БРОМАРГІРЫ́Т,

мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв. эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІТУ́ДНЫ ДЫСКРЫМІНА́ТАР,

прыстасаванне для вылучэння (селекцыі) эл. сігналаў, амплітуда якіх перавышае вызначанае (парогавае) значэнне. Схема амплітуднага дыскрымінатара будуецца на электронных прыладах, якія маюць рэзка нелінейную амплітудную характарыстыку (напр., дыёды). Спускавыя схемы амплітуднага дыскрымінатара дазваляюць атрымліваць на выхадзе імпульсы, форма і амплітуда якіх не залежаць ад формы першаснага сігналу. Выкарыстоўваецца ў імпульсных сістэмах тэлекіравання і тэлевымярэння пры вылучэнні карыснага сігналу з шумоў; уваходзіць у склад амплітуднага аналізатара.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-САФА́,

нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі і Бахрэйне, адно з буйнейшых у свеце. У акваторыі Персідскага зал., за 50 км на ПнУ ад порта Рас-Танура. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1963, распрацоўваецца з 1966. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 561 млн. т. Прадукцыйныя залежы на глыб. 2 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Падводны нафтаправод у порт Рас-Танура.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІЦІ́Н, α—γ-дыамінаваляр’янавая кіслата,

C5H12O2N2, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. Белыя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе і спірце, дрэнна — у эфіры. Атрымліваецца пры гніенні бялкоў і гідролізе аргініну. У свабодным стане ёсць у тканках млекакормячых і ў раслінах, уваходзіць у некаторыя антыбіётыкі (граміцыдзін С і інш.). Арцінін — каталізатар пры сінтэзе мачавіны ў арганізме праз арніцінавы цыкл, прымае ўдзел ва ўтварэнні поліамінаў, здольны ператварацца ў пралін.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́Р,

газанафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з найбуйнейшых у свеце. За 20 км на З ад г. Эль-Хуфуф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1948, распрацоўваецца з 1951. Пач. запасы нафты 10 136 млн. т, газу 1013 млрд. м³. Паклады на глыб. 1,5—3 км. Шчыльн. нафты 850—865 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Нафтаправоды ў парты Рас-Танура і Янбу.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎСМАНІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.​Гаўсмана),

мінерал падкласа складаных аксідаў, аксід марганцу Mn​2+Mn23+O4. Прымесі жалеза, цынку, барыю, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі псеўдаактаэдрычныя. Пераважна зярністыя або шчыльныя агрэгаты. Колер карычнева-чорны. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,9 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага, гідратэрмальнага ўтварэння. Уваходзіць у састаў марганцавых руд. Руда для выплаўкі ферамарганцу і легіраваных чыгуноў.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДЫ́НЯ (Gdynia),

горад на Пн Польшчы. Пабудавана ў 1924—36 як адзіны на той час порт Польшчы на Балтыйскім м. 250,6 тыс. ж. (1993). Уваходзіць у агламерацыю Труймяста (Гдыня, Гданьск, Сопат). Марскі порт. Вываз вугалю, увоз руд, збожжа, нафтапрадуктаў. Суднабудаванне, разнастайнае машынабудаванне, харч. (рыбная, тлушчавая, мясная) прам-сць. Рыбалавецкая база. 2 ВНУ, 2 т-ры, 4 музеі (у т. л. ваенна-марскі). НДІ марскога рыбалоўства.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТЫДЗІ́Н,

α-аміна-5-імідазалілпрапіёнавая к-та, C6H9O2N3, гетэрацыклічная амінакіслата; незаменная для многіх жывёл. Ёсць амаль ва ўсіх бялках. Значная яго колькасць у пратамінах спермы (малоках) рыб, у гемаглабіне крыві. Уваходзіць у састаў актыўных цэнтраў шэрагу ферментаў, з’яўляецца папярэднікам спецыфічных дыпептыдаў шкілетнай мускулатуры — карназіну, анзерыну і інш. Дэкарбаксіліраванне гістыдзіну вядзе да ўтварэння біял. актыўнага аміну — гістаміну. У шэрагу мікраарганізмаў і раслін гістыдзін служыць папярэднікам некат. алкалоідаў.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАШЧА́ТЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,83 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 600 м, найб глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 660 км². На Пд упадае р. Турэц, на З выцякае пратока ў воз. Гомель, на якой пабудавана плаціна.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Сургуцкім р-не Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі. Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Адкрыта ў 1965. Распрацоўваецца з 1970. Выяўлены 4 нафтавыя гарызонты на глыб. 1,9—2,5 км у адкладах ніжняга мелу. Паклады пластовыя, скляпенневыя, пластова-літалагічныя. Эфектыўная магутнасць пластоў 12—30 м. Шчыльн. нафты 0,87—0,89 г/см³, уключае серу 1,3—2,08%. Спосаб эксплуатацыі — законтурнае завадненне. Цэнтр здабычы г. Ніжнявартаўск.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)