захапле́нне, ‑я, н.

1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.

2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.

3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.

4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.

Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.

•••

Звонкая манета гл. манета.

зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капе́ж, капяжу і капяжа, м.

1. ‑у. Каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах конаўкі. Шамякін. // Падзенне капель талага снегу. Учора і ўначы была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Карпаў. // Абл. Ледзяшы на стрэхах. Як весткі вясны, на стрэхах хат павіслі сіняватыя капяжы. Навуменка.

2. ‑а. Ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае. Колас.

3. ‑а. Месца падзення капель са стрэх. Сціх дождж, чуваць было, як ск[оч]ваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., чым.

1. Выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў. Самуйлёнак. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Паслядовіч. // Прымяняць што‑н. як прыладу, сродак. Карыстацца новым абсталяваннем. Карыстацца прагрэсіўнымі метадамі. □ У гутарцы [Казімір] любіў карыстацца мясцовымі народнымі прымаўкамі. Пестрак.

2. Выкарыстоўваць што‑н. у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду, карысць з чаго‑н. Карыстацца момантам. Карыстацца людской дабратой. □ Рыначнай мітуснёй часта карысталіся і падпольшчыкі. Новікаў.

3. Мець што‑н. (аўтарытэт, павагу, права і інш.). Карыстацца папулярнасцю. □ Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. Нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, ён поспехам не карыстаўся. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзвыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Экстранны, спецыяльна прызначаны, прыняты, скліканы і г. д. Надзвычайны з’евд. Надзвычайныя меры. // Выкліканы выключнымі абставінамі. Надзвычайнае становішча. Надзвычайнае заканадаўства. // Надзелены асобымі паўнамоцтвамі. Надзвычайны камісар. Надзвычайны і паўнамоцны пасол.

2. Вельмі вялікі, моцны па сваёй сіле, праяўленню. Поспех «Валад і рамансаў» Міцкевіча ў чытача быў надзвычайны. Лойка. Маладзілі мяне і давалі надзвычайнае натхненне мае гарачыя маладыя думкі. Нікановіч.

3. Тое, што і незвычайны (у 2 знач.). Надзвычайны быў гэты сход: сяляне пастанавілі выдаць савецкай уладзе ўсіх самагоншчыкаў свайго сельсавета. Бядуля.

4. Які мае вялікае значэнне. Мастацкія пераклады набылі ў апошнія гады надзвычайную актуальнасць. Палітыка.

5. у знач. наз. надзвыча́йнае, ‑ага, н. Нешта выключнае, не такое, як усё. [Прыборны] быў вялікі аматар усяго надзвычайнага, прыгодніцкага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., на каго-што.

Напасці, наткнуцца на што‑н. Як звычайна, [хлопцы] накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.. А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі на лісічкі. Маўр. Прабіраючыся на ўсход, .. [Гнядкоў] на шчасце натрапіў на партызанскі атрад Прыборнага і застаўся ў ім. Шамякін. // Сустрэцца з кім‑н., выпадкова наткнуцца на каго‑н. [Волька:] — А дзе Кастусь — мы не ведаем. Можа, і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам. Чорны. Раманаў позірк усё блукаў па зале ды вось натрапіў і на Генку. Ярашэвіч.

•••

Натрапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).

Не на таго натрапіў — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невераго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляецца непраўдападобным, немагчымым; фантастычны. Неверагодныя гісторыі. □ Для сустрэч выдумляліся самыя разнастайныя прычыны — часам нават і неверагодныя. Сіпакоў. Бываюць і ў такой справе, як рыбалоўства, радасныя нечаканасці і ўдачы, калі здзейсняюцца самыя, здаецца, неверагодныя мары і спадзяванні. Шамякін. // Незвычайны, дзіўны. На.. зялёным дыване ў неверагоднай позе ляжаў аголены да пояса чалавек. Асіпенка. І сніліся старому фельчару трывожныя, неверагодныя сны. Кулакоўскі.

2. Надзвычай вялікі, незвычайны па сіле праяўлення, па сваіх памерах і г. д.; неймаверны. Хуткасць ракеты неверагодная — 40 кіламетраў у секунду. Гамолка. Ледзь адарваўшыся ад.. [струменю вады], вадалаз з неверагоднай цяжкасцю прыставіў пластыр да дзіркі. Данілевіч.

3. Які выклікае сумненні ў сваёй правільнасці. Неверагодныя звесткі. □ У мястэчку бытуюць разнастайныя легенды, верагодныя і неверагодныя. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які цяжка заўважыць, прыкмеціць. Ішлі [хлопцы] вузкай, амаль непрыкметнай сцежкай. Шашкоў. Мне да болю жыццё падабаецца — Я нідзе ў ім не бачу драбніц: Мора бурнай вады сабіраецца З рэк, якія з крыніц пачынаюцца, З непрыкметных маленькіх крыніц. Непачаловіч. // Які не кідаецца ў вочы. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметпая сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. Добрая палова поспехаў атрада грунтавалася на .. непрыкметнай падрыхтоўчай рабоце [сувязных]. Брыль. // Які ледзь адчуваецца, нязначны, невялікі. Непрыкметныя змены.

2. Які не вылучаецца сярод іншых; нявідны. Старастам быў пастаўлены ўпарты аднаасобнік Ларывон Бугай, вельмі маўклівы і непрыкметны чалавек. Шамякін. — Ціхі быў чалавек [Нічыпар], спакойны і ўжо, мабыць, залішне непрыкметны. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Страціць дом, маёмасць у выніку пажару. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў .. дах над галавой. Шамякін. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць — пра ўсё, многае. [Самабыліха:] — Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася.. Усе булкі пагарэлі, адны бляхі засталіся. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выгараць, засохнуць ад гарачыні. Лясы пагарэлі. Трава пагарэла.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць некаторы час. Свечкі пагарэлі і пагаслі.

4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу; аказацца ў цяжкім становішчы. Прамоўца выступаў на сходзе І пагарэў, як кажуць, пры народзе. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падазро́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае падазрэнне, недавер’е. Надазронае здарэнне. Падазронае месца. Падазроны чалавек. □ Глухімі воўчымі сцежкамі адыходзіўся Гамыра з канём, туляючыся ў кустах пры кожным падазроным шуме. Колас. Генрых выказваў да мяне падазроную ўвагу і ветлівасць. Карпюк. // Які не выклікае даверу, не можа лічыцца прыстойным. Хіба не з-за [Івана] учора Змітрок трапіў у рэстаран з падазронымі асобамі? Ваданосаў. / у знач. наз. падазро́ны, ‑ага, м. Перад самым сваім адступленнем.. [фашысты] арыштавалі ўсіх падазроных. Кавалёў. // Які выклікае падазрэнне на якую‑н. хваробу. Падазроны кашаль.

2. Які падазрае, схільны падазраваць; недаверлівы. Апошні час [Антанюк] замыкаўся, рабіўся падазроны і недаверлівы. Шамякін. // Які выражае падазронасць. [Жанчына] акінула салдата падазроным позіркам. Дамашэвіч. Часта .. гаспадыня паднімала падазроныя вочы то на мужа, то на маладую настаўніцу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)