вы́гнуцца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; зак.

Прыняць дугападобную форму, утварыць выгіб. Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою, Нёман, забіраў управа. Колас. Залез на дрэва — ўніз ляціш, Бяроза выгнецца дугою. Барадулін. Рэчка выгнулася тут Срэбнаю падковай. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вытвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Вырабляць, тварыць, вычвараць. [Раман:] — Здзекаваўся [князь] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. // Свавольнічаць, дурэць. [Васіль:] — Амелька, кінь ты жарты свае вытвараць. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Вельмі непрыемнае пачуццё, якое выклікаецца кім‑, чым‑н. [Юлька] адразу заўважыла, што.. [Андрыян] вельмі п’яны, і скаланулася ад агіды і страху. Марціновіч.

2. Лаянк. Нягоднік, паскуднік. Зірнуў на Богута Даніла, як на агіду, на брыду. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аба, прыназ. з М.

Ужываецца ў спалучэннях аба мне і (радзей) аба ўсім (ўсёй, ўсіх). [Зося:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. [Міхал:] — Яшчэ не дал[ей], як пазаўчора, Са мною гутарыў, смяяўся [ляснічы] І аба ўсім мяне пытаўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыжава́цца, ‑жуецца; незак.

Размяшчацца крыж-накрыж, перасякацца. Як жа здзівіліся і ўзрадаваліся прыяцелі, калі, па шчаслівай выпадковасці, сустрэліся на дарозе, там.. дзе яна крыжавалася з павароткаю на вакзал! Колас. / у перан. ужыв. Мінулае і сучаснасць крыжуюцца на ўсім працягу рамана. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыху́, прысл.

1. У невялікай колькасці; трошкі, нямнога. Выпіць крыху вады. Адрэзаць крыху хлеба.

2. Чуць-чуць; у нязначнай ступені. Пужліва-варожы змрок крыху расступіўся, парадзеў. Колас. Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрве́нцыя, ‑і, ж.

Умяшанне, звычайна ўзброенае, адной дзяржавы ва ўнутраныя справы другой дзяржавы. Замежная ваенная інтэрвенцыя. Прамая інтэрвенцыя. □ Гісторыя грамадзянскай вайны, гісторыя шмат якіх інтэрвенцый супроць Краіны Саветаў даводзіць .. [Нявіднаму], што перамога будзе на баку бальшавікоў і на гэты раз. Колас.

[Лац. interventio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каласі́цца, ‑сіцца; незак.

Выпускаць колас; каласаваць ​1. І ячмень, і авёс, і пшаніца Падымаюцца стройнай сцяной, Пачынаюць ужо каласіцца. Астрэйка. // перан. Шумець, пералівацца калоссем. Жыта буйна каласіцца, Нахіляецца чалом. Броўка. Каласяцца нівы на адваяваных ад балота ўрадлівых землях. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заінтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак, каго-што.

Выклікаць вялікую зацікаўленасць; захапіць, зацікавіць. Відаць было, што .. [Янка] хацеў заінтрыгаваць прыяцеля і не адказваў проста на яго пытанне. Колас. Заінтрыгавала Андрэя тое, што яго так хутка выклікае Паддубны — нядаўна ж былі ў яго. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаву́лак, ‑лка, м.

1. Невялікі глухі завулак. Па закавулках, з [ус]краін, у бок рыначнага вялізнага пляца, скрыпяць.. фурманкі. Бядуля.

2. Аддалены, глухі куток дзе‑н., у чым‑н.; закутак. Ён знае ўсе тут закавулкі І ўсе дарожкі ў гушчары. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)