БЯГУ́Н (Уладзімір Якаўлевіч) (1.1.1929, в. Сакі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.6.1989),
бел. філосаф, журналіст. Канд.філас.н. (1977). Скончыў Мінскую ВПШ (1962). Працаваў у рэдакцыях раённых і абласных газет, «Советской Белоруссии», «Голасе Радзімы», на Бел. радыё. З 1979 у Ін-це філасофіі і права АНБССР. Аўтар работ па гісторыі і крытыцы сіянізму і масонства.
Тв.:
Ползучая контрреволюция: Сионизм. Мн., 1974;
Вторжение без оружия. 3-е изд., испр. и доп. Мн., 1980;
Рассказы о «детях вдовы». 2-е изд., доп. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЯРЫ́ХА (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 15.11.1937, в. Горкі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-геабатанік. Канд.біял.н. (1971). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біягеацэналогіі, лесазнаўстве (аднаўленне, ахова і рацыянальнае выкарыстанне лясоў), адзін са стваральнікаў серыі спец. геабат. картаў расліннасці Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979 (разам з І.Д.Юркевічам, Д.С.Голадам);
Липняки Белоруссии. Мн., 1988 (разам з І.Д.Юркевічам, В.Л.Дольскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́ЛЯ З УСТРО́НІ,
бел. паэтэса сярэдзіны 19 ст. Жыла ў фальварку Устронь Лідскага пав. У 1850 нап.бел. паэму «Мачаха» (апубл. 1993, рукапіс у б-цы Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У творы адчуваецца ўплыў рамантызму, творча выкарыстаны нар.-песенныя матывы. «Мачаха» прасякнута любоўю да Наднёманскага краю, вызв.-патрыят. настроямі. Аўтар спачувае абяздоленай сіротцы, шчасцю якой перашкаджае злая мачаха. Сярод дзеючых асоб персаніфікаваныя сілы прыроды: злая бура, наднёманскі лес, «літоўчык»-Нёман, які абараняе смелага юнака-плыўца. Пісала вершы і на польск. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МАВА (Надзея Аляксандраўна) (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),
адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням.акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел.дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),
бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел.нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.Баршчэўскага і інш.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;
Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БРАХАМС ((Abrahams) Пітэр Генры) (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),
пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К (Даніла) (псеўд.; сапр. імя і гады жыцця невяд.),
аўтар нелегальнай гектаграфічнай брашуры на рус. мове «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае». Датавана 16.12.1882. Аўтар, студэнт-беларус Пецярбургскага ун-та, належаў да групы народнікаў. З любоўю пісаў пра свой народ, яго нац. характар. Не бачыў класавага размежавання ў бел. вёсцы, перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў справе сац. і нац. вызвалення бел. народа, ставіў перад ёю толькі асветныя задачы.
Тв.:
У кн.: Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 58—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Вольга Міхайлаўна) (4.7.1903, г. Порт-Артур — 13.9.1947),
бел. рэжысёр оперы. Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—31 артыстка БДТ-2. У 1933—47 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнічала ў стварэнні нац. рэпертуару (сааўтар лібрэта оперы «Кветка шчасця» А.Туранкова). Лепшыя пастаноўкі — «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940), «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941). З інш. работ: «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1933), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1934), «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1945), «Русалка» А.Даргамыжскага (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЁНАК (Барыс Васілевіч) (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙКА (Аркадзь Аляксандравіч) (26.1.1898, в. Дубраўкі Полацкага р-на Віцебскай вобласці — 12.12.1955),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1922), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел. і 3-м Бел. франтах, камандзір дывізіі, корпуса. У вер. 1943 байцы корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро ў Брагінскім раёне Гомельскай вобл., захапілі і ўтрымлівалі плацдарм. Да 1953 у Сав. Арміі.