ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РВІНГ (Irving) Генры [сапр.Бродрыб
(Brodribb) Джон Генры; 6.2.1838, Кейнтан, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 13.10.1905], англійскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1856 у т-рах Эдынбурга, Манчэстэра, Ліверпуля, Глазга і інш. З 1866 у Лондане. Акцёр з выразнай мімікай, сцэнічным тэмпераментам. У 1867 звярнуўся да ўвасаблення вобразаў У.Шэкспіра: Петручыо («Утаймаванне свавольніцы»),
Макбет, Атэла, Рычард III (аднайм. п’есы) і інш.; роля Гамлета (аднайм. п’еса) вылучыла І. ў шэраг лепшых акцёраў Вялікабрытаніі. У 1878—98 сумесна з Э.Тэры кіраваў т-рам «Ліцэум». Адрадзіў на англ. сцэне драматургію Шэкспіра. Пастаноўкі вылучаліся яркай відовішчнасцю, гіст. дакладнасцю, трактаваліся ў духу сентыменталізму. Пад яго рэд. выдадзены сцэнічныя тэксты Шэкспіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУЛА́ДЗЕ (Сяргей Саламонавіч) (7.2.1909, г. Ахалцыхе, Грузія — 22.7.1978),
грузінскі графік, тэатр. мастак і жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1958), чл.-кар.АМСССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1925—30), выкладаў там з 1938. Графічным творам К. ўласціва героіка-рамант. трактоўка вобразаў, скульптурнасць форм (іл. да «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, 1935—37; «Слова пра паход Ігаравы», 1939, і інш.). Тэатр. работы: афармленне балетаў «Раймонда» А.Глазунова (1945) у Вял. т-ры, «Сінатле» Кіладзе (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) і оперы «Казанне пра Тарыэля» Ш.Мшвелідзе (1946, Дзярж. прэмія СССР, 1947) у Тбіліскім т-ры оперы і балета. Працаваў таксама як партрэтыст і пейзажыст.
С.Кабуладзе. Ілюстрацыя да паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 1935—37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац.вобразаўнайб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.Губарэвіча і І.Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (н. 9.3.1950, в. Язна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай шкалы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1976). Выкладае ў Віцебскім ун-це. Творы вылучаюцца глыбінёй і складанай драматургіяй вобразаў з падкрэслена нац. каларытам, трапяткім стаўленнем да перадачы натурных уражанняў у спалучэнні з аўтарскай манерай распрацоўкі жывапіснай прасторы. Аўтар тэматычных карцін «Дыялог» (1981), «Аўтарытэт» і «Загад» (абедзве 1987), «Думкі» (1989), «Размовы» і «Разважанне аб вечным» (абедзве 1990), «Свята ў горадзе» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1993), «Гуканне дзядоў», «Жаночы лёс», «Спакуса» (усе 1995), трыпціх «Катарсіс» (1996), серыі «Чалавек і прырода» (1989), «Успамін аб леце» (1995). Малюе пейзажы: серыі «Рыжскія краявіды» (1978), «Беларускае Прыдзвінне» (1984); партрэты, нацюрморты.
М.Л.Цыбульскі.
М.Ляўковіч. Незабудкі. З серыі «Успамін аб леце». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖАЕ́ЎСКАЯ (Modrzejewska) Гелена [сапр.Місэль
(Misel) Ядвіга; 12.10.1840, г. Кракаў, Польшча — 8.4.1909], польская актрыса. Брала прыватныя ўрокі драм. мастацтва. З 1861 выступала на сцэнах правінцыяльных т-раў. З 1865 на сцэне Кракаўскага, з 1869 Варшаўскага т-раў. З 1876 у ЗША, у 1877 дэбютавала ў Сан-Францыска. У 1880—85 выступала ў Вялікабрытаніі. Творчасці ўласцівы рамант. адухоўленасць, арганічнасць і жыццёвая пераканаўчасць вобразаў. Сярод роляў: Джульета («Рамэо і Джульета»),
Кардэлія («Кароль Лір»), Афелія («Гамлет»), Ганна («Рычард III»), лэдзі Макбет («Макбет»; усе У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Федра («Федра» Ж.Расіна). Адна з лепшых выканаўцаў роляў у драмах С.Выспянскага: Марыі («Варшавянка»), Лаадаміі («Пратэсілай і Лаадамія») і інш. Аўтар кніг «Успаміны і ўражанні» (1910), «Пісьмы» (т. 1—2, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЁЎ (Аляксандр Пятровіч) (6.3.1910, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія — 1.7.1970),
бел. жывапісец і графік, педагог. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). Выкладаў у Віцебскім (1939—41) і Мінскім (1948—52) маст. вучылішчах, Бел.тэатр.-маст. ін-це (1956—70). Працаваў у гіст., быт., батальным жанрах, партрэце, пейзажы. Творам уласцівы выразная пластыка форм, багаты каларыт, рэаліст. трактоўка вобразаў. Сярод твораў: «Гродна. 1939» (1940), «Лагойскі тракт» (1945), «Восень» (1946), «Вясна», «Старая вёска» (абодва 1947), «Сенеж-возера. Вясна» (1957), «Ускраіна Мінска» (1959), «На канікулах» (1966), «Наташа» (1967) і інш. Дасканаласцю малюнка вызначаюцца графічныя работы «Салдат» (1952), «У партызанскім штабе Бацькі Міная» (1953), «Атака» (1960), «Акупанты» (1967) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЯ́НІ ((Magnani) Ганна) (7.3.1908, Рым — 26.9.1973),
італьянская актрыса. Вучылася ў школе дэкламацыі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. У 1926 дэбютавала ў т-ры, у 1934 — у кіно. Вял. папулярнасць актрысы звязана з яркім увасабленнем вобразаў жанчын з народа ў фільмах 1940—50-х г.: «Тэрэза-Пятніца», «Рым — адкрыты горад», «Дэпутатка Анджэліна» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Мары на дарогах», «Самая прыгожая» і інш. Яе творчай манеры ўласціва паэтыка і іронія, напал пачуццяў, здольнасць да пераўвасаблення. У 1950-я г. здымалася ў Галівудзе (ЗША): «Татуіраваная ружа» (прэмія «Оскар» 1955), «Дзікі вецер» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1958). У 1960—70-я г. вылучылася выкананнем роляў у фільмах «Мама Рома», «Тайна Санта-Віторыі», «Рым» (рэж. Ф.Феліні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́НА (Maiano),
італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):
Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх.вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.
Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.Строцы (каля 1490), А.Вані (1493) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІЗІ́ЧНЫ ЖЫ́ВАПІС,
кірунак у італьян. жывапісе. Заснаваны ў 2-й пал. 1910 — пач. 1920-х г. Дж. Дэ Кірыка пад уплывам філасофіі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ і стаў рэакцыяй на рацыяналістычную схему кубізму і дынамізм футурызму. Тэарэтык — паэт А.Савіньё. Прадстаўнікі М.ж. (К.Кара, М.Кампільі, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Ф. Дэ Пісіс) у карцінах з выявамі пустынных гарадоў з далёкай перспектывай, манекенаў, у нацюрмортах з дзіўным складам прадметаў імкнуліся вывесці рэальнасць за рамкі звычайнай логікі, стварыць таямнічы настрой і раскрыць містыку вобразаў, якія знаходзіліся па-за межамі адлюстравання рэчаіснасці. Значна паўплываў на станаўленне сюррэалізму і часта разглядаецца як адзін з яго кірункаў.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Метафізічны жывапіс. Дж. Дэ Кірыка. 1950. Музы непакою.