навука пра асадкавыя горныя пароды і сучасныя асадкі. Вывучае іх рэчыўны састаў, будову, паходжанне, заканамернасці прасторавага размяшчэння і інш.Асн. метады даследаванняў: фацыяльны, фармацыйны, параўнальна-літалагічны і стадыяльны аналізы, аптычная мікраскапія, хім., рэнтгена-структурны, рэнтгена-спектральны, ізатопны і інш. Па выніках даследаванняў складаюцца літолагафацыяльныя і літолага-палеагеаграфічныя карты і атласы. Цесна звязана са стратыграфіяй, петраграфіяй, мінералогіяй, палеанталогіяй, палеагеаграфіяй і інш.
Л. склалася як адна з галін геалогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку стратыграфічных. палеагеаграфічных і інш. даследаванняў з вывучэннем рэчыўнага саставу асадкавых парод і карысных выкапняў. Вял.значэнне мелі працы вучоных: англ. Г.Сорбі, амер. Дж.Мерэя, Дж.Барэла, У.Твенхафела, Ф.Петыджана і інш., франц. Л.Каё, В.Вагана, ням. І.Вальтэра, Г.Потанье, рас. М.А.Галоўкінскага, А.П.Паўлава, П.А.Зямятчанскага, Я.У.Самойлава, П.М.Чырвінскага, А.Дз.Архангельскага, Дз.В.Наліўкіна, Л.В.Пуставалава, М.М.Страхава, Л.Б.Рухіна і інш.
На Беларусі вывучэнне асадкавых парод вядзецца з пач. 20 ст. Да 1940-х г. яно праводзілася эпізадычна, разам з інш.геал. даследаваннямі. З сярэдзіны 20 ст. пачаліся сістэматычныя літалагічныя даследаванні платформавага чахла, у асадкавых пародах якога выяўлены карысныя выкапні — каменныя і калійныя солі, фасфарыты, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды, розная сыравіна для буд. матэрыялаў і інш. У сярэдзіне 1950-х г. створана лабараторыя літалогіі і геахіміі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі. Даследавана Л. асадкавых і вулканагенных тоўшчаў верхняга пратэразою, палеазою, стараж. кор выветрывання, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаносных парод і інш. (пад кіраўніцтвам А.С.Махнача). У Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі і Бел.н.-д. геолага-разведачным ін-це ВА «Белгеалогія» праводзяцца вывучэнне каменнай і калійных солей, фасфарытаў, гіпсаў, мергельна-мелавых і крамяністых, пясчана-жвіровых і нафтаносных парод.
Літ.:
Фролов В.Т. Литология. Кн. 1—3. М., 1992—95;
Систематика и классификации осадочных пород и их аналогов. СПб., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТУПЛЕ́ННЕ,
асноўны від баявых дзеянняў войск. Вядзецца на сушы, моры, у паветры ў форме баёў, бітваў і аперацый. Гал. мэта — разгром праціўніка і авалоданне важнымі рубяжамі (аб’ектамі, раёнамі мясцовасці); дасягаецца паражэннем непрыяцеля ўсімі наяўнымі сродкамі, атакай, прарывам яго абароны, ліквідацыяй або ўзяццем у палон жывой сілы, захопам зброі, ваен. тэхнікі і інш. Можа весціся на праціўніка, што ў абароне, або які наступае (гл.Сустрэчны бой) ці адступае (гл.Праследаванне). Разнавіднасцю Н. з’яўляецца контрнаступленне. Пераход у Н. можа ажыццяўляцца з непасрэднага судакранання з праціўнікам або з ходу. Пры наяўнасці ў праціўніка адкрытых флангаў выкарыстоўваюцца абход і ахоп. У залежнасці ад маштабу, мэт і колькасці сіл і сродкаў Н. можа мець стратэгічнае, аператыўнае або тактычнае значэнне.
Спосабы Н. мяняліся пад уздзеяннем развіцця сродкаў узбр. барацьбы, якаснай змены асабовага складу і арганізацыі войск Н. як форма баявых дзеянняў вядома з глыбокай старажытнасці, калі барацьба вялася халоднай зброяй. У сярэднявеччы (11—15 ст.) адбываліся змены ў тактыцы Н.: удары з флангаў і тылу, акружэнне, выкарыстанне засадных палкоў і інш. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі і яе ўдасканаленнем (14—18 ст.) еўрап. арміі перайшлі да лінейнай тактыкі дзеянняў на полі бою. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—99 і войнаў канца 18 — пач. 19 ст. з’явілася новая тактыка Н., заснаваная на спалучэнні калон і рассыпнога строю, манеўру і агню як сродку падрыхтоўкі атакі. У 1-ю сусв. вайну ў Н. выкарыстоўвалася тактыка прарыву суцэльнага фронту абароны. У 2-ю сусв. вайну ажыццяўляліся наступальныя аперацыі груп франтоў, франтавыя. армейскія наступальныя аперацыі. З сярэдзіны 1950-х г. пасля аснашчэння ўзбр. сіл ядз. зброяй (гл.Ракетна-ядзерная зброя) значна павялічылася магчымасць адначасовага паражэння праціўніка на вял. глыбіню, выраслі размах і тэмпы Н.
У сучасных умовах са з’яўленнем высокадакладнай зброі наземнага і паветр. базіравання, удасканаленнем інш. сродкаў паражэння істотна памяняўся часавы і прасторавы размах Н., якое набыло паветр.-наземны і паветр.-касм. характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,
забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам.значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн.сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМЕРЫКАНІ́ЗМ,
палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер.гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.
Літ.:
Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),
бел. крытык і літ.-знавец. Правадз.чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл.навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АНБССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.Скарыну, Ф.Багушэвіча, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, Ядвігіна І.П., М.Чарота, К.Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.Скалабанам.
Тв.:
Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;
Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;
Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975. С. 90—101;
Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),
мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.
Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл.Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл.Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.Чорны) і інш. (гл.Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).
Літ.:
Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;
Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;
Старычонак В.Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл.Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл.Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл.Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПІ́Р (ад франц. empire імперыя),
стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.
Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона I (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.Персье і П.Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.А.Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.Грыгор’евым у Маскве.
У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст.значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял.значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.
Літ.:
Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;
Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.Да арт.Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.Ф.Шальгрэн. 1806—37.Да арт.Ампір. Надмагілле А.Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.Да арт.Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.
У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв.вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн.т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн.т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн.т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн.т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб.значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв.вытв-сць склала 283,3 млн.т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).
Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл.табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал.тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб.пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.
2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.
Т.Л.Казакова.
Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс.т) у гаспадарках усіх катэгорый