абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.

2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.

3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.

4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памяшканне для птушак і жывёлін, сценкі якога зроблены з металічных або драўляных прутоў. Клетка для птушак. Трымаць трусоў у клетцы. // Разм. Малы пакой, цеснае памяшканне. У адной клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла [Наталля] безупынна ісці на змаганне, ухарошваць жыццё кіпучым полымем рэвалюцыйнага натхнення. Гартны. // Тое, што і клець (у 2 знач.). Клетка пад’ёмніка.

2. Спосаб складання дроў, дошак, цэглы і пад. у выглядзе чатырохвугольніка. Клетка цэглы. Злажыць дровы ў клетку.

3. Чатырохвугольнік, нарысаваны, начэрчаны на паверхні чаго‑н. Клетка шахматнай дошкі. Тканіна ў клетку.

4. Элементарная адзінка будовы жывога арганізма, якая складаецца з ядра, пратаплазмы і абалонкі. Раслінная клетка. Жывёльная клетка.

•••

Грудная клетка — частка шкілета, якая складаецца з рэбраў, грудзіны, пазванкоў і змяшчае ў сабе сэрца, лёгкія, стрававод.

Лесвічная клетка — памяшканне ў доме для лесвіцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыл, ‑у, м.

1. Найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, часцей паднятыя з паверхні зямлі, якія лятаюць у паветры або аселі на паверхню рэчаў. Дарожны пыл. Мучны пыл. □ Клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй. Лынькоў. Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны. Грахоўскі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Чарнышэвіч. // Найдрабнейшыя часцінкі вады, снегу і пад. Снежны пыл, падхоплены ветрам, узнімаўся над зямлёй. Мікуліч. Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль. Лынькоў.

2. Тое, што і пылок (у 2 знач.). У пчалы на ножках Дзьмухаўцовы пыл. Узнялася з ношкай, Ледзь хапіла сіл. Калачынскі.

•••

Касмічны пыл — дробныя цвёрдыя часцінкі міжпланетнай і міжзоркавай прасторы.

Аж (толькі) пыл курыць (закурэў) — вельмі хутка (пайсці, пабегчы, паехаць і пад.).

Пусціць пыл у вочы гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.

1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.

2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.

2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.

3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.

4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.

5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.

•••

Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.

Фігурныя дужкі гл. дужка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́ткасць, ‑і, ж.

1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.

2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.

3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.

4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.

5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́йка 1, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер’ем. Над гэтым цёмна-блакітным морам усё — і яснае сонца, і белыя чайкі, і зялёныя кедры — усё такое прыгожае, што ўсяго, здаецца, узяў бы патрошку дахаты — на светлы ўспамін. Брыль. Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь. В. Вольскі.

•••

Як чайка (сойка) за мора — куды‑н. далёка (зайсці, пайсці, збірацца).

ча́йка 2, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

1. Пласкадонная лодка. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзь Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. Завуць любоўна лодку чайкай Сёл панямонскіх рыбакі. Лойка.

2. Старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аўдо́тка1 ’дробная рыбка’ (Бяльк.), невялікая азёрная рыбка’ (Нас., Грыг.), від рыбы Nemachilus barbatulus, радзей іншыя віды дробных рыб’ (Жук. 192, 194, 196, 327, 397; назва вядома ў басейнах Дняпра і Сожа), укр. авдотка, авдотька, рус. авдотка (Ліндберг-Герд, Словарь, 204; басейн Дзясны). Да аўдод, удод (гл.), параўн. таксама ўкр. удотка, рус. удотка ’тс’; магчыма, другаснае збліжэнне з уласным імем Аўдоцця (разм. Аўдотка), самым частым жаночым імем у Расіі XVIII–XIX стст., параўн. Ніканаў, Этимология–1970, 138, а таксама сведчанне, што сялянак, якія прыходзілі ў Смаленск на свята, называлі «авдотками» (Дабр.). Пад уплывам іншых размоўных форм уласнага імя Аўдоццябел. ваўдзюшка (Куч.), укр. авдошка, авдюшка, евдотка, евдошка, євдюшка, рус. авдюшка, евдотка, евдюшка, параўн. Пізані, Paideia, 8 (1953), 2, 111; Трубачоў, Дополн., 1, 6. Ледэр, Fischn., 120, у адносінах да пералічаных усходнеславянскіх форм дапускае малаверагодную з боку фанетыкі і семантыкі магчымасць змяшэння на базе народнай этымалогіі дзвюх груп назваў, што паходзяць ад удод і ад рус. вдох (параўн. асабліва рус. евдошка ’Umbra krameri’, для якой характэрна глытанне паветра з паверхні вады). Аснова збліжэння з удод, аўдод — стракатасць афарбоўкі; з уласным імем — шматлікасць.

Аўдо́тка2 ’птушка Burhinus aedicnemus’ (БелСЭ). Гукапераймальная назва, параўн. Мензбір, Птицы, 1, 231–232; у беларускай літаратурнай мове, магчыма, з рус. авдотка, параўн. беларускія народныя назвы гэтай птушкі кулік, палявы кулік, стрэпет (Федз.–Доўб., Птицы, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плоць1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плоть ’сперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutis ’скураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)