парушэнні перыядычнасці размяшчэння часціц у крышталічнай рашотцы. Узнікаюць пры росце крышталёў ці іх фазавых ператварэннях, цеплавых, мех., эл. і інш. уздзеяннях, увядзенні дамешкаў. Адрозніваюць дэфекты кропкавыя (нульмерныя), лінейныя (аднамерныя), паверхневыя (двухмерныя) і аб’ёмныя (трохмерныя).
Кропкавыя дэфекты — парушэнні перыядычнасці ўласнай атамнай структуры крышталя: вакансіі атамы і іоны, што перамясціліся з нармальнага становішча ў міжвузелле (міжвузельныя атамы і іоны); атамы і іоны ў крышталях хім. злучэнняў, якія займаюць вузлы «чужой» падрашоткі; дэфекты, што ўзнікаюць пры ўвядзенні ў крышталь дамешкавых атамаў. Узаемадзеянне такіх дэфектаў паміж сабой прыводзіць да ўзнікнення складаных дэфектаў: дывакансій (падвойных вакансій), кластараў (скопішчаў дэфектаў) і інш.Лінейныя дэфекты — ланцужкі кропкавых дэфектаў, краявыя і вінтавыя дыслакацыі. Паверхневыя дэфекты: няправільна ўкладзеныя слаі атамаў (дэфекты ўпакоўкі); заканамерныя парушэнні нармальнага чаргавання атамных плоскасцей; дэфекты двайнікавання з кропкавай сіметрыяй; межы ўключэнняў; сама паверхня крышталя і інш.Аб’ёмныя дэфекты: парушэнні, звязаныя з адхіленнем ад законаў стэхіяметрыі; скопішчы вакансій; нерэгулярныя ўтварэнні ў выглядзе расколін, пустот, уключэнняў іншай фазы; скопішчы дамешкаў на дыслакацыях, у зонах росту і інш. макраскапічныя дэфекты. Д. ў к. уплываюць на мех., аптычныя, эл., магн. і інш. ўласцівасці крышталёў. У дасканалай крышт. рашотцы рух атамаў і іонаў немагчымы; у крышталях з дэфектамі міграцыя атамаў абумоўлівае ўзаемную дыфузію цвёрдых цел, хім.цвердафазныя рэакцыі і інш. з’явы. Д. ў к. могуць уводзіцца мэтанакіравана або ўзнікаць выпадкова пад уздзеяннем фактараў, якія не кантралююцца. Спец. ўвядзенне дэфектаў або іх выдаленне — важная частка тэхналогіі вытв-сціпаўправадніковых матэрыялаў, люмінафораў, лазерных і фотахромных крышталёў і шкла, паўправадніковых прылад. Шчыльнасць непажаданых дэфектаў памяншаецца ўдасканаленнем метадаў вырошчвання і апрацоўкі крышталёў. Д. ў к. вывучаюцца аптычнымі метадамі, іоннай і электроннай мікраскапіяй, метадам выбіральнага траўлення, рэнтгенадыфракцыйнымі і ядз.-фіз. метадамі.
Літ.:
Современная кристаллография Т. 2. М., 1979;
Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981;
Орлов А.Н. Введение в теорию дефектов в кристаллах. М., 1983;
Орлов А.Н., Трушин Ю.В. Энергии точечных дефектов в металлах. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,
на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 38,1 тыс.чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.
Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах.ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч.тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс.га, з іх асушана 32,4 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.
Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАСТО́ЎКА, стачка,
калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.
Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст.эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй на працягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).
У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., на працягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш.Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Да 1962 Станіслаўская вобл.Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 1467 тыс.чал., гарадскога 44% (1996). Цэнтр — г.Івана-Франкоўск. Найб. гарады: Каламыя, Калуш, Надворная, Даліна.
Прырода. Каля 1/2тэр. займаюць Украінскія Карпаты, ёсць адасобленыя масівы Чарнагора (г. Гаверла, выш. 2061 м), Чыўчын і Грыняўскія горы; вызначаецца таксама перадгорнае Прыкарпацце, а на ПнУ раўніны Аполле і Пакуцце. Карысныя выкапні: нафта, газ, калійная і спажыўная солі, азакерыт, буры вугаль, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -9 °C (у гарах), ліп. ад 19 °C да 16 °C (у гарах). Гадавая колькасць ападкаў ад 500 да 1400 мм. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Свіча, Ломніца, Луква, Быстрыца, Свірж) і Прут (з прытокам Чарамош). Глебы шэрыя лясныя, бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць каля 45% тэр. вобласці; на раўніне дубова-грабавыя, у перадгор’ях букавыя і букава-піхтавыя, вышэй хвойныя, з выш. 1400 м высакагорныя лугі (паланіны). Карпацкі прыродны парк, частка Карпацкага запаведніка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (нафта, газ, калійная соль, сера), маш.-буд. і металаапрацоўка (ліцейныя аўтам. лініі, мех. прэсы, прыборы, машыны для жывёлагадоўлі, эл.-тэхн. і нафтавае абсталяванне), хім. і нафтахім. (калійныя ўгнаенні, метал. магній, хім. сродкі аховы раслін, фарбавальнікі), нафта- і газаперапрацоўка, лясная і дрэваапр. (лесанарыхтоўчая, мэблевая), лёгкая (баваўняная, швейная, абутковая), харчовая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая), буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, інкрустацыя, ткацтва, вышыўка, вытв-сць дываноў). Бурштынская ДРЭС, Калушская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 535 тыс.га, у т. л. пад ворывам 414 тыс.га. Пасевы пшаніцы, ячменю, жыта. Вырошчваюць лён-даўгунец, цукр. буракі, кармавыя культуры, бульбу, агародніну Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск, Івана-Франкоўск—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Рахаў, Івана-Франкоўск—Стрый, аўтадарогі Івана-Франкоўск—Львоў, Івана-Франкоўск—Каламыя—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Дзяляцін—Рахаў, Івана-Франкоўск—Мукачава—Ужгарад і інш. Турызм. Кліматычныя курорты: Ярэмча, Варохта, Косаў, Крэменцы; бальнеагразевы курорт Чэрчэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІ́ЗМ (ад лац. communis агульны),
агульная назва шэрагу розных канцэпцый аб ідэальнай грамадскай арганізацыі, а таксама гіпатэтычнага грамадскага і эканам. ладу, заснаванага на поўнай роўнасці і грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці.
Найбольш раннія тэарэт. канструкцыі К. належаць Платону, у ідэальнай дзяржаве якога праглядваюцца рысы К., а таксама старажытнаму хрысціянству.Утапічны К. прапагандавалі Т.Кампанела, Т.Мор, Ф.Бабёф і інш. Практычныя спробы пабудовы К. як соцыуму ўсеагульнага дабрабыту неаднаразова рабіліся манаскімі ордэнамі, рэліг. сектамі, у т. л. на тэр. Беларусі (гл.Камуністы), у абшчынах (камунах), якія стваралі прадстаўнікі утапічнага сацыялізму (Р.Оуэн, К.Л.Сен-Сімон і іх паслядоўнікі).
У марксісцкай канцэпцыі К. — грамадска-эканам. фармацыя, якая ў выніку пралет. рэвалюцыі змяняе капіталізм, грунтуецца на грамадскай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці і садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы; а таксама адпаведныя тэорыя і ідэалогія, створаныя К.Марксам, Ф.Энгельсам, У.І.Ленінам (гл.Марксізм). У сваім развіцці яна праходзіць 2 фазы (ступені) — ніжэйшую, якая наз.сацыялізмам, і вышэйшую, якая наз. поўным К. Часам тэрмін «К.» ужываецца для вызначэння тыпу грамадства, гістарычна першы ўзор якога быў створаны ў СССР. Тут, а таксама ў шэрагу інш. краін свету былі дасягнуты значныя вынікі ў фарміраванні камуніст. грамадскіх адносін, але выявіўся і шэраг негатыўных з’яў (рэпрэсіі, застой у эканоміцы і інш.), некаторыя рысы, характэрныя для «казарменнага камунізму», што абвастрыла крызіс камуніст. ідэалогіі і практыкі. Асноўны прынцып К. «ад кожнага па здольнасцях — кожнаму па патрэбнасцях» не ўдалося практычна рэалізаваць ні ў адной краіне свету. Разам з тым асобныя ідэі К., якія маюць карані ў саміх асновах чалавечага быцця, ва ўмовах нарастання глабальных сусветных праблем узмацняюцца ў свядомасці людзей і ў грамадскай практыцы некаторых краін.
Літ.:
Платон. Собр. соч.: В 4 т. Т. 1—2. М., 1991;
Джонсон Х. Христиане и коммунизм: Пер. с англ.М., 1957;
Маркс К. Крытыка Гоцкай праграмы. Мн., 1968;
Энгельс Ф. Принципы коммунизма // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 4;
Ленин В.И. О социализме и коммунизме. М., 1986;
Зиновьев А.А. Коммунизм как реальность;
Кризис коммунизма. М., 1994;
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́Ц,
горад, цэнтр Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Жабінка на лініі Баранавічы—Брэст, на аўтадарозе Брэст—Камянюкі. 9,3 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў, у 10—11 ст. існавала невял. паселішча, на месцы якога па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 дойлід Алекса разам з мясц. жыхарамі заснаваў умацаванае пасяленне. Асновай яго абароны акрамя рова і вала з умацаваннямі была 30-метровая мураваная вежа (Камянецкая вежа).У 1289 К. разбурыў драгічынскі кн. Юрый Львовіч. З 1366 К. у ВКЛ, належаў кн. Кейстуту, з 1388 — кн. Янушу Мазавецкаму, у 1384 і з 1392 — кн. Вітаўту. На К. тройчы нападалі крыжакі і ў 1378 спалілі яго. З 1413 К. — цэнтр Камянецкага павета Трокскага, з 1520 — Падляшскага, з 1566 — Брэсцкага ваяводстваў. З 1503 К. меў магдэбургскае права, герб (на блакітным полі выява сярэбранай вежы). Разбураны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 17—18 ст. тут пабудаваны Камянецкія замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкст. мануфактура Радзівілаў. З 1795 у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., у 1795—1940 наз. Камянец-Літоўскі. У сярэдзіне 19 ст. ў К. каля 2900 ж., 597 двароў, 3 кірмашы ў год. У 1897—4,6 тыс.ж., 1186 дамоў, лячэбніца, царк.-прыходская школа, у 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Брэсцкага пав. Палескага ваяв., у 1921—2348 ж., 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні. З 1939 у БСФ, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Камянецкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс.чал. Дзейнічала Камянецкм раённая антыфашысцкая арганізацыя. Вызвалены 22.7.1944 часцямі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1971 у К. 5,1 тыс.ж. З 24.6.1983 К. горад.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа (канец 13 ст.), Камянецкая Сімяонаўская царква (1912—14). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас.чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн.чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш.прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т. л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс.чал.Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс.чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЦКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 32,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 53,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Касцюковічы; 143 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Баронькаўскі, Беладубраўскі, Бялынкавіцкі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Пралетарскі, Сялецкі. Зах. і паўд.-зах.ч. раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС уваходзяць у зону радыяцыйнага кантролю, адселены 28 нас. пунктаў.
Раён у межах паўд.-ўсх.ч.Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня хвалістая. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,6 м (на Пн ад в. Пралетарская). Карысныя выкапні: торф, цэм. мергель і мел, пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. З ПнУ на ПдЗ працякае р. Беседзь з прытокамі Сураў, Жадунька (з Крупянкай і Крупняй), Дзяражня, Алешня, Чарняўка, Трасцянка, Зубар (з Грэбляй), Машоўка, Свінка. Возера Святое. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (35,2%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (48,5%). Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя, займаюць 30,1% тэр. раёна, з іх 26,7% штучныя, у асноўным хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 8,5% тэрыторыі. Зона адпачынку Трасцянка Помнікі прыроды: крыніцы ў в. Сцюдзянец і Тупічын, парк у в. Цеханічы. Заказнікі: гідралагічны «Мохі», біял. «Панькаўскі».
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 55,8 тыс.га, з іх асушаных 12,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства; пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў (цэмент), метала- і дрэваапр. прам-сці. Праходзіць чыг. Орша—Унеча, аўтадарогі на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж. Адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 5 базавых, 4 пачатковыя, дзіцяча-юнацкая спарт., маст. школы, 23 дашкольныя ўстановы, 28 клубаў, 29 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 5 амбулаторый, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Свята-Пакроўская (1863) у в. Гаўрыленка; царква (19—20 ст.) у в. Забычанне; царква (2-я пал. 19 ст.), касцёл (19—20 ст.) і бровар (1914) у в. Канічы, Свята-Троіцкая царква (1842) у в. Саматэвічы. Выдаецца газ. «Голас Касцюкоўшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКІ РАЁН.
На ПдУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 13,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 43,4%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Краснаполле. 102 сельскія нас. пункты. Краснапольскі пасялковы Савет і 6 сельсаветаў: Высакаборскі, Горскі, Мхініцкі, Сідараўскі, Тур’яўскі, Яноўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, 10 вёсак пахаваны, 107 адселены.
Усх. ч. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, астатняя — Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 90% тэрыторыі на выш. 160—190 м, найвыш. пункт 192 м (на Пд раёна каля в Стайкі). Карысныя выкапні: торф, мел, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. У раёне пачынаюцца і цякуць прытокі р. Сож — Галуба, Ельня, Жавуніца, Кляпінка, Покаць, Сянна (з Тур’яй), Якушоўка, прытокі р. Беседзь — Палуж (з прытокамі Куракоўка і Горанка), Каўпіта (з прытокамі Бярлянка і Казелька). На ПдУ — вадасх. Палужскае. Глебы дзярнова-падзолістыя (49,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,9%), дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,4%). Пад лесам 53,3% тэр. раёна. Лясы ў асноўным на Пн, пераважна хваёвыя і бярозавыя, 19,8% з іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 4,4% тэрыторыі. Помнікі прыроды мясц. значэння: «Ясянёвы гай» у в. Горы і дэндрасад «Іванаў хутар» каля в. Палуж.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 44,5 тыс.га, з іх асушаных 12 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 1 саўгас, 1 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (малочныя, хлебныя вырабы), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Райцэнтр аўтадарогамі звязаны з гарадамі Касцюковічы, Магілёў, Чэрыкаў, Чачэрск. У раёне 8 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 13 дашкольных устаноў, 10 дамоў культуры, 13 клубаў, 22 б-кі, бальніца, паліклініка, 7 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: царква Дзмітрыя Растоўскага ў в. Выдранка (канец 19 — пач. 20 ст.). Выдаецца газ. «Голас Краснапольшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962—65 быў скасаваны, у сучасных межах з 1966. Пл. 0,8 тыс.км². Нас. 10,1 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Крычаў. 110 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 5 сельсаветаў: Бацвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі, Маляціцкі, Чырванабудскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭСтэр. раёна ўваходзіць у зону радыяцыйнага кантролю.
Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, мае агульны нахіл з З на У да даліны р. Сож. Характэрны платопадобныя ўчасткі з ярыста-суфазійнымі формамі. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 193 м (за 1 км на Пд ад в. Баяры). Карысныя выкапні: цэментныя мел і гліна, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Асцёр, Чорная Натапа, Волчас, Мяртвіца, Бялянка, Добрасць, Худобычка, Лабжанка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (50,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10%). Пад лесам 25,7% тэр. Лясы драбнаконтурныя, у асн. хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя; 3,8% — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3,2% тэр. Мікразаказнік у г. Крычаў. Помнікі прыроды мясц. значэння: дуб у г. Крычаў, дуброва каля в. Дарагая, бярозавы гай каля в. Маляцічы, гай каля в. Бацвінаўка.
На 1.1.1998 агульная пл.с.-г. угоддзяў 47,3 тыс.га, з іх асушаных 6,6 тыс.га. У раёне 10 калгасаў, калектыўна-долевая гаспадарка, саўгас, 9 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, корма- і збожжавытв-сць, ільнаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, металаапр., харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі Бабруйск—Крычаў—Рослаўль, Крычаў—Мсціслаў. У раёне 13 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пач., 2 муз., маст. і спарт. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, недзярж. тэхнікум эканомікі і права, 16 дашкольных устаноў, 19 клубаў, 23 б-кі, 4 бальніцы, 4 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Колас». Выдаецца газ. «Ленінскі кліч».