КАРП Сяргей Бенядзіктавіч (1892, г.п. Астравец Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 чл. яўр. с.-д. партыі, уваходзіў у яе кіруючыя органы, з 1921 чл. КПСС. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на сав. і гасп. рабоце. З 1919 па заданні Цэнтр. бюро яўр. секцыі пры ЦК РКП(б) ствараў левыя арг-цыі «Паалей Цыёна» ў Аўстрыі, Егіпце, Палесціне. З 1924 нарком фінансаў, у 1925—29 нам. старшыні СНК, адначасова да лют. 1927 старшыня Дзяржплана, потым ВСНГ БССР. З 1929 старшыня Дзяржплана РСФСР. Чл. ЦВК БССР у 1922—29. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—29. 10.7.1937 арыштаваны органамі НКУС СССР, асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

Я.​С.​Фалей.

т. 8, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎФМАН (Kauffmann) Марыя Ганна Ангеліка (Анжэліка) Катарына (30.10.1741, г. Кур, Швейцарыя — 5.11.1807),

швейцарскі жывапісец і графік; прадстаўніца класіцызму. Вучылася ў бацькі — аўстр. жывапісца І.​І.​Каўфмана. Працавала ў Італіі, Аўстрыі, Англіі. Элегантны, свецкі стыль яе твораў склаўся пад уплывам англ. партрэтнага жывапісу, вызначаецца гладкай манерай пісьма і дасканалай прапрацоўкай дэталей. Майстар партрэта (аўтапартрэт, 1762; «Агюст Тысо», 1783; «Баранеса дэ Крудэнер з сынам», 1786; партрэт І.​В.​Гётэ, 1787), у т. л. параднага (партрэты Паўла I, Іосіфа II, Людовіка IV Баварскага і інш.). Аўтар сентыментальна-пачуццёвых сцэн на міфалагічныя, рэліг., гіст. і літ. сюжэты: «Развітанне Абеляра і Элаізы», «Музыка і жывапіс» (1782), «Каранаванне Марыі» (1802). Працавала ў афорце, кніжнай ілюстрацыі («Месіяда» Ф.​Г.​Клопштака).

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,

паўстанне супраць аўстр. панавання ў Кракаўскай рэспубліцы. Планавалася як частка агульнапольск. паўстання, якое рыхтавалася польскімі нац.-вызв. арг-цыямі на чале з Польскім дэмакратычным таварыствам. Пачалося 20 лютага. Авалодаўшы Кракавам, паўстанцы 22 лют. сфарміравалі Нац. ўрад, які ў сваім маніфесце заклікаў народ да агульнага паўстання, скасаваў саслоўныя адрозненні і тытулы, феад. павіннасці, абвясціў аб надзяленні зямлёй сялян, якія прымуць удзел у паўстанні. Пасля разгрому 26 лют. пад Гдовам паўстанцкага атрада А.​Сухажэўскага і гібелі 27 лют. фактычнага кіраўніка паўстання Э.Дэмбоўскага дыктатар К.п. Я.​Тысоўскі разам з паўстанцкімі атрадамі 3 сак. пакінуў Кракаў і 4 сак. склаў зброю на тэр. Прусіі. Горад захапілі аб’яднаныя войскі Расіі і Аўстрыі.

т. 8, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГЕ́ЛАЎ Васіль Піліпавіч (27.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.3.1990),

Герой Сав. Саюза (1944), ген. арміі (1967). Канд. ваен. н. (1968). Беларус. Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1931), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім, Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 3-м і 4-м Укр. франтах: камандзір палка, нач. штаба дывізіі, камандзір дывізіі. Удзельнік баёў пад Ленінградам, Сталінградам, на Дняпры, Днястры, у Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Аўстрыі. З 1946 на адказных пасадах у Сав. Арміі, у 1954—59 і 1961—79 каманд. паветр.-дэсантнымі войскамі. Дзярж. прэмія СССР 1975.

В.П.Маргелаў.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi), Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490),

кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШТА́ЦКІ МІР 1714,

мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯШЧЭ́ННАЯ ЛІ́ГА» 1684—98, саюз Аўстрыі, Рэчы Паспалітай, Венецыі, некаторых германскіх княстваў, пры актыўным удзеле рым. курыі, накіраваны супраць Турцыі. У 1686 да «С.л.» далучылася Расія, якая перад тым заключыла «Вечны мір» 1686 з Рэччу Паспалітай з умовай сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крыма. Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, Расія здзейсніла паходы сваёй арміі ў 1687 і 1689 супраць Крымскага ханства і ў 1695 і 1696 на Азоў, чым адцягнула значную частку тур. сіл з інш. напрамкаў дзеянняў супраць войск лігі. Аднак саюзнікі, баючыся ўзмацнення Расіі на ўзбярэжжы Чорнага м. і выхаду яе ў паўд. моры, не былі зацікаўлены ў моцы «С.л.». Таму яна, насуперак пажаданням Расіі, канчаткова распалася ў ходзе Карлавіцкага кангрэса 1698—99.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТА́НЧЫКІ»

(Stańczycy),

польская палітычная групоўка ў Зах. Галіцыі ў 1860-я г. — 1907. Уключала пераважна памешчыкаў і вышэйшых чыноўнікаў (кракаўскія кансерватары). Назва ад выдадзенага ў 1869 паліт. памфлета «Папка Станчыка» (складаўся з лістоў, якія нібыта апынуліся ў партфелі прыдворнага блазна канца 15 — пач. 16 ст. Станчыка), скіраванага супраць хвалі патрыят. дэманстрацый у час барацьбы за аўтаномію і падпольнага руху. «С.» дамагаліся пашырэння нац. правоў у Галіцыі пры захаванні лаяльнасці да Аўстрыі. Прапагандавалі свае ідэі ў гістарыяграфіі (кракаўская школа), літ. крытыцы і філасофіі. Гал. дзеячы С.​Тарноўскі, Ю.​Шуйскі, С.​Козьмян, М.​Бабжынскі. Друкаваныя органы «Czas» («Час») і «Przegląd Polski» («Польскі агляд»). У 1907 ператворана ў Нац. правую партыю.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Венгерская нізіна. Знаходзіцца ў бас. сярэдняга цячэння р. Дунай (ад Венскага Лесу на ПнЗ да Жалезных Варот на ПдУ), пераважна ў Венгрыі, часткова ў Аўстрыі, Славакіі, Румыніі, Сербіі, Харватыі. Асобныя часткі С.р. наз. Альфёльд, Дунантуль, Кішальфёльд. Пл. каля 200 тыс. км². Выш. 100—200 м. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая лёсавымі і алювіяльнымі адкладамі. Паверхня плоская або слаба ўзгорыстая, астраўныя горы (выш. да 757 м). Сярэднія т-ры студз. -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў 500—600 мм, у гарах да 900 мм за год. На тэр. С.р. воз. Балатан з курортным раёнам. Участкі лесастэпаў і стэпаў. Інтэнсіўнае земляробства (пасевы пшаніцы, кукурузы; садаводства, вінаградарства). Радовішчы баксітаў, нафты і газу, бурага вугалю. Буйны горад — Будапешт.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)