хлеб, -а, мн. хлябы́, хлябо́ў, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі.

Чорны х.

Сітны х.

Пшанічны х.

2. толькі адз. Зерне, якое мелецца на муку.

Нарыхтоўка хлеба.

Уборка хлеба.

Х. — усяму галава (прыказка).

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані.

Добра ўрадзіў хлеб.

Хлябы ў рост чалавека.

4. толькі адз., перан. Сродкі для існавання, заробак.

Цяжкай працай здабываць свой х.

Адабраць чужы х.

Аб адным хлебе (разм.) — у нястачы, адчуваючы недахоп у ежы.

Без хлеба сядзець (разм.) — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Жыць на ласкавым хлебе (разм.) — жыць на чыім-н. утрыманні, з чыёй-н. ласкі.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезеныя з поля, з лесу дзецям.

І то хлеб (разм.) — і гэта добра.

Лёгкі хлеб (разм.) — пра лёгкую, бестурботную працу.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

Не вялікі хлеб (разм.) —

1) не вельмі добра;

2) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду (разм.) — пакараць голадам, абмежаваць у ядзе каго-н.

Хлеб ды соль (разм.) — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Цяжкі хлеб (разм.) — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

|| памянш.-ласк. хлябо́к, -бка́, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. хле́бны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адзе́ць, адзену, адзенеш, адзене; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. адзенне. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне. Чорны. // Апрануць кім‑н. Адзець мядзведзем.

2. Забяспечыць каго‑н. адзеннем. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка. // Даць магчымасць каму‑н. адзецца так або інакш. [Рыльскі:] — Чаму ж ён цябе не адзене, як чалавека! Ты ж у яго і за гаспадыню і за гаспадара! Чорны.

3. Тое, што і надзець (у 1 знач.); нацягнуць. Сам [Мароз] увайшоў першы, адзеў рукавіцы, пляснуў раз-два, і адразу халадком павеяла. Якімовіч. Выказаўшы гэта, Юрка адзеў кажух і выйшаў з хаты. Гартны.

4. перан. Пакрыць; ахінуць. Адзець берагі ракі ў граніт. □ Дубы зялёны плашч адзелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу. Назначыць дзяжурных. □ [Пан:] — Хітры ты чалавек, Палуян. Недарма цябе солтысам назначылі. Брыль.

2. Вызначыць загадзя тэрмін, час чаго‑н. Назначыць спатканне. □ Кангрэс назначылі на нядзелю, ён павінен быў пачацца пасля паўдня. Чорны.

3. Намеціць што‑н. зрабіць. Ніякай работы на гэты дзень.. [Раман] яшчэ не назначыў сабе. Колас.

4. Устанавіць (пенсію, утрыманне, прэмію і пад.). У канцы пісьма штаб палка прапанаваў.. назначыць сям’і памёршага пенсію. Чорны. // Устанавіць памеры платы. Назначыць цану.

5. Прадпісаць, рэкамендаваць выкананне чаго‑н. Назначыць лякарства. Назначыць вапны.

6. Прысудзіць (у якой‑н. гульні). Назначыць штрафны ўдар.

7. Паставіць знак, метку на чым‑н.; абазначыць. Назначыць меткай качанят. Назначыць дрэвы на высечку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папала́м, прысл.

1. На дзве прыблізна роўныя часткі, напалавіну. З трэскам рвануліся дзверы, раскалоліся папалам, і адна палавіна іх упала. Чорны. Адразу ўдарыла некалькі аўтаматаў. Мужчына зваліўся, перасечаны папалам, трох чалавек раніла. Ставер. // Пароўну, у аднолькавая колькасці. Больш га год Паліводскі.. дзяліў з .. [Нявадам] папалам усё, што сам меў. Чорны. Даўно з братамі хлеб і соль мы дзелім, І вось вада — таксама папалам. Пысін.

2. На роўных долях з кім‑н. Зняць пакой папалам.

3. Напалам, у сумесі з чым‑н. Хлеба ледзь да каляд хапала, і то папалам з мякінай. Чарнышэвіч.

•••

З горам (грахом) папалам — з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь, так-сяк. Вучыцца [Алег] не хацеў, з горам папалам дабіў сем класаў. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.

2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго-што.

1. Прыгаварыць да якога‑н. пакарання; вынесці рашэнне (пра суд). Прысудзіць да турэмнага зняволення. □ Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Брыль. З Сурвілам [Гушка] ўжо расквітаўся, суд прысудзіў зараз жа аддаць і доўг і працэнты. Чорны. // Разм. Вынесці судовы прыгавор аб перадачы каго‑, чаго‑н. каму‑н. — Суд хату мне прысудзіў, бо сын са мною застаецца. Чорны.

2. Вынесці рашэнне аб прысваенні, уручэнні каму‑н. чаго‑н. (узнагароды, звання і інш.). Прысудзіць Дзяржаўную прэмію. □ Абедзеюм [брыгадам] можна было прысудзіць першае месца, але ў брыгадзе Данілюка ў апошні час назіраліся выпадкі недысцыплінаванасці, дык таму ёй прысуджаецца другое месца. Гаўрылкін. Міколу прысудзілі самую вышэйшую прэмію — патэфон. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смець, смею, смееш, смее; незак., з інф.

1. Мець смеласць для чаго‑н., адважвацца на што‑н. Стаіць ён [вязень] супраць кабінета. Падняць не смее галавы І чуе — кліча вартавы: — Да пана следчага з павета! Колас. Надыдзе час чароўны, як заранка, Якога ты не смееш нават сніць: Ад звону кос прабудзішся на ранку, І ў працы ціха панясуцца дні. Тарас. Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны.

2. Мець права на што‑н. На пярэдніх лаўках [у касцёле], бліжэй к ксяндзу, сядзелі паны. З простых людзей туды не смеў ніхто заходзіць. Чорны.

•••

Не смей(це)! — ужываецца як форма строгай забароны што‑н. рабіць. — Што вы робіце? — з гневам прамовіла .. [Ядвіся]. — Не смейце дакранацца да мяне!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гэ́тулькі, Р мн. гэтулькіх, займ. і гэтулькі, прысл.

Разм. Тое, што і столькі. — Добры малы... Гадоў з пятнаццаць, мусіць? — Дзе там! — рашуча замахала рукамі Валя. — Яму гэтулькі гадоў, колькі і нашаму Міхасю. Якімовіч. [Нявада] гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно, і хто тут жыве, і хто ім уладае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выціна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Старанна выводзіць якую‑н. мелодыю, гук; найграваць, напяваць. [Саколіч] далікатна выцінаў на скрыпцы. Вітка. [Яська:] — Грай, дударыку, грай, А ты, муха, выцінай! Колас. Пасля Лізавета і Наталля выціналі голасам польку і колькі разоў прайшлі танцам па хаце. Чорны.

2. Вырэзваць з паперы ці якога іншага матэрыялу што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ціснуцца, ‑нецца; зак.

1. Выступіць на паверхні пад уздзеяннем ціску. Выціснуўся сок з яблыка. // перан. З цяжкасцю, вымушана з’явіцца (пра знешняе праяўленне пачуццяў). З губ .. [Скуратовіча] выціснулася вялая ўсмешка. Чорны.

2. Выпасці, выламацца ад ціску, націскання.

3. Прабіраючыся праз што‑н. цеснае, вузкае, выйсці, выбрацца. Выціснуцца з натоўпу.

4. Утварыцца ў выніку выціскання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)