1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.
2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭЛЕМЕТРЫ́Я (ад бія... + тэлеметрыя),
спосаб атрымання і рэгістрацыі інфармацыі аб стане біял. аб’ектаў з дапамогай тэлеметрычнай апаратуры. Звычайна выкарыстоўваюць мініяцюрныя доўгахвалевыя радыёперадатчыкі або крыніцы радыеактыўнасці, якія прымацоўваюць на целе чалавека або жывёлы. Метад біятэлеметрыі дазваляе дакладна вызначаць месцазнаходжанне аб’екта, рэгістраваць паказчыкі перамяшчэнняў, жыццядзейнасці і паводзін арганізма (напр., рытм сардэчных скарачэнняў, т-ру цела і інш.). Выкарыстоўваюць у экалогіі, эталогіі, медыцыне, спорце, касманаўтыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЧКА, тарантас,
выязны чатырохколавы экіпаж для коннай запрэжкі, прыстасаваны для камфортнай пасажырскай язды. Кузаў быў звычайна адкрыты, больш нізкі ў сярэдняй частцы, з падножкамі для пасадкі, козламі для вазніцы, сядзеннем для пасажыраў. З’явілася ў Зах. Еўропе ў 17 ст., на Беларусі пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. (ёю карысталася пераважна шляхта і заможныя сяляне). З шырокага ўжытку выйшла ў 1930—40-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКА, альтана (італьян. altana),
драўляная ці мураваная дэкар. пабудова каркаснай (слупавой) канструкцыі для адпачынку, аховы ад сонца і ападкаў. Звычайна размяшчаецца ў маляўнічых кутках паркаў, гар. і прыгарадных зялёных зон, у дварах жылых дамоў, каля вадаёмаў і г.д. Найчасцей вырашалася ў выглядзе ратонды ў пейзажных і рэгулярных парках стыляў барока і класіцызму. У мураваных альтанках стылю класіцызму выкарыстоўваліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРА́ (грэч. agora),
у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр.гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.
Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́ЖЫО (італьян. adagio літар. спакойна, павольна). У музыцы: 1) павольны тэмп; 2) назва п’есы або часткі (звычайна 2-й) цыклічнага твора ў тэмпе адажыо. У балеце: 1) павольная сольная або дуэтная кампазіцыя; 2) асн. частка складаных танц. формаў (па-дэ-дэ, гран па і інш.); 3) комплекс рухаў каля станка і на сярэдзіне залы, які выпрацоўвае ўстойлівасць, уменне спалучаць рухі ног, рук, корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА, пачатковая школа,
у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплект. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч.г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ,
моўная з’ява, якая не адпавядае агульнапрынятаму ўжыванню; ствараецца як выразны сродак у пэўным кантэксце і не замацоўваецца як моўная норма. Аказіяналізм — звычайна словы («вершаправод», «ночапіс», «шалёнагубая»), але магчыма выкарыстанне асобных формаў у якасці новых слоў («соў», «савя» замест літ. «сава», «статуй» — «статуя») і словазлучэнняў («мяцеляцца спіцы», «навальніцы ракет»). Найчасцей утвараюцца пісьменнікамі, таму інакш наз. аўтарскімі, індывідуальна-стыліст. неалагізмамі. Набываюць значэнне паэт.тропаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАНА́НС (ад франц. assonance сугучнасць),
паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў; від гукапісу. Паэт. твору, як і алітэрацыя, з якой ён звычайна спалучаецца, надае мілагучнасць і сэнсава-эмац. выразнасць. У вершы Я.Купалы «Летам» асананс стварае радасны, бадзёры настрой: «Звоніць поле доляй, воляй, // Звоніць поле ў каласкі...». У сучаснай паэзіі часта ўжываецца асанансная (недакладная) рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́Г,
1) комплекс дрэваземляных умацаванняў нас. пунктаў сталага (жылы астрог) ці часовага (стаялы астрог) характару ва ўсх. славян у 13—18 ст.Звычайна будаваўся на мяжы княства ці дзяржавы.
2) Ахоўная агароджа з вертыкальна (прамы астрог) ці коса (касы астрог) укапаных бярвёнаў, што засцерагала месца стаянкі войска.
3) Рухомая штурмавая вежа (астрожак), якой карысталіся ў час аблогі гарадоў.