набра́цца, -бяру́ся, -бярэ́шся, -бярэ́цца; -бяро́мся, -бераце́ся, -бяру́цца; -бяры́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці.

Набралася поўная хата людзей.

2. чаго. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці.

Н. смеласці.

3. звычайна безас. Напоўніцца чым-н.

Набралася вады.

4. чаго. Нацярпецца, перажыць, адчуць.

Н. гора.

5. чаго. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае).

Н. хваробы.

6. чаго. Пераняць, навучыцца чаму-н.

Н. вопыту.

7. чаго. Запасціся, назапасіць (іншы раз з адмоўем; разм.).

Грошай не н.

8. чаго і без дап. Напіцца гарэлкі, віна (разм.).

Ды ты ўжо недзе набраўся.

|| незак. набіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 1—4, 6 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

асіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сіратою. Да.. [хлапчука] падышла адна з жанчын і, пагладзіўшы па галаве, сказала: — Асірацеў ты, хлопча, сіратою праз што зрабіўся, .. божачка мой. Галавач. // перан. Адчуць сябе адзінокім, страціўшы блізкага, любага чалавека. Сям’я арлоў асірацела — Арла магутнага не стала. Колас. // перан. Апусцець, стаць бязлюдным, пустэльным. Палёгкі апусцелі, асірацелі птушыныя гнёзды, ды густыя, чорныя хмары суцэльнай заслонай навіслі над зямлёю. Кавалёў. [Марына:] — Адны, сыночак, мы, адны! Забралі татку ў нас паны, Асірацела наша хата. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льнасць, ‑і, ж.

1. Свабода, незалежнасць. Мы кубкі ўздымалі За вольнасць людскую, за праўду на свеце. Броўка. [Белавус:] — Ішлі вы на смерць, на змаганне За люд наш, за вольнасць зямлі. Колас. // Самастойнасць, неабмежаванасць у дзеяннях. Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Захацелася хутчэй і паўней адчуць гэтую вольнасць. Галавач.

2. Парушэнне агульнапрынятых правіл, адступленне ад нормы. Паэтычная вольнасць.

3. Нястрыманасць, фамільярнасць; нетактоўнасць. Вольнасць у абыходжанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.

2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з С.​Гаўрусёвым), зб. вершаў М.​Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980;

Палёт. Мн., 1982;

Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;

Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Шпакоўскі І. Узрушанасць. Мн., 1978;

Вялюгін А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1984.

Л.​М.​Гарэлік.

А.В.Пысін.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адазва́цца, адзаву́ся, адзаве́шся, адзаве́цца; адзавёмся, адзавяце́ся, адзаву́цца; адзаві́ся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца; падаць голас, абазвацца; прагучаць у адказ на які-н. гук, удар; адбіцца.

Ледзь чутным трымценнем адазваліся ў вокнах шыбы.

Я крычаў, але ніхто не адазваўся.

2. аб кім-чым. Выказаць сваю думку, даць ацэнку каму-, чаму-н.

Добра а. аб новай кнізе.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабою якое-н. пачуццё, адчуванне і пад.; даць сябе адчуць, выявіцца.

Спрацаванасць адазвалася хваробай.

Звестка адазвалася моцным болем у сэрцы.

4. перан., на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго-н.; адказаць якім-н. пачуццём на што-н.

А. на заклік.

А. на просьбу.

|| незак. адзыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Нацкну́ць ’падтыкнуць, прыпомніць, навесці на думку’ (Арх. Федар.). Каранёвая частка дзеяслова атаясамліваецца з адпаведнай марфемай у польск. ocknąć ’разбудзіць, вывесці са сну’, якое выводзяць з *octnąć (Варш. сл., 3, 556), адпаведнага чэш. oc(i)tnoutiy славац. ociinüť ’прывесці да прытомнасці’, параўн. чэш. cititi ’адчуваць’ і пад.; калі прыняць этымалогію Махэка (Studie, 41) — з прасл. ot‑jьtnęti, што адпавядае літ. atjusti, atjuntu ад justi, juntuадчуць’; усходнеславянская форма ў гэтым выпадку была б *от‑чтнутьу параўн. рэальна зафіксаваныя рус. очкнуться (КСРНГ), бел. ачхнуць, гл. ачнуцца. Такім чынам, па форме нацкну́ць трэба разглядаць як запазычанне, аднак у польскай мове такога дэрывата не выяўлена. Затое названая форма вельмі блізкая да нацу́кнуць ’падбухторыць’, якое Насовіч адносіць да цу́кнуць ’нацкаваць; падбіць на дрэнны ўчынак’ (гл.), параўн. таксама наткнуць ’напомніць, нагадаць’ да цікнуць ’раптоўна ўспомніць’ (гл.), што можа сведчыць пра іншае паходжанне слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адле́гчы, ‑ляжа; ‑лягуць; пр. адлёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.

1. (звычайна са словамі «сэрца», «ад сэрца», «на сэрцы»). Пераехаць адчувацца, знікнуць, супакоіцца; паслабіцца (пра трывогу, хваляванне, боль і пад.). І трывога ад сэрцаў Тады адлягла, Як з ракі па канаве Вада загула. Куляшоў. Сэрца не камень, адляжа. Прыказка. // безас. Адчуць палёгку, супакой. Ларыса супакоілася, на сэрцы ў яе адлягло. Кулакоўскі.

2. Спасці, паменшаць (пра мароз, холад). Мароз адлёг, і нават зрэдку пакапвала са стрэх. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Пад раніцу як быццам адлягло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схаладне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Азябнуць; змерзнуць. Схаладнець на марозным ветры. // Стаць халодным. Як снежная гурба, зямля схаладнела. Грачанікаў.

2. Адчуць холад пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Коля зірнуў уніз і на імгненне схаладнеў ад страху. Быкаў. Брала злосць на сябе, Лагацкі адчуў нечакана, што ўвесь схаладнеў. М. Стральцоў. / у безас. ужыв. Схаладнела ў грудзях.

3. перан. Стаць суровым, строгім. [Вораг] зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Быкаў.

4. безас. Пахаладаць. Пад раніцу схаладнела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усумні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Адчуць сумненне, няўпэўненасць у чым‑н. Сотнікаў,.. расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Быкаў. Аднаго разу Леў Раманавіч усумніўся, а ці было наогул тое неразумнае пісьмо, якое ён атрымаў учора раніцою. Асіпенка. — А як жа ты аднясеш тавар на той бок? Зловяць, — усумніўся Васіль. Пальчэўскі. // Выказаць сумненне. — А можа гэта выдумка, няпраўда ўсё, што вы толькі што мне казалі? — усумніўся Форстэр. Сачанка. [Маці:] — Яна ж так чакала цябе! — Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся.. [Максім]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)