спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́сіць, трушу, трусіш, трусіць; заг. трусі; незак.

Разм.

1. Трэсціся, дрыжаць ад страху, хвалявання, баяцца. Чаго палохацца? Перад кім трусіць? Гартны. / у безас. ужыв. На гэты раз да .. [Валенты] прыйшла добрая карта .. і яго пачынала трусіць усяго. Гарэцкі.

2. каго-што. Трэсці ў час язды па дрогкай дарозе. Да Лісаветы сляпіцаю лез сон .. Каб хоць хутчэй паехаць, воз кідала б на калдобінах і трусіла, дык мо было б не да сну. Сабаленка.

3. каго-што. Трэсці дрэвы, прымушаючы падаць плады. Нехта паспеў узлезці на стары галіністы дуб і трусіў апошнія жалуды. Гамолка. // Трэсці, шукаючы чаго‑н. Немцы трусілі рэчы ў кожным доме, дзе жыў чыгуначны люд. Навуменка.

4. што. Растрасаць што‑н., церушыць. Валасы мае чэша вятрыска і трусіць, А ў халодных травах туды і сюды Валуны на пашы, як белыя гусі, Што гані не гані, а не йдуць да вады. Караткевіч.

5. што. Сыпаць у невялікай колькасці што‑н. сыпкае. Шчыпне [Аўгіня] некалькі драбінак солі і трусіць у страву. Бядуля.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Падаць дробнымі кроплямі (пра дождж). Трусіць дробны-дробны дождж, Шушукае па зямлі, прабірае праз світку да зморанага цела. Каваль. І раз-пораз, як праз сіта, трусяць кроплі дажджу. Кандрусевіч.

7. Бегчы трушком. Крокаў праз колькі [Анісім] пачуў, як наперадзе, у лагчыне, забрахаў Гуляй — ён заўсёды трусіў трошкі наперадзе свайго гаспадара. Сачанка. Пасля поўначы, будучы на варце, Гапанюк заўважыў, як хтось у цемры подбегам трусіў да свінарніка. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлы́нуць, ‑не; зак.

1. Паліцца адразу, раптоўна, пацячы патокам. З шумам хлынула вада ў канал і пабегла далей і далей, несучы з сабою пясок, кусочкі дрэва, траву. Колас. [Максім Багдановіч] хацеў нешта сказаць, але хлынула кроў з горла... С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. Расчыніліся дзверы, у аўтобус хлынула свежае, дрыготкае паветра з нейкім мяккім халодным пахам. Адамчык. Не прачнуўся.. [баец] ні ад скрыпу дзвярэй, ні ад святла, што хлынула сюды з аснежанага, сонечнага двара. Брыль. / у перан. ужыв. Паэт захапляецца сілай чалавечага розуму, мудрасцю і прагрэсам навукі, але яго турбуе, трывожыць, каб гэта навука ў руках нелюдзяў не хлынула новым горам на жыццё людзей. Бялевіч. // перан. Раптам з’явіцца, узнікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). І абаім ім [мужу і жонцы] сэрца сціскаецца, Дум усялякіх хлынула цьма. Купала. Морам хлынула ў душу Хадкевіча радасць і шчасце. Васілевіч.

2. Раптам прыліць да твару (пра кроў). Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, а ў грудзях стала пуста і холадна. Шамякін. «От халера», — папракнуў я сябе за сваю назойлівасць і тут жа сам пачырванеў — адчуў, як хлынула кроў да шчок — ад таго, што прымусіў людзей хвалявацца. Чыгрынаў.

3. Імкліва, раптоўна, усёй масай пайсці, накіравацца куды‑н. (пра людзей). Танец якраз кончыўся, і, разагрэтыя полькай, хлопцы і дзяўчаты хлынулі ў сенцы. Асіпенка. Празвінеў званок. У вагоны хлынулі людзі. Гурскі. // перан. З’явіцца ў вялікай колькасці. У майстэрню хлынулі заказы.

•••

Кроў хлынула ў галаву гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУЙНО́Й РАГА́ТАЙ ЖЫВЁЛЫ ГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мяса-малочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс. л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.

Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 1,6 млн. кароў.

На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл. табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.

Н.​І.​Жураўская.

Найважнейшыя паказчыкі развіцця гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў Беларусі (1994, усе катэгорыі гаспадарак)
Вобласці і рэспубліка Надой малака на 1 карову, кг На 100 га с.-г. угоддзяў Вытворчасць на душу насельніцтва, кг
колькасць галоў буйной раг. жывёлы, на 1.1.1995 г. рэалізацыя мяса буйн. раг. жывёлы, забойная вага, ц вытворчасць малака, ц мяса, забойная вага малака
Брэсцкая 2619 67,2 54,6 687 92 663
Віцебская 2298 52,2 33,1 512 77 610
Гомельская 2316 59,2 41,0 538 65 483
Гродзенская 2803 61,4 45,2 689 104 727
Магілёўская 2524 49,0 34,6 473 70 539
Мінская 2519 61,9 42,3 675 107* 794*
Беларусь 2509 58,4 41,5 596 70 532

* Без г. Мінск (з улікам насельніцтва Мінска ў вобласці атрымана мяса 51 кг, малака 386 кг).

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЖЭ́ННЕ,

анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал. ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш. арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.

Спіртавое браджэнне адкрыў франц. вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6∙2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.​Лавуазье (1789) і Ж.​Гей-Люсакам (1815). Л.​Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.​Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш. тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 2. М., 1985;

Кретович В.Л. Биохимия растений. 2 изд. М., 1986.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.

Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), з пач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб. з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб. з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб. з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял. Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б. СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб. з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).

У 1991 на прадпрыемствах б. СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у т. л. легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс. Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.

На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА «БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.

А.​С.​Рукцешэль.

Дынаміка вытворчасці аўтамабіляў ў свецетыс. шт.)
Год ЗША і Канада Еўропа Японія Астатні свет Увесь свет
1950 8394 1991 32 160 10 577
1960 8303 6837 482 866 16 488
1970 9444 13 033 5289 1637 29 403
1980 9334 15 445 11 043 2692 38 514
1985 13 586 16 015 12 271 2939 44 811
1990 11 711 18 651 13 487 4496 48 345
1992 11 670 17 244 12 499 5964 47 377

т. 2, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд. т), ЗША — 3,6 (445 млрд. т) і Кітай — 1,5 (272 млрд. т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксама хім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл. Газіфікацыя паліва).

Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.

У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд. т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд. т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл. Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.

Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн. т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл. табл.). <TABLE>

Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн. т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн. т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.

Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс. т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн. т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн. т) і Тонежскае (44 млн. т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн. т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн. т.

В.​М.​Сасноўскі.

Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна Усяго, млн. т На душу насельніцтва, кг Краіна Усяго, млн. т На душу насельніцтва, кг
Кітай 1291 1059 Канада 74 2500
ЗША 933 3548 Чэхія 72 6963
Індыя 280 243 КНДР 72​x) 4216
Расія 263 1773 Турцыя 58 928
Германія 251 3073 Грэцыя 54 5138
Аўстралія 244 13536 Вялікабрытанія 50 861
Польшча 200 5126 Румынія 38 1653
ПАР 195 4730 Інданезія 33 169
Украіна 84 1623 Іспанія 30​x) 752
Казахстан 83 5010 Балгарыя 28 2790

x) 1994.

Да арт. Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)