абміну́ць, ‑міну, ‑мінеш, ‑міне; ‑мінём, ‑міняце; зак., каго-што.
1. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н. Парашыўшы абмінуць пасёлак, Васіль звярнуў з дарогі, што вяла да Нырчы, і лугам пайшоў напрасцяк да ракі. Краўчанка. // перан. Прапусціць, не звярнуць увагі на што‑н. [Рыгор] не падумаў, як спланаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лозунгі. Гартны.
2. Не закрануць, не зачапіць. — Было ў мяне такое прадчуванне, Што куля першая не абміне. Пысін.
3. перан.; часцей з адмоўем. Пазбегнуць, унікнуць чаго‑н. Абмінуць бяду. □ Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць. Колас.
4. Рухаючыся хутчэй, абагнаць, апярэдзіць каго‑, што‑н. Як ішлі па садзе [мужчыны], нагналі Міхаіла Палікарпавіча, павіталіся з ім і моўчкі абмінулі яго. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш.-ласк. і зніж. да кабыла. Пярэстая кабылка худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай. Колас.
2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы і пад.).
3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.
4. Тое, што і кабыла (у 2 знач.). — Мне расцягвалі жылы і косці. І пасля гэтага я не прызнаваўся.. Але, калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Колас.
•••
Была кабылка, ды з’ездзілася — пра тое, што страціла свае вартасці, перастала быць карысным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. запрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. запражы; зак., каго-што.
1. Вупражжу злучыць (запражную жывёліну) з калёсамі, санямі і пад.; упрэгчы. На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка.., каб завезці пляменніка на станцыю. Колас. Загадаў пан запрэгчы тройку коней, сеў з фурманам і памчаўся даганяць мужыка. Якімовіч. / Пра калёсы, сані і пад. Зараз жа загадаў [пан] запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку... Чарот.
2. перан. Разм. Нагрузіць цяжкай работай, прымусіць многа працаваць. Запрэгчы ў работу. □ Маці нашай не заставалася нічога іншага, як запрэгчы ў гаспадарку мяне. Брыль.
•••
Запрэгчы ў аглоблі (у хамут) — узяўшы над сваю ўладу, прымусіць працаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любо́ў, ‑бові і ‑бві, ж.
1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н. Любоў да радзімы. □ Нарадзілася д[а]чка, і сэрца загарэлася новым пачуццём.. самай моцнай любві — любові маці. Дуброўскі. // Пачуццё прыхільнасці, сімпатыі да каго‑н. Творы Максіма Танка карыстаюцца заслужанай любоўю чытача, бо напісаны яны ад сэрца. Шкраба.
2. Пачуццё гарачай сардэчнай прыхільнасці да асобы другога полу; каханне. Вось так прыходзіць першая любоў, Нібы паводка, бурна, нечакана. Свірка. Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём, Бо любоў мяне мучыць і паліць пякельным агнём. Багдановіч. / Пра чалавека, які выклікае гэта пачуццё. Вось і любоў твая ідзе.
3. Цікавасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Любоў да педагагічнай справы. Любоў да мастацкага слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шак, ‑шку, м.
1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.
2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нада́рыцца, ‑рыцца, зак.
1. безас. з інф. Прыйсціся, выпасці каму‑н. І вось аднойчы, неяк скора пасля Айчыннай вайны, мне надарылася быць недалёка ад Лапаціч. Пальчэўскі. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка. // Здарыцца, дастацца на чыю‑н. долю. І ўжо трэба ж такому зноў надарыцца: апошні сын вымушаны апрануць на сябе шынель. Гроднеў.
2. Выдацца, выпасці. [Валя:] — Як толькі надарыцца вольная часінка — прыходзьце абавязкова. Я цяпер дома, і клопатаў у мяне мала. Пасядзіце ў садзе, адпачняце... Савіцкі. І вось надарыцца часамі Мароз над ўсімі маразамі. Колас. Ноч надарылася цёмная, без аніводнай зоркі на небе. Васілёнак.
3. Трапіцца, сустрэцца. Пакідаць карову нанач адну было рызыкоўна — мог надарыцца звер. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзвыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Экстранны, спецыяльна прызначаны, прыняты, скліканы і г. д. Надзвычайны з’евд. Надзвычайныя меры. // Выкліканы выключнымі абставінамі. Надзвычайнае становішча. Надзвычайнае заканадаўства. // Надзелены асобымі паўнамоцтвамі. Надзвычайны камісар. Надзвычайны і паўнамоцны пасол.
2. Вельмі вялікі, моцны па сваёй сіле, праяўленню. Поспех «Валад і рамансаў» Міцкевіча ў чытача быў надзвычайны. Лойка. Маладзілі мяне і давалі надзвычайнае натхненне мае гарачыя маладыя думкі. Нікановіч.
3. Тое, што і незвычайны (у 2 знач.). Надзвычайны быў гэты сход: сяляне пастанавілі выдаць савецкай уладзе ўсіх самагоншчыкаў свайго сельсавета. Бядуля.
4. Які мае вялікае значэнне. Мастацкія пераклады набылі ў апошнія гады надзвычайную актуальнасць. Палітыка.
5. у знач. наз. надзвыча́йнае, ‑ага, н. Нешта выключнае, не такое, як усё. [Прыборны] быў вялікі аматар усяго надзвычайнага, прыгодніцкага. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надтачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
1. Крыху, збольшага стачыць (на станку, тачыле і пад.). Надтачыць зубіла. Надтачыць жалязка рубанка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прагрызці, праесці што‑н. зверху, збоку, не да канца; надтачыць. Шашаль надтачыў бэльку.
надтачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Прышываннем, надвязваннем, надстаўкай і пад. зрабіць даўжэйшым. Надтачыць вяроўку. Надтачыць бервяно. □ Як ні цяжка было зноў знайсці першы канец проваду, але ўсё ж у мяне хапіла сіл зрабіць гэта, а пасля надтачыць провад і злучыць абодва канцы. Марціновіч. // перан. Разм. Зрабіць большым, падоўжыць. Зімовы дзень такі кароткі, што хоць ты яго надтачы. Сабаленка. Жыццё ж у чалавека адно. Тую частку, што выдаткаваў на абходныя шляхі, не надточыш. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.
2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.
3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.
4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насто́яць 1, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.
Зрабіць настойку або настой. Настояць чай. Настояць вішні. Настояць ягад на спірце.
насто́яць 2, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., на чым і без дап.
Тое, што і настаяць 1. Як бы ні пярэчылі ў «Новым свеце», а аб’яднацца са старыцкім калгасам усё роўна давядзецца, настояць на гэтым — ясна. Хадкевіч. У Пасадцы былі свае добрыя краўцы, але Самуіл настояў везці шыць гарнітур няйначай, як у Даўгінава. С. Александровіч.
насто́яць 3, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.
Разм. Тое, што і настаяць 2. [Юрка:] — То які, пане Халуста, гной улетку! У лесе ён увесь і астаецца. А свае ў мяне колькі тае худобы! Ці многа яна настоіць за зіму... Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)