вялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па велічыні і памерах; проціл. малы. Вялікі горад. Вялікі будынак. Вялікія вокны. // Значны па колькасці. Вялікая сям’я. Вялікія грошы. □ Яны — байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот.

2. Значны па сваёй сіле, інтэнсіўнасці, якасцях. Вялікі бой. Вялікі энтузіязм, уплыў. Вялікія здольнасці.

3. Выдатны па свайму значэнню. Вялікія падзеі. // Геніяльны, таленавіты. Вялікі палкаводзец. Вялікі вучоны.

4. Большы, чым патрэбна; які перавышае звычайную меру. Вялікі каўнер. Вялікая нагрузка.

5. Дарослы. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў. Якімовіч.

6. Састаўная частка назваў, тытулаў. Вялікая зямля. Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь.

7. у знач. наз. вялі́кія, ‑іх. Дарослыя. Малыя і вялікія. □ Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон. Чорны. // вялі́кае, ‑ага, н. Значнае, важнае.

•••

Вялікая калорыя гл. калорыя.

Вялікая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Ад (з) вялікага розуму гл. розум.

Ад малога да вялікага гл. малы.

Вялікай рукі гл. рука.

Вялікая галава гл. галава.

Вялікая дарога гл. дарога.

Вялікі клопат гл. клопат.

Вялікая песня гл. песня.

Вялікая штука гл. штука.

Вялікі свет (уст.) гл. свет.

(Зрабіць) вялікія вочы гл. вока.

З вялікай ласкі чыёй гл. ласка.

На (вялікі) жаль гл. жаль.

Не вялікая штука гл. штука.

Не вялікі хлеб гл. хлеб.

Сам вялікі — сам сабе гаспадар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

больш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. Крапіва. Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся. Колас. // З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін. Чорны.

2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Лынькоў. Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды. Дуброўскі.

3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару. Бялевіч. // Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў? Чорны.

4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

•••

Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.

Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.

Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.

Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.

Куды больш — на многа больш.

Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.

Тым больш (з дап. сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.

1. што. Палажыць зверху, паверх чаго‑н. Налажыць кальку на чарцёж.

2. што. Замацаваць што‑н. на частцы паверхні чаго‑н.; змацаваць. Налажыць латку. Налажыць павязку. Налажыць шыну на нагу. Налажыць шво на рану. Налажыць гіпс.

3. што. Зрабіць якую‑н. памету, запіс, знак. Загадчык узяў квіток і рэзалюцыю налажыў. Колас.

4. перан.; што. Пакінуць след, адбітак на кім‑н. Пастаяннае жыццё ў лесе, без сну, яды, заўсёды ў небяспецы, налажыла след і на .. [Ганну]. Нікановіч. Абодва падсудныя былі бледныя: доўгае знаходжанне ў астрозе да суда налажыла на іх свой адбітак. Колас.

5. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Налажыць машыну бярвення. □ Арцём налажыў воз дроў, увязаў вяроўкамі і на ўзыходзе сонца выехаў у Глыбокае. Машара.

6. што. У спалучэнні з некаторымі адцягненымі назоўнікамі абазначае: падвергнуць таму, што выражана назоўнікам. Налажыць арышт. Налажыць спагнанне. // Назначыць штраф, падаткі і пад. Налажыць штраф.

7. чаго. Разм. Набіць, настраляць у вялікай колькасці. — Абыдзем гэты гай, — паказаў рукой дзядок, — тут летась я налажыў столькі цецерукоў. «Звязда».

•••

Налажыць галавой — прапасці, загінуць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі — скончыць самагубствам.

Налажыць пячаць — апячатаць.

Налажыць руку (лапу) на што — захапіць што‑н., падпарадкаваць свайму ўплыву.

налажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго.

Разм. Скіраваць каго‑н. на што‑н., навучыць чаму‑н. Калі адразу налажыць ..[Міхалючка] на добрае, дык і чалавек з яго будзе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. нанёс, ‑несла і ‑нясла; зак.

1. чаго. Прынесці ў нейкай (звычайна вялікай) колькасці. Нанесці яблыкаў. Нанесці кветак. □ [Партызаны] грукалі ў парозе нагамі — абівалі снег, каб не нанесці.. да стала. Пташнікаў.

2. чаго. Сваім рухам прынесці, утварыць што‑н. (пра ваду, вецер і пад.). Песню сівер запяе, Ўсе дарожкі зараўнуе, Гурбы снегу нанясе. Колас. Толькі падзівішся, адкуль гэты гарэза-вецер мог нанесці столькі вішнёвага, грушавага і бярозавага лісця, што ім забіты каляіны. Шамякін. / у безас. ужыв. Нанесла пяску. Нанесла снегу.

3. безас. што. Разм. Рухам вады, ветру наштурхнуць. Катэр нанесла на мель.

4. пераважна безас. каго-што. Разм. Нечакана з’явіцца, сустрэцца, трапіць на каго‑, што‑н. (звычайна аб чым‑н. непажаданым). Ніна памкнулася зняць вядро [з бульбай], але .. апякло, рукі. Добра, што ў гэты час нанесла Сароку. Ён адсунуў вядро на край кія. Ваданосаў. Хлопцы падаліся да машыны, відаць, у думках праклінаючы тую часіну, якая нанесла іх на вочы Леаніда Пятровіча. Карпюк.

5. што на што. Занесці якія‑н. даныя, абазначыць, адзначыць. Нанесці пункты на карту. // Надрукаваць, намаляваць і пад. Нанесці малюнак на тканіну.

6. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: прычыніць, зрабіць тое, што выражана назоўнікам. Нанесці шкоду. Нанесці паражэнне. Нанесці знявагу. Нанесці ўдар. □ Вайна нанесла вялізныя страты народнай гаспадарцы Палесся. Краўчанка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чаго. Знесці нейкую колькасць яек (пра птушак).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. напаў, ‑пала; заг. нападзі; зак.

1. Зрабіць напад з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад. На вёску напалі бандыты. Воўк напаў на чараду авечак. □ Бумажкоў чакаў, пакуль немцы збяруцца разам, каб папасці на іх нечакана. Чорны. Заставалася адно. Папоўніць дружыну суседнімі баявымі атрадамі і ў часе суда напасці на гліну, каб такім чынам выратаваць нявінных... Чарот. // З’явіцца ў вялікай колькасці (пра чарвей, вусеняў, насякомых). На капусту напаў вусень. На вазоны напала тля.

2. Разм. З прагнасцю пачаць што‑н. рабіць. Напасці на ежу.

3. Накінуцца на каго‑н. з абвінавачваннямі, папрокамі, з лаянкай і пад. На.. [Грышу] адразу напалі дзяўчынкі: — Не ведаеш, дык маўчы! — На сабе мераеш! Жычка.

4. Раптоўна ахапіць, з’явіцца (пра душэўны або фізічны стан). Напаў смех. Напаў кашаль. □ Жаль скаваў мне грудзі, І нуда папала... Колас. На старога зноў напаў страх. Новікаў.

5. Выпадкова знайсці што‑н., натрапіць, набрысці на што‑н. Напасці на паклады жалеза. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш. Колас. // Сустрэць каго‑н.; сутыкнуцца на жыццёвым шляху. Напасці на добрага чалавека. // Раптам знайсці. Нарэшце .. [Сідорык] трапна напаў на довад, якім перамог ўпартасць Адама. Шынклер.

•••

Напасці (трапіць, натрапіць) на след — атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго‑, што‑н.

Не на таго напаў (натрапіў, нарваўся) — маеш справу не з тым, на каго разлічваў; недаацэньваеш таго, з кім маеш справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рыцца, ‑рыцца; незак.

1. Станавіцца больш шырокім, павялічвацца ў шырыню; пашырацца. Днела — шырылася светлая паласа на ўсходзе. Шамякін. З-пад лемяхоў адваліліся скібы тлустай зямлі. Наперад і наперад ішоў трактар, і ўсё шырылася і шырылася ўзараная паласа. Даніленка. / Пра пачуцці, думкі і пад. — Вось хаджу я па зямлі, жыву, — і ад гэтага радасць. Яна шырыцца, яна ва ўсім, што ёсць, яна напоўніць усё. Чорны. // Разыходзіцца, раздавацца ўшырыню (пра дым, пару, полымя і пад.). Агонь рос, шырыўся. Полымя хапатліва лізала сцены, столь. М. Ткачоў. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застываў у марозным паветры. Колас. // Далёка разносіцца, разыходзіцца; нарастаць (пра гукі, песню, гамонку і пад.). А гоман шырыўся і мацнеў. Крапіва. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся. Лынькоў. А песня над садам расла, шырылася, сілу набірала. Кірэйчык. // Шырока распасцірацца, цягнуцца на вялікую адлегласць. На ўскраінах шырацца і высяцца аграмадзіны-муры. Бядуля.

2. перан. Павялічвацца, расці ў колькасці, аб’ёме і пад. Нашы сілы растуць, шырацца, Над Дзвіной стаім, над Прыпяццю На варце. Танк. Праміналі дні і ночы, Працы шырыўся разгон. Астрэйка. / Пра весткі, чуткі і пад. А пагалоска не сціхала, а наадварот — шырылася, бо неўзабаве зноў дайшла да Васіліны. Хадкевіч. // Станавіцца больш масавым. Дэманстрацыя шырылася і расла. Чорны. [Партызанскі рух] усё шырыўся і шырыўся. Шамякін. На нашай будоўлі з кожным днём шырыцца рух за камуністычную працу. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,

буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс. га, з іх у Беларусі 87,5 тыс. га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж. нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.

Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр. ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх. Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр. ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).

У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).

Літ.:

Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;

Беловежская пуща. Мн., 1980;

Ковальков М.П., Балюк С.С., Будниченко Н.И. Беловежская пуща: Аннот. библиогр. указ. отечеств. лит. Мн., 1985;

Николаева В.М., Зефиров Б.М. Флора Беловежской пущи. Мн., 1971.

В.​В.​Семакоў.

Белавежская пушча: 1 — высакародныя алені; 2 — зубры; 3 — тарпанападобныя коні; 4 — запаведная дуброва; 5 — каўнерыкавая хвоя.

т. 2, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,

недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.

У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел. к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел. патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.​Дзідро, Л.​С.​Мерсье ў Францыі, Г.​Э.​Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.​П.​Чэхава, Б.​Шоу, Б.​Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.​Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.​Коласа («Антось Лата»), Л.​Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.​Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.​Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Радавыя» А.​Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.​Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.​Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.​Марчука, «Пятля часу» Р.​Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),

геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.

Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.​Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.​Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.​Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб. стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.

На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (​14C) метадам (Л.​М.​Вазнячук, А.​І.​Зімянкоў, І.​Л.​Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс. г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн. г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн. г. назад.

Літ.:

Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;

Шкала геологического времени: Пер. с англ. М., 1985;

Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.

А.​С.​Кручак.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)