўна) (18.3.1914, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 12.4.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—40), у абл.драм. т-рах Пінскім (1940—41, 1945—54) і Магілёўскім (1954—84). Выканаўца характарных роляў. Акрэсленасць і дакладнасць псіхал. распрацоўкі вобраза спалучаліся з яркім знешнім малюнкам. Сярод роляў: Агата, Паланея («Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), Насця («Несцерка» В.Вольскага), Бабуля Ціханаўна («Даруй мне» К.Губарэвіча), Лявоніха («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Негіна, Аксюша («Таленты і паклоннікі», «Лес» А.Астроўскага), Нэнсі («Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна), Клара Цэханасьян («Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 15.2.1941, г. Екацярынбург, Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). У 1961—67 працаваў у т-рах Казані, Свярдлоўска, Бранска. З 1967 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-рамантычных, характарных і лірычных.
Творчая манера адметная спалучэннем мяккага лірызму з адчуваннем драматызму чалавечага лёсу. Сярод лепшых роляў: Башлыкоў («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), князь Уладзімір («Гора і слава» А.Петрашкевіча), Васіль («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Павел, Сяргей («Грэшнае каханне», «Амазонкі» А.Дзялендзіка), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Дон Хуан («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Фіеска («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера), Бусыгін («Спатканне ў прадмесці» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕСПІ (Gillespie) Джон Бёркс [празваны Дызі
(Dizzy); 21.10.1917, г. Чыра, ЗША — 1993], амерыканскі джазавы музыкант (трубач, а таксама выканаўца на трамбоне, фп., ударных),
аранжыроўшчык, кампазітар. Вучыўся ў Ларынбергскім ін-це (1933—35, штат Паўн. Караліна). З 1935 у аркестрах Філадэльфіі і Нью-Йорка. У сярэдзіне 1940-х г. разам з Ч.Паркерам і інш. стварыў стыль джаза бібоп (боп). Выступаў са сваім квінтэтам, затым біг-бэндам; апіраўся на малы імправізац. ансамбль, выкарыстоўваў багатую рытмічную арнаментыку (упершыню выкарыстаў лац.-амер. ўдарныя). Стварыў шэраг мелодый, якія сталі эталонам стылю бібоп, зрабіў значны ўклад у распрацоўку інш. джазавых стыляў. Аўтар кампазіцыі «Брат Кінг» (1963), прысвечанай М.Л.Кінгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАНО́К (Таццяна Піліпаўна) (н. 25.12.1917, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),
бел. актрыса. Нар. артыстка Беларусі (1967). З 1931 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1951—74 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка-драм. роляў. Спалучае эмацыянальную напоўненасць вобразаў з яркай і выразнай формай. З найб. значных роляў: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аксюша, Белацелава («Лес», «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А.Чэхава), Марціна («Лекар паняволі» Мальера) і інш.
Літ.:
Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАШКО́Ў (Леанід Пятровіч) (н. 2.7.1939, в. Шылавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявак (лірычны тэнар), педагог. Засл. арт. Беларусі (1995). Канд. мастацтвазнаўства (1989). Праф. (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1965) і выкладае ў ёй (цяпер Бел. акадэмія музыкі). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру, высокай вак. культурай. Выступае пераважна як камерны спявак; першы выканаўца многіх вак. твораў, а таксама партый тэнара ў кантатах і араторыях бел. кампазітараў. Аўтар артыкулаў пра бел. оперных спевакоў, па гісторыі муз. культуры Беларусі. Сярод вучняў І.Краснадубскі, Г.Нікіцін, А.Тузлукоў, С.Франкоўскі, І.Шупеніч.
Тв.:
Рыцарь искусства // Музыка Мн., 1990;
Гісторыя вакальнага мастацтва Беларусі. Ч. 1. Мн. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (5.11. 1916, в. Пірагова Нерахцкага р-на Кастрамской вобл., Расія —22.2.1991),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Іванаўскае тэатр. вучылішча (1940). Працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Латвіі. У 1959—82 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся рэалістычнасцю, яркімі сцэнічнымі дэталямі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Кузьміч («Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Барыс Мікалаевіч («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Андрэй Ермаліцкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), дож Венецыі («Атэла» У.Шэкспіра), Рабурдэн («Наследнікі Рабурдэна» Э.Заля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСУ́РАВА (сапр.Валерштэйн) Цэцылія Львоўна
(20.3.1897, Масква — 22.1.1976),
расійская актрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1971). Скончыла Кіеўскі ун-т. З 1919 у Студыі, потым у Т-ры імя Вахтангава. З 1925 выкладала ў Тэатральным вучылішчы імя Б.Шчукіна (з 1946 праф.). Першая выканаўца ролі прынцэсы Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы, 1922). Уласцівыя М. эмац. выразнасць, тэмперамент, пластычная вытанчанасць, мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, псіхал. глыбіня раскрыцця характару выявіліся ў ролях: Ксенія («Разлом» Б.Лаўранёва), Шурка («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Інкен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),
кіргізскі спявак (бас). Нар.арт. Кіргізіі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг.т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.Уласава, А.Малдыбаева, У.Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта і «Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, 1973).