«СТА́НЧЫКІ»

(Stańczycy),

польская палітычная групоўка ў Зах. Галіцыі ў 1860-я г. — 1907. Уключала пераважна памешчыкаў і вышэйшых чыноўнікаў (кракаўскія кансерватары). Назва ад выдадзенага ў 1869 паліт. памфлета «Папка Станчыка» (складаўся з лістоў, якія нібыта апынуліся ў партфелі прыдворнага блазна канца 15 — пач. 16 ст. Станчыка), скіраванага супраць хвалі патрыят. дэманстрацый у час барацьбы за аўтаномію і падпольнага руху. «С.» дамагаліся пашырэння нац. правоў у Галіцыі пры захаванні лаяльнасці да Аўстрыі. Прапагандавалі свае ідэі ў гістарыяграфіі (кракаўская школа), літ. крытыцы і філасофіі. Гал. дзеячы С.​Тарноўскі, Ю.​Шуйскі, С.​Козьмян, М.​Бабжынскі. Друкаваныя органы «Czas» («Час») і «Przegląd Polski» («Польскі агляд»). У 1907 ператворана ў Нац. правую партыю.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)